Тэрміновы статус. 22 кастрычніка ў гарадскім Доме культуры адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная адпраўцы юнакоў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь

Салдаты тэрміновай службы – такі статус нашы землякі-прызыўнікі набудуць заўтра, а сёння хтосьці з іх яшчэ рыхтуецца стаць у армейскі строй, для іншых курс маладога байца ўжо стартаваў у мінулы панядзелак.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

22 кастрычніка ў гарадскім Доме культуры адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная адпраўцы юнакоў ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь.
Сустрэча не прадугледжвала шырокай аўдыторыі – эпідсітуацыя не дазваляе сабраць поўную залу гасцей. Але арганізатары мерапрыемства –  калектыў ГДК – пастараліся стварыць для юнакоў бадзёры настрой.
Гучалі словы пра канстытуцыйны абавязак, вернасць Радзіме і пра прызначэнне мужчыны абараняць і быць сапраўдным патрыётам. Да будучых абаронцаў Айчыны звярнулася намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прызыўной камісіі Святлана Юрлевіч, якая адзначыла, што ваенная служба – важны этап у жыцці кожнага юнака, пажадала мужнасці і цярпення, лёгкай службы, знайсці ў арміі надзейных і верных сяброў.
Начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута выказаў упэўненасць, што прызыўнікі будуць сумленна выконваць свой грамадзянскі абавязак. А служба ў арміі, у тым ліку, дапаможа знайсці сваё месца ў жыцці.
Цёплы і сардэчны наказ прызыўнікам ад маці – жыхаркі вёскі Зарытава Кацярыны Жыцецкай,сын якой адправіўся ў падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый ужо 25 кастрычніка. Ад тых, хто папоўніць увосень рады Узброеных Сіл, словы ўдзячнасці бацькам і абяцанне служыць дастойна агучыў прызыўнік Юрый Варатынец.
Провады атрымаліся ўрачыстымі і хвалюючымі. Падчас канцэртнай праграмы самадзейныя артысты спявалі пра Радзіму, жыццё і любоў.
На памяць пра адметную падзею – падарункі ад райвыканкама і райкама БРСМ.
У добры шлях, нашы абаронцы Айчыны, і ведайце, вас вельмі чакаюць дома!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Яраслаў ПАБЯГАЙЛА, ляхавічанін:
– Некалькі месяцаў назад скончыў Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж і працаваў механізатарам у ААТ «Жарабковічы». На службу настроены пазітыўна. Як сказаў мой бацька, армія патрэбна кожнаму мужчыне. Упэўнены, што час у войску пройдзе з карысцю, а набытая ў арміі спецыяльнасць спатрэбіцца ў жыцці.
Уладзіслаў БАБОК, ляхавічанін:
– Па адукацыі я інжынер, працую ў Салігорскім інстытуце праблем рэсурсазберажэння з вопытнай вытворчасцю. Работа падабаецца. Зараз падвучуся ў вучэбцы ў Печах. Думкі пра службу пазітыўныя, маральна падрыхтаваўся і ў цэлым спакойны.
Аляксей АСАСКАЛА, ляхавічанін:
– Служыць буду ў пагранічных войсках. Усе мужчыны нашай сям’і прайшлі армейскую службу: і бацька, і брат. Зараз настала мая чарга. Працую загадчыкам Крывошынскага ФАПа, думаю, мае веды і ўменні не лішнімі будуць у войску. Адслужу, як трэба, і вярнуся.