Прыгажосць выратуе свет. Кампазіцыя ляхавіцкіх камунальнікаў у Лагішыне прызнана адной з лепшых

Адсвяткаваў, адсалютаваў высокімі ўраджаямі і гучнымі перамогамі, адшумеў вясёлым настроем абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2021». Зноў вярнуліся да сваіх сялянскіх клопатаў героі жніва. Напэўна, у гарадскім пасёлку Лагішын яшчэ доўга будуць узгадваць непаўторную атмасферу, якая панавала ў мінулыя выхадныя. І, канешне ж, падарункам ад хлебаробскага фэсту застануцца добраўпарадкаванасць тутэйшых вуліц, новабудоўлі і малыя архітэктурныя формы ад прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з усёй Брэстчыны.

Па традыцыі за тыдзень-другі да «Дажынак» праходзіць абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Лепшы рабочы зялёнага будаўніцтва». Удзельнічаюць у ім усе камунгасы вобласці. Сёлетнія «Дажынкі» не сталі выключэннем. Прадстаўлена 19 кампазіцый ад кожнай ЖКГ. Гонар Ляхавіччыны абараняла крэатыўная каманда камунальнікаў у складзе Аляксандра Капузы, Веранікі Кіршэўскай, Іны Зубік, Наталлі Вітко, Святланы Саласцеевай, Дзмітрыя Юруця. Каб увасобіць задуманае, спатрэбілася каля дзесяці гадзін стараннай працы.
Асаблівасць конкурсу ў тым, што ацэньваць кампазіцыі даверана прадстаўнікам каманд-удзельніц. Дэлегат кожнага звяна-канкурсанта вызначаў месцы з 1 па 18, за выключэннем сваёй кампазіцыі.
Майстар участка добраўпарадкавання КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Святлана Саласцеева расказала, што крытэрыі ў народнага журы былі высокія, улічваліся практычныя навыкі кветкаводаў і дызайнераў, падбор  расаднага матэрыялу, эстэтычнае  афармленне і г. д. Тым больш прыемная перамога. У сваёй катэгорыі кампазіцыя «Прыгажосць выратуе свет» аўтарства звяна з Ляхавіцкай ЖКГ заваявала трэцяе месца.
Чым пакарыла работа нашых землякоў?
У цэнтры ў абрамленні сэрца глобус з галубамі, а вакол кветкавы рай з літарамі – назвай сёлетняга гаспадара фестывалю-кірмашу.
Дарэчы, гэта перамога не першая ў скарбонцы ляхавіцкіх ландшафтных дызайнераў.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі, падарункамі, грашовымі прэміямі ад арганізатараў конкурсу – Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў і БАУП «Упраўленне ЖКГ».
– Гэта не проста конкурс, а вучоба на практыцы, абмен ідэямі, задумамі. Якія ж творчыя, актыўныя і крэатыўныя мае калегі! Падглядзелі нямала цікавых ідэй і плануем іх увасобіць у сваіх праектах. Так што землякоў чакаюць сюрпрызы, – адзначае Святлана Саласцеева.

Галіна КАНЬКО.