А восень такая душэўная. Агракаледжскі конкурс талентаў па традыцыі прайшоў ярка і запамінальна

«Студэнцкая восень» даўно стала фірменнай фішкай, што так паспяхова штогод прэзентуе мясцовы агракаледж. І гэта восень не выключэнне. Мінулы тыдзень ізноў паказаў, на што здольны навучэнцы аграрнай альма-матар –  конкурс талентаў сабраў на сцэне самых-самых. І яны гэта з лёгкасцю пацвердзілі.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На сцэне віталі тых, хто ў гэтым годзе толькі пачынае знаёмства з аграрнымі дысцыплінамі. Ім была адведзена важная роля – менавіта на гэтым студэнцкім фестывалі яны ўпершыню заявілі пра свае таленты і здольнасці, зрабілі ўсё, каб перамагчы сапернікаў.
Тое, што рабяты таленавітыя, сумнявацца не даводзіцца. Напал эмоцый і градус падтрымкі адчуваліся і ў глядацкай зале. За сваіх любімчыкаў балелі, не шкадуючы сіл: у ход пайшлі і апладысменты, і крычалкі, і плакаты…
А ўдзельнікі «Студэнцкай восені» сваіх прыхільнікаў стараліся не падвесці. Тым больш, галоўны статус, за які змагаліся каляджане, – лепшая група.
Не пазайздросціць членам журы. У намінацыі «прэзентацыя груп» – ад унікальнасці думак, арыгінальнасці касцюмаў, розных фішак і рэжысёрскіх задумак жаданне адно – не шкадаваць апладысментаў і энергіі для падтрымкі.
Наколькі рознабаковая вакальная сіла ў гэтай змены каляджан – толькі падзівіцца. І рэпертуар, і манеры выканання, тэмбр і тэмп – усё гэта дэманстравалі ўдзельнікі ў конкурснай намінацыі «вакальнае выкананне». На хвіліну пра спаборніцкі момант забыліся ўсе, на сцэне гучалі любімыя песні, выкананыя ад душы і для душы.


У дапаўненне да выдатнага вакалу не менш цудоўна прагучалі інструментальныя кампазіцыі ад навучэнцаў. Не падпяваць вядомым песням «Вахцёрам» або «Раёны, кварталы» ці такой лірычнай «Хлопья летят наверх» – пагадзіцеся, немагчыма. Такая атмасфера нагадвае студэнцкі час кожнага: тыя настальгічныя моманты ў інтэрнаце, хваляванне перад экзаменам, студэнцкія капуснікі, залікі і сесіі.
«Як іграе, як іграе…» – гэта пра намінацыю «тэатральнае прадстаўленне». «У гасцях у бабулі», «Экзамен па гісторыі», «Тры дзяўчыны пад акном», «Стрыжка ката» – такія тэатральныя сюжэты на самыя розныя жыццёвыя тэмы.
А як шчыра і мілагучна гучалі рамантычныя радкі з творчасці класікаў, кранальна і душэўна дэкламавалі першакурснікі і сваю спробу пяра. Заслухаешся!
Цік-ток адпачывае ў параўнанні з танцавальнай версіяй каледжскіх калектываў. Энерджайзеры на сцэне – такія ж і ў зале. У падарунак удзельнікам – салодкія пачастункі ад каледжа.
Хвалюючы пераможны момант. Дыплом І ступені, а таксама сертыфікат на паездку ў Мірскі замак і на наведванне басейна ў БарДУ – у 21 «П» групы.
Другімі ў творчым спаборніцтве сталі рабяты з 22 «В» групы. Іх хутка чакае незабыўная паездка ў Нясвіжскі замак і сертыфікат на наведванне кінатэатра.
Бронзавыя прызёры – юнакі і дзяўчаты з 11 «В» групы. Яны накіруюцца ў Навагрудак, ігра ў бяльярд у спартыўнай школе стане яшчэ адным прыемным бонусам.
11 «А» і 12 «А» атрымалі смачныя сертыфікаты ў «Траторыю».
У гэтай «Восені» няма тых, хто прайграў. Сваю хвіліну славы атрымалі ўсе!

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.