Фарміруем пенсію самі. У мінулы чацвер раённыя інфармацыйна-прапагандысцкія групы працавалі на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны

Адна з іх – пад кіраўніцтвам намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Наваграна – пабывала на сходзе работнікаў ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». З навед-вальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН сустрэлася ІПГ, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. ІПГ працавалі ў СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», КУПВ АПП «Ляхавіцкая архітэктура».
«Добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай
пенсіі – даступны спосаб павысіць даход у пенсійным
узросце» і «Работа арганізацый ЖКГ Брэсцкай вобласці па паляпшэнні якасці прадастаўляемых насельніцтву паслуг» – асноўныя тэмы, што абмяркоўваліся на сустрэчах.


Тэма, як павялічыць уласную пенсію, апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. І нагода для такіх размоў ініцыявана на самым высокім дзяржаўным узроўні. Сёлета 27 верасня Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 367 «Аб добраахвотным страхаванні дадатковай накапляльнай пенсіі». Адпаведна яго з 1.10.2022 года
ўводзіцца дадатковы від пенсійнага страхавання – добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы. Зразумела, што тут ключавое слова – дадатковай. Канстытуцыйныя гарантыі па сацыяльным забеспячэнні грамадзян (пенсіі па ўзросце, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля) застаюцца нязменнымі: усе гарантыі дзяржавы па працоўных пенсіях і іх павышэнні будуць абавязкова выконвацца. Разам з тым, у адрозненне ад дзеючых відаў страхавання пенсій, пры страхаванні дадатковай пенсіі з прымяненнем нормаў Указа задзейнічаны новы фінансавы стымул – дзяржаўнае сафінансаванне. Яно заключаецца ў тым, што частка ўзносаў на накапляльную пенсію аплачваецца за кошт дзяржавы. Значыць, і зноў дзяржава акажа матэрыяльную падтрымку работнікам, якія прымуць рашэнне самастойна паўплываць на свой даход, калі выйдуць на пенсію.
Растлумачаны прынцып дзеяння праграмы: з 1 кастрычніка наступнага года работнік, які пажадае ўдзельнічаць у страхаванні, у дапаўненне да абавязковага аднапрацэнтнага ўзносу на працоўную пенсію зможа плаціць дадатковы ўзнос на накапляльную пенсію, яго памер кожны выбірае сам, аднак вызначана максімальная норма – дзесяць працэнтаў ад фактычнай заработнай платы. І гэта не ўсё. Падключаецца і работадаўца, які абавязаны плаціць узнос у памеры ўзносу работніка, але не больш за тры працэнты.
У якасці прыкладу: работнік выбірае ўзнос на накапляльную пенсію ў памеры аднаго працэнта ад зарплаты. Тады яшчэ адзін працэнт даплаціць яго наймальнік. Такім чынам, у добраахвотныя пенсійныя зберажэнні паступіць узнос у памеры два працэнты ад фактычнай зарплаты. Максімальна магчымы агульны ўзнос па гэтай пенсійнай праграме складзе 13 працэнтаў: дзесяць працэнтаў – узнос работніка, тры працэнты – работадаўца.
Падкрэслена, што пры ўступленні работніка ў новую праграму расходы яго работадаўца на выплату пенсійных узносаў не павялічацца. А вось непасрэдна для ўдзельнікаў праграмы прадугледжаны шэраг фінансавых стымулаў. Акрэслены падчас сустрэч і іншыя важныя моманты.

Андрэй НАВАГРАН, намеснік старшыні райвыканкама:
– Памер пенсій цяпер вылічваецца з улікам стажу і заработнай платы работніка. На сёння сярэдняя пенсія па ўзросце складае
545 рублёў. Прадугледжваецца дзеянне некалькіх механізмаў, каб кожны чалавек мог самастойна паўплываць на памер свайго даходу пасля спынення працоўнай дзейнасці. Так, для работнікаў, якія ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, адрасаваны прынцып адкладзенай пенсіі. Тады прымяняецца наступны алгарытм: калі чалавек прадаўжае працаваць пасля прызначэння пенсіі па ўзросце, ён можа адмовіцца ад яе атрымання. У такім выпадку пасля звальнення да пенсіі будзе выплачвацца дадатковая прэмія.Памер прэміі прагрэсіўна павялічваецца ў залежнасці ад колькасці поўных гадоў ці месяцаў такой работы. Адпаведна, чым даўжэй перыяд работы без пенсіі, тым вышэй памер прэміі. Напрыклад, за пяць гадоў работы без атрымання пенсіі можна павялічыць яе памер у 1,7-1,8 раза. Лічу такую даплату істотнай падтрымкай для чалавека на заслужаным адпачынку.
Улічваюцца і інтарэсы больш маладых работнікаў. Ім адрасаваны праграмы добраахвотнага пенсійнага страхавання. Растлумачу падрабязней. Наймальнік ці сам работнік заключае дагавор са страхавой арганізацыяй і пачынае плаціць дадатковыя ўзносы. Пры дасягненні пенсійнага ўзросту з назапашаных узносаў і даходаў ад іх інвеставання выплачваецца дадатковая пенсія. Калі чалавек прыняў рашэнне не аднаразова, а на працягу пэўнага перыяду атрымліваць страхавое забеспячэнне – у выглядзе дадатковай пенсіі, то можа яе мець пажыццёва або выбарачна – на працягу трох, пяці, дзесяці ці пятнаццаці гадоў. У накапляльнай пенсійнай праграме памер перыядычнай выплаты пенсій залежыць не толькі ад колькасці зберажэнняў, але і перыяду, на працягу якога будзе выплачвацца пенсія да заканчэння зберажэнняў. Зразумела, чым карацей тэрмін атрымання пенсіі, тым вышэй яе памер. Дадам, што вышэйназваныя праграмы на сёння ў Беларусі прапаноўваюць дзве
страхавыя арганізацыі: РУСП «Стравіта»  і СТАА «Прыорлайф».
Дапаўненне дзяржаўных пенсій накапляльнымі дабаўкамі – карпаратыўнымі пенсіямі ад работадаўцаў, асабістымі пенсійнымі зберажэннямі работнікаў – шырока практыкуецца ў эканамічна развітых краінах. Менавіта спалучэнне некалькіх узроўняў пенсійнай сістэмы дазваляе падтрымліваць высокі ўзровень даходаў чалавека на пенсіі.

Святлана ЮРЛЕВІЧ, намеснік старшыні райвыканкама:
– У аснове дзяржаўнай палітыкі нашай краіны заўжды быў і застаецца чалавек. Прыярытэт – сацыяльная абарона і падтрымка беларусаў старэйшага пакалення ў любых умовах і пры любых абставінах.
Прэзідэнт краіны, выступаючы на VI Усебеларускім народным сходзе, падкрэсліў, што «сацыяльная дзяржава – наш нязменны сацыяльны брэнд». І такі шматбаковы дзяржаўны клопат тычыцца ў тым ліку і грамадзян сталага ўзросту, якія шмат працавалі, будавалі краіну, выхоўвалі падрастаючае пакаленне, прымнажалі гонар і славу Беларусі. Намаганні дзяржавы па забеспячэнні ўстойлівага росту пенсій, паляпшэнні сацыяльнага асяроддзя паступова мяняюць якасць жыцця пажылых грамадзян. І не дзіўна, што нашы пенсіянеры сталі жыць лепш. Напрыклад, калі на пачатку гэтага стагоддзя сярэдняя пенсія па ўзросце была фактычна на ўзроўні пражытачнага мінімуму пенсіянера, то сёння яна перавышае гэты бюджэт у 2,4 раза.
І яшчэ адна лічба: за мінулую пяцігодку пенсіі з улікам інфляцыі выраслі ў 1,2 раза.
Яшчэ адзін важны аспект – беларусы сталага ўзросту сталі жыць даўжэй. За апошнія дзесяцігоддзі чаканая працягласць жыцця грамадзян павялічылася ў сярэднім  на 2,3 года.
Разам з тым, мяняюцца і погляды, інтарэсы грамадзян пажылога ўзросту. Сёння пры выхадзе на заслужаны адпачынак землякі жадаюць не толькі клапаціцца пра родных і блізкіх, але і захоўваць актыўнасць, прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, падарожнічаюць, займаюцца любімымі справамі. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН, удзельнікі народнага клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна» на справе дэманструюць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:
– Наша інфармацыйна-прапагандысцкая група сустракалася з работнікамі СВК «Ляхавіцкі». Лічу, што адбыўся па-сапраўднаму канструктыўны дыялог. Відавочна, што працаўнікам неабыякавы ўзнятыя тэмы, людзі не толькі ўважліва слухалі, але і задавалі пытанні, напрыклад, пра парадак фарміравання пенсій і добраахвотнае страхаванне. Адзначу, што добраахвотнае страхаванне дадатковай накапляльнай пенсіі – рэальны і даступны для кожнага чалавека спосаб павысіць уласныя даходы пасля выхаду на пенсію. Сённяшнія пенсіянеры куды больш актыўныя. І іншы раз, каб рэалізаваць усе планы і задумкі ў пажылым узросце, пенсіі недастаткова. Вось чаму і патрэбны дадатковыя крыніцы
даходу для тых, хто на заслужаным адпачынку. У дакладзе на VI Усебеларускім народным сходзе Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць паэтапнага ўвядзення элементаў накапляльнай пенсійнай сістэмы, што дазволіць кожнаму работніку павялічыць свае даходы, стварыць так званую «падушку бяспекі» пасля спынення работы ў сувязі з выхадам на пенсію. Такім чынам, кожны можа паклапаціцца пра сваё фінансавае заўтра. Плюсаў у такой праграмы шмат, галоўнае, што можна загадзя на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці добраахвотна фарміраваць дадатковыя пенсійныя паступленні пры абавязковым удзеле работадаўца, які абавязаны выплачваць сваю частку ўзносу.
Прычым, цікавіліся аспектамі дадатковай накапляльнай пенсіі грамадзяне, якім яшчэ да пенсійнага ўзросту нямала часу. А гэта сведчыць пра тое, што землякам неабыякава, якім будзе іх затраўшні дзень і дабрабыт на заслужаным адпачынку.
Неабходнасць работы ІПГ якраз і заключаецца ў тым, што гэта не толькі асветніцкая, растлумачальная работа, калі людзі атрымліваюць цікавую інфармацыю на рэспубліканскіх фактах, але і мясцовага ўзроўню, а таксама адказы на хвалюючыя пытанні, дапамога на прафесійным
узроўні.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.