Здаровая перазагрузка. Ляхавічане абмяркоўваюць праект Асноўнага Закона

Як неабыякавы грамадзянін, які думае не толькі пра сёння, але і пра заўтра сваёй краіны, сваіх дзяцей і ўнукаў, як кіраўнік, які ў адказе за свой калектыў, заўжды стараюся быць у курсе новаўвядзенняў, пераўтварэнняў, што адбываюцца ў жыцці беларускага грамадства. Рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю падзея, безумоўна, важная. Ад того, якім будзе Асноўны Закон краіны, залежыць будучыня ўсяго беларускага народа.
Азнаёміўся з асноўнымі змяненнямі і дапаўненнямі. Лічу іх важнымі, неабходнымі і своечасовымі. Згодна артыкула 45 дзеючай Канстытуцыі грамадзянам краіны гарантуецца права на ахову здароўя. Змяненне датычыца таго моманту, што бясплатнае лячэнне ў медустановах рознага ўзроўню, пачынаючы з фельчарска-акушэрскіх пунктаў і да рэспубліканскіх цэнтраў, праводзіцца за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам. Так, дзяржава стварае ўмовы, каб медыцына ў Беларусі была даступнай. Любы жыхар краіны можа атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу, прычым не толькі ва ўстанове аховы здароўя па месцы жыхарства, але і па накіраванні ўрача ў міжраённых, абласных, рэспубліканскіх медцэнтрах. Разам з тым, важна, каб чалавек і сам клапаціўся пра сваё здароўе. У праекце Канстытуцыі занатавана, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Амаль два гады наша краіна, як і ўвесь свет, жыве з каранавірусам. З якім нецярпеннем паўсюдна чакалі стварэння вакцыны супраць кавіду. Дачакаліся. У Беларусі прышчэпкі робяць бясплатна, ёсць і выбар вакцын. Аднак, па розных прычынах далёка не ўсе спяшаюцца паклапаціцца пра сваё здароўе і здароўе блізкіх. Заклікаю землякоў, хто яшчэ не прышчапіўся, неадкладна вакцынавацца. І зрабіць гэта не толькі супраць кавіда, але і грыпу.
Летась мне выпаў гонар быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, дзе прынята нямала лёсавызначальных дакументаў, дзе вялася канструктыўная размова на важныя для Беларусі і беларусаў тэмы.Дэлегаты з усіх рэгіёнаў рэспублікі выказвалі свае прапановы, абмяркоўвалі падзеі, што адбываюцца ў краіне, сітуацыю вакол Беларусі, гучала нямала канкрэтных ідэй і слушнях прапаноў. Усебеларускі народны сход стаў пляцоўкай для выпрацоўкі новых праграм і пацвердзіў сацыяльна-арыентаваны курс нашай дзяржавы. У праекце Канстытуцыі цэлая глава адведзена Усебеларускаму народнаму сходу, які вызначаны вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя накірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непарушнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. УНС надзяляецца важкімі паўнамоцтвамі, у прыватнасці, будзе зацвярджаць асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і іншае.
Кожны грамадзянін Беларусі павінен уважліва азнаёміцца з праектам змяненяў і дапаўненняў Асноўнага Закона Беларусі і абавязкова прыняць удзел у рэферэндуме. Гэта рэальная магчымасць выказаць сваё меркаванне наконт будучыні краіны.
Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач УАЗ “Ляхавіцкая ЦРБ”.