Саната па зімовых правілах. У Ляхавічах урачыста адкрылі галоўную ёлку

Калядная саната 22 снежня гучала па ўсіх зімовых правілах:  на тэрмометры мінус 10, наваколле пад снежным покрывам, усё зіхаціць і свеціцца, а ў цэнтры падзеі – навагодняя зялёная прыгажуня. Цырымонія адкрыцця галоўнай ёлкі раёна вызначылася
ўрачыстасцю і радасна-святочным настроем.

Галоўных герояў дзейства – Дзеда Мароза і Снягурку – на плошчу Ле-
ніна даставілі на квадрацыклах. Пад акампанемент духавога аркестра ў навагодняй калоне крочылі казачныя персанажы – традыцыйны парад Дзядоў Марозаў атрымаўся!


Навагодні карагод аб’яднаў і дарослых, і дзяцей. А калі ёлка (высокая і прыгожая, над статнасцю якой стараліся камунальнікі) заззяла рознакаляровымі агнямі, пачалася сапраўдная феерыя казачнага настрою.


Шчыра віншавала землякоў з надыходзячымі святам Нараджэння Хрыстова і Новым годам намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна нагадала, што Год народнага адзінства быў напоўнены разнастайнымі адметнымі падзеямі, а самае галоўнае – добрымі справамі і ўчынкамі, якія аб’ядноўвалі людзей розных прафесій і ўзросту. І дзякуючы агульным намаганням і працы кожнага Ляхавіччына развіваецца і прыгажэе. Намеснік старшыні райвыканкама пажадала ўсім, каб наша беларуская зямля – наш агульны дом – была мірнай, моцнай і квітнеючай.


Адметным і арыгінальным атрымаўся танцавальны флэшмоб каля ёлкі ў выкананні Дзядоў Марозаў і Снягурак, які стаў сапраўды масавым – гараджане з задавальненнем паўтаралі рухі
за казачнымі персанажамі. Хапіла на свяце і тэатралізацыі, захапляльных нумароў мастацкай самадзейнасці, і гульняў з конкурсамі, цудоўных сюрпрызаў і яркіх уражанняў. На
памяць можна было набыць прыемныя дробязі, якія прапаноўвалі шматлікія гандляры. Асабліва папулярным аб’ектам стала яркая інсталяцыя аўтарства камунальнікаў – вялікі светлавы шар. Каб зрабіць фота, да яго выстраілася немалая чарга.
Святочны настрой зададзены.
З 1 па 7 студзеня штодзённа ў 17.30 каля галоўнай ёлкі раёна на плошчы Леніна назначана сустрэча з Дзедам Марозам і Снягуркай –
па традыцыі тут будуць ладзіцца цікавыя прадстаўленні «Навагоднія прыгоды».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.