Урачысты, святочны і лагічны Лагішын. Першым у краіне абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021» адсвяткаваў «Першы рэгіён»

Каравай новага ўраджаю — кіраўніку Брэстчыны Юрыю Шулейку

А святкаваць было што: Брэстчына традыцыйна ўваходзіць у лік «топаў» рэспубліканскага АПК. У сёлетнім сезоне ўборачная плошча збожжавых і зернебабовых (без уліку цеплалюбівых кукурузы, грэчкі, проса) складала 336 з паловай тысяч гектараў. І хоць анамальная гарачыня і сухасць чэрвеня – ліпеня некалькі «засушылі» колас – у параўнанні з мінулым годам сярэдні абласны гектар аказаўся цэнтнераў на пяць больш лёгкім, – святкаваць было што. Пры сярэдняй ураджайнасці 34,9 цэнтнера на круг сабрана амаль 1,2 мільёна тон зерня.
І было каго ўшаноўваць: ва ўборцы ўдзельнічалі каля 1400 камбайнавых экіпажаў, многія сотні вадзіцеляў аўтамабіляў. Пад камандай аператараў пасляпалявую дапрацоўку зерня ажыццяўлялі больш як чатыры сотні зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. Для самых лепшых з ліку гэтых і іншага профілю хлебаробскіх прафесій жніво лагічна завяршылася ў Лагішыне.


Пра тое, куды і дзеля чаго дэлегацыя Ляхавіччыны на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Марозам у складзе «намінаваных» на абласны хлебаробскі тытул працаўнікоў кіраўніцтва сельгасарганізацый і АПК раёна накіроўваецца, нагадвалі тэматычныя інсталяцыі. Крэатыўна і задоўга да пункта прыбыцця настойлівымі літарамі «запрашалі на «Дажынкі». І чым бліжэй да Лагішына, тым часцей і, здавалася, гучней было гэта запрашэнне.


Гарадскі пасёлак, які за сваю доўгую гісторыю быў і горадам, і цэнтрам аднайменнага раёна, сустрэў фестываль істотна абноўленым. Свежыя фарбы, рэалізаваныя новыя ідэі суправаджалі святочную калону дэлегацый раёнаў вобласці на ўсім больш як кіламетровым шляху следавання да эпіцэнтра дажыначных урачыстасцяў. Як і ўсмешкі публікі, аб’ектывы фотакамер, апладысменты. Усё ў гонар герояў жніва, якое было няпростым, але дастаткова выніковым.
У тым ліку і пра гэта з галоўнай фестывальнай сцэны гаварыў старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка ў сваёй віншавальнай у гонар працаўнікоў вёскі прамове. Пра прызнанне заслуг «Першага рэгіёна» краіны ў фарміраванні яе харчовай бяспекі гаворыць і Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, які агучыў і ўручыў старшыні аблвыканкама кіраўнік справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік Кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў.

І вось яны – рыцары палёў і героі жніва. У тым ліку і ляхавіцкія, якія вызначыліся на жніве-2021 і былі адзначаны на галоўнай «дажыначнай» пляцоўцы. Старшы камбайнер ААТ «Жарабковічы» Андрэй Дзянішчык сваю заслужаную ўзнагароду і віншаванні прымаў асабіста ад старшыні аблвыканкама. Андрэй з тых хлебаробаў, хто ў намінацыі «экіпажы збожжаўборачных камбайнаў» заняў першае месца. Такой жа ўзнагароды, аднак у спаборніцтве маладзёжных экіпажаў удастоіліся старшы камбайнер Георгій Жук і камбайнер Уладзімір Баўтрукевіч з тых жа «Жарабковіч». З той жа –  жарабковіцкай – кампаніі старшы камбайнер Віктар Клемяня і экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Сарнацкага і камбайнера Ільі Гусева, якія ў спаборніцтве экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў і маладзёжных экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў адпаведна занялі другое і трэцяе месцы.
Старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко атрымаў узнагароду ад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко –
як кіраўнік гаспадаркі, што стала адным з пераможцаў агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні машынных двароў. Далей –
працяг феерыі ААТ «Жарабковічы»: галоўны аграном гаспадаркі Яўгеній Цярпіцкі быў адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ Антон Булаты атрымаў адзнаку Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза – як кіраўнік сельгасарганізацыі, якая дасягнула найвышэйшай ураджайнасці зерневых.
«Дажынкі» працягваліся: у фармаце святочнага канцэрта, не менш святочнага «Горада майстроў». І, што адметна і асабліва прыемна, у абодвух выпадках з удзелам майстроў сцэны з аграгарадка Навасёлкі і рамёстваў з Дарава і Адахаўшчыны Ляхавіцкага раёна.
Бывай, Лагішын. І прывітанне, Целяханы, скажам мы праз год.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Ніны ПРЫХАЧ.


На сцэне навасёлкаўская «Вечарніца»
Выстава Дараўскага Дома  рамёстваў

Выстава Адахаўшчынскага  Дома  народнай  творчасці