Студатрадаўскае адзінства. Рэспубліканскі форум студэнцкіх атрадаў БРСМ прысвяціў Году народнага адзінства

Больш за сем сотняў удзельнікаў працоўнага руху з усіх абласцей краіны сустрэліся на рэспубліканскім форуме студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Адзінства», што праходзіў 15–16 верасня ў Палацы Рэспублікі. БРСМ прысвяціў яго новаму дзяржаўнаму святу – Дню народнага адзінства. Сярод удзельнікаў форуму – першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава і навучэнкі Ляхавіцкага агракаледжа Аляксандра Савеня, Лізавета Бародзька, Марыя Палушына (на здымку).

Дар’я Марозава расказала, што цэнтральным мерапрыемствам форуму стаў рэспубліканскі марафон студэнцкіх атрадаў, які стартаваў падчас гала-канцэрта майстроў мастацтваў і творчых калектываў студэнцкіх атрадаў. Марафон ахопіць усе рэгіёны і фінішуе падвядзеннем вынікаў трэцяга працоўнага семестра, у снежні назаве лепшых удзельнікаў руху. Хвалюючым момантам сустрэчы стаў удзел у інсталяцыі «Адзінства моладзі – сіла Беларусі». Юнакі і дзяўчаты выканалі на Кастрычніцкай плошчы дзяржаўны гімн.
– На форуме пастаўлены задачы і вызначаны мэты дзейнасці студэнцкіх атрадаў. Напрамак гэты для моладзі актуальны і важны, бо студатрад дае магчымасць атрымаць працоўныя навыкі, а таксама падзарабіць, завесці добрых сяброў, – падкрэслівае першы сакратар райкама БРСМ.
Навучэнка чацвёртага курса Ліза Бародзька летам працавала ў студэнцкім атрадзе імя Кірылы Арлоўскага. Будучы плодаагароднік разам з іншымі байцамі добраўпарадкавала агракаледжскі сад. Працоўны час, па словах Лізы, пралятаў хутка. Яна дзеліцца, што
форум у сталіцы стаў яркай падзеяй, і ўдзельнічаць у ім вельмі ганарова. Цікава было не толькі сустрэцца з равеснікамі і падзяліцца напрацоўкамі, але і абмяняцца поглядамі, пачуць іх думкі і ідэі наконт перспектыў развіцця студатрадаўскага руху і яго ролі ў жыцці моладзі.
– Вельмі карысным быў удзел у адкрытым дыялогу. Пачула адказы на многія хвалюючыя пытанні. Важны момант форуму – ускладанне кветак да Памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Беларусі – стэлы «Мінск –  горад-герой», наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пабывалі на экскурсіі на кандытарскай фабрыцы «Слодыч»,  — дзеліцца навучэнка Ляхавіцкага агракаледжа.
З пачатку года на Ляхавіччыне працавалі 13 студэнцкіх атрадаў педагагічнага, сельскагаспадарчага і экалагічнага профіляў, у якіх было задзейнічана 116 чалавек.
Юнакі і дзяўчаты працавалі важатымі, падсобнымі рабочымі, прымералі ролю дарожнікаў і г. д. Плённа шчыравалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі раёна, дапамагалі сельгасгаспадаркам на ўборцы ўраджаю, рабілі адпачынак дзяцей яркім і незабыўным.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.