Ляхавіцкая марка – «Народная марка», ці Галасаванне рублём

Сярод лепшых вытворцаў і таварна-вытворчых брэндаў Беларусі ёсць і ляхавіцкі адрас – наш кансервавы завод

Што можа звязваць  ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»
з такімі ледзь  ці не на ўвесь свет гучнымі абазначэннямі, як «Савушкін прадукт», «Камунарка», «Брэсцкі мясакамбінат» і іншымі лідарамі харчовага рынку? Адказ просты – усе з пералічаных вышэй брэндаў атрымалі прызнанне ў рамках прэміі «Народная марка-2022». Такога выніку дасягнуў  і наш кансервавы.

Без традыцыйнай дэгустацыі прадукцыі кансервавага завода нельга ўявіць самыя значныя мерапрыемствы ў раёне. У якасці прадукцыі дырэктар ААТ Аляксандр Вашчук (у цэнтры) і яго падначаленыя ўпэўнены.

Сёлета прэмія прысуджалася ўжо дзявяты раз. Яе адметнасць, адмысловасць закладзена ў самой назве – народная. Гэта азначае, што ў прэміі няма прафесійнага журы, а прэтэндэнтаў на ўладанне ёю, а пазней і ўладальнікаў вызначаем мы з вамі – звычайныя людзі, пакупнікі і спажыўцы тавараў канкрэтнай маркі. Такім чынам, адбываецца, у тым ліку, і галасаванне рублём, якое няшчырым быць не можа.
У рэальнасці ж мае месца наступны сцэнарый: у свой час анкеты для галасавання друкуюцца ў сродках масавай інфармацыі. Пры гэтым ніякіх прамых ці завуаліраваных наводак, падказак у выгля-
дзе варыянтаў адказу не прапаноўваецца – у кожнай з намінацый прэміі спажыўцы самастойна ўказваюць назву толькі аднаго, лепшага на сваю думку, наймення тавару ці кампаніі-вытворцы, прадукцыю якога яны ведаюць, купляюць, спажываюць самі і гатовы рэкамендаваць іншым. Паколькі прафесійнае журы адсутнічае, за ходам галасавання сочыць так званы назіральны савет.
Ён жа займаецца падлікамі, на падставе якіх вызначаюцца ўладальнікі Гран-пры, першага, другога,трэцяга месцаў і фіналісты, якія таксама лічацца лаўрэатамі прэміі.
У гэтым годзе Гран-пры прэміі «Народная марка» дастаўся толькі аднаму  намінанту – яго ўладальнікам стаў брэсцкі «Савушкін прадукт». У ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» – дыплом фіналіста ў намінацыі «вытворчасць агароднінных кансерваў».
Як расказала начальнік лабараторыі Ляхавіцкага кансервавага Святлана Войцік, якая прымала ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў прэміі. Заключны этап «Народнай маркі» праходзіў у сталічным гандлёвым цэнтры «Замак» 8 снежня.
– Усё праходзіла па-святочнаму ярка, эмацыянальна, з элементамі шоу. Моманты ўручэння ўзнагарод змяняліся выступленнямі артыстаў. Было шмат шчырых слоў і сустрэч, віншаванні, новыя знаёмствы, – прыгадвае Святлана Войцік.
Дыплом фіналіста нацыянальнай прэміі «Народная марка» дае ляхавіцкім вытворцам кансерваванай агародніны права маркіраваць сваю прадукцыю адпаведным лагатыпам і надпісам.
Тэлевізійная версія цырымоніі ўзнагароджання будзе двойчы паказана на канале «Восьмой» –  у завяршэнні гэтага і на пачатку будучага года. А ўжо сёння – 15 снежня – адбудуцца ўрачыстасці ў рамках конкурсу «Лідар спажывецкага рынку». Ляхавіцкі кансервавы завод значыцца ў спісе запрошаных удзельнікаў. Хочацца спадзявацца, вернуцца не з пустымі рукамі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.