Калі шчасце пад аховай. Калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне ведае сваю справу на выдатна

Удача і шанцаванне – тое, што жадаюць пры любой нагодзе. А яшчэ ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Яе гарантам можа стаць страхавы поліс Белдзяржстраха. Кампанія сёлета адзначае векавы юбілей. І да важкай даты зарабіла рэпутацыю надзейнага партнёра, чыё імя стала брэндам, мае значныя здабыткі, паважаныя традыцыі, у заўтрашні дзень крочыць з новымі вобразамі. Слоган «Адчуйце асалоду спакою!» трансфармаваны пад актуаліі сённяшняга дня – «Ахоўваем шчасце». Каб шчасце было доўгім, неабходна пасябраваць з Белдзяржстрахам.

Галоўны бухгалтар Таццяна Янковіч (у цэнтры), Ірына Пранчак, Аляксандр Азімка, Святлана Кабяшова, Алена Грыгарук.

Гісторыя кампаніі пачалася ў 1921 годзе з падпісанага дэкрэта Саўнаркама «Аб арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання». Сёння Белдзяржстрах – брэнд сярод страхавых паслуг.
Прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне вядзе адлік дзейнасці з 1949 года, калі была арганізавана інспекцыя дзяржаўнага страхавання. Яе тады ўзначаліў Сяргей Здановіч, пасля – Станіслаў Пілінога. Амаль тры дзесяцігоддзі кіраваў прадстаўніцтвам Белдзяржстраха Анатолій Жарнак. Яго змяніла Таццяна Прусевіч.

Дырэктар Іна Шугаева (у цэнтры) з калектывам 

Дзевяць гадоў раённае падраздзяленне ўпэўнена вядзе курсам стабільнасці дырэктар Іна Шугаева. За час існавання арганізацыі змяняліся патрабаванні, умовы працы, пашыраліся паслугі і прапановы. Адно застаецца нязменным – уменне знайсці такі падыход да людзей, каб яны выбралі паслугі кампаніі. Іх, дарэчы, 89.
Калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне – 22 чалавекі, з якіх 12 – страхавыя агенты. Усе ведаюць сваю справу і адказна ставяцца да абавязкаў. Як пацвярджэнне – вытворчыя паказчыкі: за дзесяць месяцаў заключана амаль 21500 дагавораў страхавання, у тым ліку больш за 14000 па добраахвотных відах. Праведзена каля 1300 выплат на суму, якая перавышае 379000 рублёў. 4860 рублёў – такую суму кампанія выплаціла 18 нашым землякам, якія мелі поліс і былі застрахаваны ад кавіда.
Калі раней імкнуліся «падставіць парасон» над машынай ці кватэрай, то сёння ў многіх у прыярытэце здароўе. Пра здароўе сваіх работнікаў клапоцяцца і кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, якія заключаюць дагаворы добраахвотнага страхавання медыцынскіх расходаў. Белдзяржстрах эканоміць час сваіх кліентаў і прапаноўвае на сайце кампаніі асабісты кабінет і магчымасць заключаць дагаворы страхавання ў электронным выглядзе.
У прадстаўніцтве працуюць спецыялісты камунікабельныя, ініцыятыўныя і старанныя. Сярод такіх і страхавыя агенты Тамара Алексіч і Таццяна Гатоўчыц, тэрыторыя адказнасці якіх на дваіх уключае 12 населеных пунктаў раёна. Самыя значныя сумы ўзносаў па добраахвотных відах страхавання ў Святланы Кабяшовай. Сёлета ў лідарах па тэмпах росту добраахвотных відах страхавання Людміла Трыбух. Не лічыцца з асабістым часам і гатова выпісаць страхоўку, напрыклад, на транспартны сродак нават па-за межамі работы
Алена Грыгарук. Вопытны і кампетэнтны – гэта пра спецыяліста па рэгуляванні маёмасных страт Аляксандра Азімку, які свой участак работы ведае дасканала. За шматгадовую добрасумленную працу Падзяка філіяла Белдзяржстраха па Брэсцкай вобласці аб’яўлена вядучаму спецыялісту прадстаўніцтва Ірыне Пранчак. Адказнасць характарызуе вядучага спецыяліста па рабоце з юрыдычнымі асобамі Наталлю Вітко.
Знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але заўсёды на сувязі з калектывам шаноўныя ветэраны прадстаўніцтва. Ім ад калег – павага і шчырая ўдзячнасць за працу. Адзіны запіс у працоўнай кніжцы ў былога эканаміста Людмілы Долмат. Стаж вядучага спецыяліста Марыі Клапаток – 41 год, амаль тры дзесяцігоддзі ў актыве ў спецыяліста Надзеі Баўтко. Галоўныя бухгалтары Святлана Кайгародава і Юзэфа Шпак кожная ў свой час выдатна трымалі бюджэт арганізацыі. Могуць падзяліцца многімі сакрэтамі прафесіі страхавыя агенты Святлана Аніскевіч, Валянціна Лушкевіч,
Ніна Ксёнжык, Зінаіда Васілеўская. Іх вопыт бясцэнны.
– Пашанцавала ўзначальваць дружны і працаздольны калектыў, з якім па плячы вырашэнне любых задач. Шчырай падзякі за работу заслугоўвае кожны, а яшчэ за ўважлівыя адносіны да кліентаў, зацікаўлены падыход да справы. Віншую ўсіх работнікаў, якія працуюць сёння, і тых, хто ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Вам, дарагія, здароўя, сямейнага дабрабыту, выдатнага настрою! – адзначае Іна Шугаева.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.