Свята пры любым раскладзе. Педагогі Ляхавіцкага раёна прымалі шчырыя віншаванні з прафесійным святам

Дзень настаўніка – свята, на якое не могуць паўплываць ніякія жыццёвыя і іншыя абставіны. Яго адзначаюць заўсёды і масава. У раёне з-за эпідсітуацыі раённае свята не ладзілі, затое ў навучальных установах Ляхавіччыны напярэдадні прафесійнага дня хлопчыкі і дзяўчынкі віншавалі педагогаў прыгожа і ярка.

Фармат і сцэнарый у кожнай школе індывідуальны, прадуманы ў дэталях і падрабязнасцях. Ва ўсіх арганізавана адметнае ранішняе прывітанне і, канешне, мноства кветак і пажаданняў.
У раскладзе дня – святочныя канцэрты і прыемныя сюрпрызы. У СШ № 2 і Падлескім ВПК, напрыклад, арганізавалі дзень самакіравання – і настаўнікам прыемна, і рабятам карысныя ўрокі праф-
арыентацыі. Пра ўсё гэта расказалі фотаздымкі і паведамленні, якія школы раёна даслалі ў «ЛВ». Святочны альбом можна «пагартаць» на сайце і ў сацсетках.
Шэраг педагогаў раёна адзначаны граматамі і падзякамі рознага ўзроўню. Падпісаны загад аб узнагароджанні Граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама загадчыц дашкольных устаноў Ларысы Бобер, Алены Валах, Алены Герус і Наталлі Касцюк, галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалая Прыхача, педагога дадатковай адукацыі Уладзіміра Ліска. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч пабывала ў Дараўскім ВПК і ўручыла Грамату райвыканкама намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дараўскага ВПК Алене Бортнік.
У школах раёна, канешне, памятаюць пра сваіх ветэранаў-педагогаў. Ім ад навучэнцаў адрасаваны самыя шчырыя словы ўдзячнасці за вопыт і мудрасць. Як расказалі педагогі-арганізатары Начаўскай СШ Святлана Падгурская і Падлескага ВПК Ларыса Глеб, рабяты – піянеры і члены БРСМ – наведалі і павіншавалі настаўнікаў пажылога ўзросту з кветкамі, песнямі і вершамі.
Святочны канцэрт прайшоў і ў аграрным каледжы. Тут навучэнцы прызнаваліся ў сваіх пачуццях выкладчыкам, дзякавалі ім за прафесіяналізм, разуменне і падтрымку. А цудоўны настрой забяспечылі песенна-музычныя нумары.

Наталля ПЕРАПЕЧКА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ
Фота з архіва школ раёна.

СШ №1

Падлескі ВПК дзіцячы сад-базавая школа

СШ №2

Ляхавіцкі аграрны каледж