Дарога са шчасця. Партрэт ляхавічаніна занесены на Дошку гонару «Брэстаблдарбуда»

Жыццё – дарога з мноства няпростых паваротаў, выпрабаванняў, прыемных сюрпрызаў і самых дарагіх спадарожнікаў. Гэта, няхай і крыху ў метафарычнай форме, але вельмі яскрава пра Яўгенія Занько. На дарожных прасторах Ляхавіччыны ён свой чалавек: працуе майстрам ДРБУ-200, што з’яўляецца структурным падраздзяленнем КУП «Брэстаблдарбуд».

Вельмі сціплы, не любіць расказваць пра свае дасягненні і пра тое, што ў сваёй сферы ён сапраўдны ас, але за гэта гавораць справы і ўзнагароды. Сярод асаблівых цяпер дакладна заслугоўвае ўвагі такая акалічнасць: днямі стала вядома, што партрэт майстра Яўгенія Занько занесены на Дошку гонару «Брэстаблдарбуда». Нашы віншаванні!
Без малога працоўны стаж Яўгенія Валер’евіча – дзесяць гадоў. І ўсе практычна тут – у ДРБУ-200.
Пасля заканчэння Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа накіраваўся ў сталіцу, паднабраўся вопыту ў прафесіі дарожнага рабочага. А вось з пастаянным месцам вырашыў усё ж спыніцца на дарожнай арганізацыі Ляхавіччыны. Хацелася дадому – тут сям’я.
Свае першыя працоўныя будні памятае добра, як і тых, хто дапамагаў і накіроўваў маладога спецыяліста. Сярод тых, каму асабліва ўдзячны, –тады галоўны інжынер Валерый Зубік. А сёння Яўгеній і сам можа стаць добрым настаўнікам маладому папаўненню ДРБУ-200 – вопыт дазваляе.
Рамонт аўтамабільных дарог, іх утрыманне, укладка асфальтабетоннай сумесі… Пералічваць, што з’яўляецца часткай працоўных абавязкаў, можна бясконца. А вось з зімой клопату ў дарожнікаў прыбавілася ўдвая: ачыстка і пасыпка дарожных кіламетраў, адным словам, арганізацыя работ па зімовым утрыманні дарожнай стужкі. Усё ў полі зроку Яўгенія Занько. За ім замацаваны майстарскі ўчастак № 5. А гэта прыкладна 120 кіламетраў (з улікам, што па ўсім раёне дарожная сетка ДРБУ-200 складае каля 600 кіламетраў з гравійным і асфальтабетонным пакрыццём).
На пытанне, чаму выбар прыпаў менавіта на дарожную сферу, адказвае проста: «Дарогі былі, ёсць і будуць. Заўсёды будуюцца новыя. Адкрываюцца і распрацоўваюцца новыя напрамкі. Рамонт і абнаўленне патрабуюцца і па знаёмых маршрутах. Без працы не застанешся». Вось такое жыццёвае крэда – рабіць тое, што неабходна, што важна, што сапраўды падабаецца.
Удасканаленне і раз-віццё – важны момант у любой прафесіі. Хутка дыплом аб атрыманні вышэйшай адукацыі ўмацуе прафесіяналізм Яўгенія. Сёння ён студэнт-завочнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту. Будаўніцтва аўтамабільных дарог (спецыяльнасць, што атрымлівае ў ВНУ) – не толькі ў фармаце практыкі, але і на вучэбных занятках.
Пра свае будні Яўгеній разважае жыццёва, не перабольшваючы: хапае розных момантаў, ёсць і складанасці, досыць і прыемных сюжэтаў, шмат атрымліваецца, над многім яшчэ працаваць і пра-цаваць, але ж галоўнае –  каманда. Дарожныя рабочыя Валерый Плескацэвіч, Аляксандр Папчэня, Іван Рокач, Сяргей Гаўдзіс, механікі Юрый Пілінога, Канстанцін Засухін, Мікалай Сёмуха, Дзяніс Хлапянік – майстры сваёй справы.
Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога пра калегу гаворыць з пагавай:
– Надзейны, абавязковы, чалавек слова. Ведае сваю справу, хвалюецца за кожны працоўны момант. Узрост для яго толькі патэнцыял для развіцця, і час ён выкарыстоўвае з розумам. Працуе рупліва, адказна, спасцігае дарожную справу ва ўніверсітэце і, дарэчы, паспяхова. А цяпер яго партрэт праслаўляе Ляхавіччыну на Дошцы гонару «Брэстаблдарбуда».
І дома ў Яўгенія надзейная каманда, з якой яны будуюць сваю
жыццёвую дарогу. Прыгожае жаночае трыа – жонка Анастасія, дачушкі Даша і Аня – заўсёды чакае татачку дома.
А яшчэ Жэня – надзейны сябар і душа кампаніі. Выдатна валодае гітарай і цудоўна спявае.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.