133 урок. Ляхавіцкія гімназісты заваявалі дыплом II ступені республіканскага фестывалю

Дыплом II ступені – вынік удзелу каманды медыяцэнтра гімназіі «ПарталGYM» у рэспубліканскім фестывалі дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер». Конкурс 17-ы раз сабраў юных журналістаў з усёй краіны, якія абаранялі свае творчыя праекты.
Навучэнцы гімназіі на працягу сямі гадоў з фестывалю вяртаюцца пераможцамі. Вось і на гэты раз трапілі ў лік лепшых у намінацыі «відэапраграма». Яўгеній Прыхач, Ангеліна Рокач, Станіслаў Мухарэўскі і кіраўнік медыяцэнтра Ірына Мухарэўская –  каманда, якая другі год вядзе канал навін на YouTube, дзе кожны выпуск – гэта «133 урок».

За час дзейнасці заваявалі дыплом III ступені ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за ўдзел у рэспубліканскім праекце «Чарнобыль скрозь прызму дзесяцігоддзяў», дыплом лаўрэата Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ў конкусе работ «Боль маёй душы – Афганістан», іншыя. На YouTube, дарэчы, змяшчаюцца відэаролікі не толькі каманды медыяцэнтра, але і іншых гімназістаў.
– Медыяцэнтр «ПарталGYM» – гэта своеасаблівая пляцоўка для развіцця творчых здольнасцяў нашых навучэнцаў, прафарыентацыя, падчас якой старшакласнікі спрабуюць свае сілы ў ролі вядучых, аператараў, сцэнарыстаў і мантажораў, знаёмяцца з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Удзячна кіраўніку медыяцэнтра і ўсім рабятам за працаздольнасць і актыўнасць, – падкрэс-лівае намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Аксана Гатоўчыц.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта гімназіі