Пазакласная работа. Сярод хлебаробаў-сезоннікаў і некаторыя са штатных работнікаў устаноў адукацыі раёна.

Сёлета хлебныя палеткі перажылі дзве неўраджайныя хвалі летняй спёкі, нярэдкія гэтым часам дажджы сур’ёзна «скрывілі» збожжаўборачную лагістыку гаспадарак. Прыбавілі ў кошце кожная спрыяльная хвіліна, вытворчая магутнасць, працоўныя рукі.

Сярод занятых зараз на ўборцы значыцца нямала хлебаробаў-сезоннікаў. Яны і на палубе камбайнаў, і на пляцоўках зернетокаў, і ў ролі аператараў зернесушыльных ачышчальных комплексаў. У ліку такіх і некаторыя са штатных работнікаў устаноў адукацыі раёна. Рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў вучэбна-педагагічнага комплексу «Падлескі дзіцячы сад – базавая школа» Вячаслаў Мазюк працуе аператарам ЗСК у ААТ «Жарабковічы», настаўнік Конькаўскага ВПК «ДС – СШ» Сяргей Шпак убірае хлеб у тых жа «Жарабковічах» – ён камбайнер. Як і настаўнік сярэдняй школы № 1 горада Ляхавічы Васілій Лемяшэўскі, які ў складзе сямейнага экіпажа камбайна працуе на палетках Лунінецкага раёна.
На перыяд жніва і падчас свайго працоўнага водпуску настаўнік Начаўскай сярэдняй школы Алег Іваноўскі прыйшоў на дапамогу мясцовай гаспадарцы. Працуе аператарам аднаго з ЗСК ААТ «Нача». Відавочна, што са сваімі «пазакласнымі» абавязкамі зернесушыльшчык з вопытам і стажам Алег Мікалаевіч спраўляецца ў поўнай і нават больш таго меры. Інакш з чаго б гэта – Падзяка Брэсцкай абласной арганізацыі прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Уручэнне ўзнагароды і прызоў, «раздачу» віншаванняў і пажаданняў старшыня арганізацыі Іван Васіленка выканаў асабіста і з задавальненнем.
Аператар ЗСК Алег Іваноўскі працуе ў тандэме са старшым аператарам Яўгеніем Генеральскім.
– Няпросты сезон. Фактычна ўсё паступаючае з палёў зерня даводзіцца дасушваць. Здаецца, не было таго дня, каб комплекс працаваў толькі ў рэжыме даачысткі. Дажджы зачасцілі, – разважае Жэня ў адказ на пытанне аб адметнасцях сёлетняй работы. Работы, за якую старшы аператар ЗСК, а па-за сезонам слесар жывёлагадоўчай фермы таксама заслужыў Падзяку прафесійнага саюза. Толькі ў яго выпадку раённага – работнікаў АПК.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.