Дзякуй вам, нашы рупліўцы! Ляхавіччына адзначыла свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу заўсёды адметна сваёй асаблівай цеплынёй, непадробнай шчырасцю, прасякнута любоўю да роднай зямлі, сагрэта залатымі рукамі беларускіх аграрыяў, у ім сялянская душа, мудрасць і гісторыя пакаленняў. Магчыма, таму, што галоўныя героі гэтай аграрнай падзеі працуюць дзеля кожнага грамадзяніна. Апошнім часам, без слоў зразумела, што значыць мець трывалую харчовую бяспеку краіны. Напрыканцы мінулага тыдня лепшых з лепшых віталі ў гарадскім Доме культуры.
У гэты дзень яны, хоць крыху і разгубленыя  ад такой колькасці ўвагі і віншаванняў, але ж шчаслівыя – нашы героі на чырвонай дарожцы прафесійнага свята.

У фае, як заўсёды, салодкая інтрыга. Хлебаробы Ляхавіччыны адзінства чыстых памкненняў, любві да малой радзімы, жаданне рупліва працаваць на сваіх ураджайных палетках увасобілі ў творы кулінарнага мастацтва. Конкурс на лепшы каравай інтрыгаваў да апошняй хвіліны свята.
Ільняныя тавары, прадукцыя малочнага і кансервавага заводаў, прысмакі ад райпо, саламяныя вырабы – выстава сабрала нямала прыхільнікаў сваёй прадукцыі. Было што набыць і чым паласавацца.


Тэатральна-песенны падарунак ад культработнікаў Ляхавіччыны – пяшчотна, чулліва, сардэчна спелі-зрыфмавалі-сыгралі пра нялёгкую працу тых, хто штодня выходзіць у поле, шчыруе ў цэху, на ферме, у мехмайстэрнях, за канвеерам… І, канешне, дзякавалі тым, хто па праве ў першым радзе аграрнага свята – ветэранам галіны, якія справамі ўжо ўнеслі свае імёны ў гісторыю раёна.
Час падводзіць ураджайныя вынікі. Багатая, прыгожая, нават на выгляд смачная – красавалася на святочнай сцэне ўраджайная інсталяцыя, у цэнтры – пшаніца, хлеб як сімвал заўсёднага жыцця. Румяны каравай ураджаю 2021 года ўручылі кіраўніку раёна Мікалаю Марозу. Няхай наш ляхавіцкі каравай з кожным годам становіцца больш важкім, дорыць нам здароўе і праслаўляе раён.
Прывітальныя словы старшыні абласнога выканаўчага камітэта Юрыя Шулейкі зачытаў генеральны дырэктар «Брэстаблаграсэрвіса» Уладзімір Махнач. Ён таксама ўручыў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь пад гучныя апладысменты галоўнаму інжынеру СВК «Ляхавіцкі»
Андрэю Новіку.


Шэрагу землякоў уручаны юбілейныя медалі «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі».
На сцэну запрашалі пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў на перавозцы травяных кармоў. Другое месца прысуджана трактарысту-машыністу ААТ «Жарабковічы» Анатолію Петуху, трэцяе – вадзіцелю ААТ «Шлях новы» Мікалаю Камінскаму.


Грамату аблвыканкама ўручылі галоўнаму аграному «Начы» Леаніду Ксёнжыку. Падзячным пісьмом аблвыканкама адзначаны аператар машыннага даення ААТ «Нача» Наталля Дараневіч, Ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама – галоўны аграном ЗАТ «Белпрампрыбор» Віктар Канецпольскі, вядучы аграном – дзяржаўны інспектар раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Алена Чаранкевіч, вядучы механік механічнага ўчастка ААТ «Ляхавіцкі кансервавы  завод» Уладзімір Вяруцін.
Сардэчныя віншаванні галоўным героям свята адрасаваў намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Кіруючая кампанія холдынга «Канцэрн Брэстмясамалпрам» Уладзімір Мількевіч.


Падсумаваў вынікі, акрэсліў перспектывы і, канешне, падзякаваў за працу і павіншаваў ляхавіцкіх аграрыяў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
– Гэта свята асабліва чыстае, светлае, высакароднае. Менавіта дзякуючы працы работнікаў аграрнага сектара і перапрацоўчай галіны мы кожны дзень на сваім стале маем хлеб. Сёння практычна 38 працэнтаў працаздольнага насельніцтва раёна занята ў
сельскай гаспадарцы і перапрацоўчай галіне – амаль 2500 чалавек. І гэта свята заслугоўвае асаблівай увагі нават дзеля таго, каб сказаць шчыры дзякуй за нялёгкую працу. Мы рухаемся ў правільным напрамку: ёсць з чым працаваць, над чым, а, самае галоўнае, ёсць адданыя справе людзі, – адзначыў Мікалай Мароз.
Сардэчна падтрымлівалі і віталі на сцэне пераможцаў раённага спаборніцтва.


Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса падзякаваў рупліўцам за адданасць сваёй працы, за штодзённую нястомную работу. І хоць лістапад падводзіць ураджайныя вынікі, клопаты на зямлі, у цэхах, на фермах працягваюцца.
Пра тое, што аграпрамысловы комплекс раёна – гэта адзіны вялікі зладжаны механізм, нагадаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык. На вынік працуюць і працаўнікі сельгасаб’ектаў, і дапаможныя службы, і культурныя работнікі, і тыя, хто пра гэта расказвае вялікай аўдыторыі. Віншаванні і пажа-
данне не спыняцца на дасягнутым, працаваць на карысць
раёна, вобласці, краіны накіраваў аграрыям і работнікам пера-
працоўчай галіны начальнік райсельгасхарчу.
Віншавальную эстафету працягнулі старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, старшыня філіяла «Ляхавіцкі раённы аграпрамысловы саюз» Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк.

Свой першы па-сапраўднаму прафесійны дзень  побач з вопытнымі работнікамі і сваімі настаўнікамі  адзначаюць маладыя спецыялісты, якія працоўны шлях пачынаюць у сельгаспрадпрыемствах і арганізацыях раёна. З найлепшымі пажаданнямі шанаваць тое, што стварыла не адно пакаленне аграрыяў, нічога не баяцца і рухацца наперад выступіў старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч.
Колькасць тых, хто жадае правесці вольны час з карысцю – стаць часткай студатрадаў, павялічваецца. Аграпрамысловыя прадпрыемствы Ляхавіччыны гатовы часова ўладкаваць школьнікаў і навучэнцаў, забяспечыць працай і грашовым узнагароджаннем. Шэрагу сельгаспрадпрыемстваў першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава ўручыла падзякі за аказанае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне часовай працоўнай занятасці моладзі, падтрымку студатрадаўскага руху ў працоўным семестры 2021 года.
Вынікі грамадскага галасавання па самай смачнай нагодзе агучыў Васілій Пыжык. Узнагароды і падарункі за першае месца – хлебаробам «Начы», другімі прызнаны кандытары «Шляху новага», трэцяе месца ў хлебапёкаў з «Ляхавіцкага».
Шмат прыемных момантаў аб’яднала самае ўраджайнае свята восені. Здаецца, з асаблівай любоўю спявалі, энергічней танцавалі, забаўлялі – аддзячылі за нястомную працу аграрыям самадзейныя калектывы Ляхавіччыны.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Увесь калектыў рэдакцыі шчыра віншуе вас са святам, дзякуй, што вы ёсць – нашы рупліўцы! Мы ганарымся, калі пішам пра чарговы ваш рэкорд, калі на першай паласе красуецца фотаздымак перадавікоў. Вось такія навіны перакрыюць любую фэйкавую інфармацыю. І, самае галоўнае, што аддаваць сілы зямлі могуць толькі сапраўдныя патрыёты! І нашаму раёну, Брэстчыне, краіне з вамі вельмі пашанцавала.
А традыцыйны прыз «ЛВ» сёлета адправіўся людзям, якія не толькі працуюць на зямлі, паказваюць вынік, але і дзеляцца сваім аграрным раскладам дня і з іншымі. Знаёмцеся, Анастасія і Сяргей Каралёвы
з ААТ «Жарабковічы»! Гэта прыклад сапраўднага даверу і сямейных адносін, калі муж згодны правесці са сваёй другой паловай не толькі пасляпрацоўны час, але і цэлы працоўны дзень. Ваш акаўнт у  цік-току – шыкоўныя сюжэты людзей,  якія любяць сваю справу, любяць сваю малую радзіму і нашу Беларусь!