Выдатная сямёрка. Жыхарка аграгарадка Жарабковічы ўзнагароджана ордэнам Маці

Шчаслівая! І гэта адчуваецца ў шчырай усмешцы, зіхаценні вачэй, узнятым настроі і той натхнёнасці, энергіі, якія фантануюць у гэтай абаяльнай маладой жанчыны. Знаёмцеся: наша зямлячка, жыхарка аграгарадка Жарабковічы Таццяна Халопіца (на здымку).
Сёлета яна была ўзнагароджана ордэнам Маці. 

Таццяна працуе аператарам машыннага даення ў ААТ «Жарабковічы» на МТФ «Чашчы». Яе прозвішча неаднойчы гучала сярод лепшых з лепшых жывёлаводаў гаспадаркі.
– Адказная, добрасумленная, працавітая, гатовая заўжды прыйсці на дапамогу. Упэўнена, яна ніколі не падвядзе. Умее працаваць у калектыве і клапоціцца пра сваіх падапечных рагуль, – гаворыць намеснік дырэктара «Жарабковічаў» Алена Навалочка.
Дарэчы, у гэтым сельгаспрадпрыемстве шчыруе і муж Таццяны. Мікалай Халопіца – электраманцёр, але ўжо другі год запар падчас жніва перакваліфікоўваецца ў аператара зернесушыльнага комплексу. Вось і на сёлетняй уборцы на выдатна здаў жніўны экзамен, на ЗСК працаваў без стомы і днём і ноччу па 12 га-
дзін у суткі. Менавіта дзякуючы «Жарабковічам» і нарадзілася калісьці новая сям’я. Мікалай прыехаў з Нясвіжа працаваць у гаспадарку, дзе і пазнаёміўся з Таццянай. Сустракаліся паўтара года, а потым і вяселле згулялі.
– Нараджэнне кожнага дзіцяці – падзея вельмі шчымлівая. Кожны раз, нібы ўпершыню, – бяссоныя ночы, першы зубік, першае слова,
першыя крокі. Вельмі хвалявалася, дзякуй мужу, ён ва ўсім падтрымліваў. Не спыняюся сцвярджаць: з Мікалаем мне вельмі-вельмі пашанцавала. Спадзяюся, што і яму са мной, – з усмешкай гаворыць Таццяна. І тут жа чуецца дапаўненне ад Мікалая:
– Канешне ж, і мне ўдача выпала. Мы з Таняй адно цэлае. У нас такія цудоўныя дзеці. Галоўнае ў любой сям’і – любоў, узаемапавага, уменне дараваць і яшчэ адна важная акалічнасць – іншы раз прамаўчаць.
Лёс наканаваў Таццяне і Мікалаю стаць мнагадзетнымі бацькамі і падарыў ім пакуль выдатную пяцёрку – чатыры дачушкі і сыночка. Самай старэйшай дачцэ Аляксандры 13 гадоў.
У 2012 годзе нарадзілася Валерыя, 2014-м – Варвара, 2016-м –
Яўгенія, 2017-м – Арсеній.
– Ці планавалі мы вялікую сям’ю? Адназначна не. Хаця і я, і муж раслі ў вялікіх сем’ях. І мы не на словах ведаем, як гэта важна –
дапамагаць, падтрымліваць, адчуваць адзін аднаго. Пры кожнай цяжарнасці спадзяваліся, што будзе сыночак, але нараджаліся нашы прыгажуні. І вось на пяты раз – Арсеній. Дачакаліся, – расказвае мнагадзетная матуля.
Дарэчы, імя кожнаму дзіцяці галава сям’і давяраў выбіраць жонцы, і выбар яму падабаўся.
Як адзначаюць абодва, цяпер нават і не ўяўляюць, што ў дачок і сына маглі б быць іншыя імёны.
Пра сваіх дзетак Таццяна можа расказваць бясконца. Яны такія розныя, са сваімі звычкамі і характарамі, здольнасцямі і схільнасцямі, але, па словах мамы, падобны знешне на тату. Усе пяцёра вельмі энергічныя і аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку. Хаця, напрыклад, Аляксандра даволі вальготна адчувае сябе ў інтэрнэт-прасторы, спрабуе сябе ў якасці блогера. Варвара і Яўгенія любяць танцы і нават мараць звязаць будучую прафесію з імі. Арсеній, як сапраўдны мужчына, марыць быць дужым, таму займаецца барацьбой. Хто ведае, можа падрастае на Ляхавіччыне будучы алімпійскі чэмпіён. У гэтай сям’і любяць радаваць
адзін аднаго. Ёсць і агульнае любімае ўсімі свята – Новы год, калі шмат падарункаў, пануе асаблівая атмасфера вясёлага настрою.
Сёлета ў ліпені Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб узнагароджанні 153 жанчын, якія выхавалі пецярых і больш дзяцей, ордэнам Маці. Сярод тых, хто атрымаў такую высокую ўзнагароду, і наша зямлячка
Таццяна Халопіца.
– Калі ўручалі ордэн Маці на раённых «Дажынках», то надзвычай хвалявалася. Я ўвогуле чалавек не публічны. А тут такая ўвага, вакол шмат людзей – маіх землякоў. Разумею і адчувала, наколькі гэта ганарова і пачэсна. Хаця, з іншага боку, я нічым не адрозніваюся ад сотняў жанчын, якія гадуюць дзяцей. Прыемна, што дзяржава клапоціцца пра жанчын-маці, дапамагае мнагадзетным сем’ям. Вось і сёлета атрымалі істотную фінансавую падтрымку ад дзяржавы на падрыхтоўку дзяцей да школы. Ды і гаспадарка, дзе з мужам працуем, не забывае пра мнагадзетныя сем’і. Дзякуй
усім, – адзначае Таццяна Віктараўна.
На пытанне, хто ў вялікай сям’і галоўны, Таццяна не раздумваючы адказвае:
– Канешне, муж. Каб ордэн уручалі мужчынам, мой Мікалай напэўна стаў бы адным з прэтэндэнтаў. Магу прывесці шмат довадаў на яго карысць. На працу я прачынаюся ў чатыры гадзіны раніцы – дойка чакаць не будзе. Таму ў школу, садок дзяцей збірае бацька. Ён і дапаможа апрануцца, і дзяўчатам прычоскі паробіць. Старэйшыя малодшым дапамагаюць. А як смачна ён гатуе! Асабліва ўдаюцца мясныя рэцэпты. Я больш спецыялізуюся на першых стравах.
Уяўляеце, як нялёгка даводзіцца двум мужчынам – даросламу і дашкольніку ў прыгожым царстве. Але ў Мікалая Валер’евіча іншае меркаванне:
– Нашы дзяўчаты самыя выдатныя, прыгожыя, разумныя, добрыя, вясёлыя. З імі не засумуеш. Мы з Арсеніем моцна іх любім.
Пакуль сям’я Халопіцаў жыве ў Жарабковічах ва ўтульным доме разам з бацькамі Таццяны. Але ў бліжэйшых планах – купіць уласнае жыллё, і гэта ў абавязковым парадку будзе сельская мясцовасць, аграгарадское жыццё ім падабаецца. Менавіта на куплю дома плануюць зрасходаваць і частку сямейнага капіталу – яшчэ адзін важны аспект дзяржаўнай падтрымкі мнагадзетных сем’яў у нашай краіне.
Таццяна Халопіца не матэматык, яна мнагадзетная мама, прыгожая жанчына, любячая і любімая жонка. Але яна прыдумала сваю формулу шчасця і з задавальненнем расказвае пра яе чытачам раёнкі:
– Муж плюс жонка, плюс дзеці. Усё гэта, памножанае на любоў, веру, надзею, раўняецца шчасцю. І аўтары шчасця – наша выдатная сямёрка – сем дружных «я» ці проста і зразумела – сям’я.
Ёсць у нашай гераіні любімы прыгожы занятак – вырошчванне пакаёвых кветак. Вось толькі пакуль у Таццяны не хапае на іх часу і месца. Але ўсё ж яна марыць, што як толькі сям’я пераедзе ў свой дом, то ён напоўніцца не толькі любоўю і ўтульнасцю, але і кветкавым аздабленнем.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.