Марафон добрых і чыстых спраў. У мінулую пятніцу ляхавічане адзначыліся ўдзелам у работах па ўпарадкаванні тэрыторыі вакол Кургана Славы

Аб’яўлены ў свой час райвыканкамам месячнік па добраўпарадкаванні тэрыторый, навядзенні парадку на зямлі афіцыйна фінішаваў. Але, відавочна і несумненна, марафон добрых і чыстых спраў працягваецца ў тым ці іншым выглядзе – з рознай інтэнсіўнасцю, у, што называецца, індывідуальным парадку, на карысць сваёй Радзімы і яе працавітых людзей.

А чаму б не, падумалася, надвор’е дазваляе працаваць што з рыдлёўкай, што з граблямі – любым інструментам. Зрэшты, мы яшчэ паспелі за афіцыйнымі тэрмінамі, калі ў мінулую пятніцу адзначыліся ўдзелам у работах па ўпарадкаванні квадрата лясістай тэрыторыі вакол Кургана Славы. Сказаць адзначыліся – будзе найбольш дакладна адпавядаць той рэчаіснасці, паколькі работа няхай і адрознівалася пэўнай доляй інтэнсіўнасці, асаблівай працягласцю не вызначалася. Ды і праходзіла ва ўмовах не па-лістападаўску сонечнага надвор’я, гаючага, настоенага на векавых хвоях паветра, пад вясёлы самаакампанемент удзельнікаў працэсу. Але ніякіх жартаў, несур’ёзнага абыходжання з рабочым інструментам не назіралася і не дапускалася і блізка. Працавалі з сякерамі, да якіх мужчынская рука хоць і нядрэнна прызвычаена, усё ж такая «вострая» работа патрабуе пільнай увагі і максімальна бяспечнага абыходжання.


Задачай добраахвотных работнікаў з’яўлялася пазбавіць вызначаную сумежную з Курганам Славы лясную лакацыю ад дробнай і не вельмі лясной расліннасці, ад якой ні функцыі, ні эстэтыкі, а адзін толькі некамфорт падчас правядзення масавых мерапрыемстваў. А іх, як ведаем, у гэтых мясцінах становіцца ўсё больш – як прысвечаных Дню Вялікай Перамогі, так і аздараўленча-будзённых – спартыўных, турыстычных.
На працу выйшла каля двух дзясяткаў «лесарубаў» на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Марозам, пры ўдзеле прадстаўнікоў розных службаў, аддзелаў, упраўленняў райвыканкама і некаторых іншых арганізацый. Напрыклад, работнікі раённай ветэрынарнай станцыі і раённай газеты «Ляхавіцкі веснік».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.