Пытанне жыццёвай важнасці. На першае сёлета пасяджэнне Ляхавіцкага райвыканкама было вынесена два пытанні

На першае сёлета пасяджэнне райвыканкама было вынесена два пытанні. Жыццёвае – «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, стане работы па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у выканаўчых і распарадчых органах, арганізацыях раёна ў 2021 годзе і задачах на 2022 год». І жыццёва важнае ў прамым сэнсе – «Аб стане работы па папярэджанні вытворчага траўматызму ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна і мерах па павышэнні ўзроўню аховы працы».

У выступленні па сваёй тэме начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень нагадала заканадаўства, на падставе якога на Ляхавіччыне выбудоўваецца сістэма і праводзіцца работа па ахове працы. Самае галоўнае і першае – Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы», дзейнічаючы на падставе якога, а таксама сінхранізаваных з ім адпаведных «нізавых» распрацовак, у тым ліку на ўзроўні раёна і асобных арганізацый, у справаздачным годзе на Ляхавіччыне давялося дабіцца сур’ёзнага зніжэння колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці: з дзевяці, якія мелі месца ў 2020 годзе, да чатырох леташніх. З іх толькі адзін выпадак медыкамі быў трактаваны як цяжкі – ТАА «Фермент» (у выніку падзення з вышыні так званага мяккага кантэйнера «біг-бэг» траўму цяжкай ступені атрымаў падсобны рабочы). Наступствы трох іншых здарэнняў насілі лёгкі характар. Два з іх у той ці іншай ступені звязаны з паводзінамі сельскагаспадарчай жывёлы, абодва адбыліся ў СВК «Ляхавіцкі». У адным з выпадкаў жывёлавод атрымаў пашкоджанне ў выніку падзення з гужавой павозкі, у другім – прадстаўніка той жа прафесіі стукнуў бык. Трэці лёгкі выпадак вытворчага траўматызму зафіксаваны на будаўнічай пляцоўцы УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд», калі ў выніку падзення з вышыні траўмаваўся тынкоўшчык-маляр арганізацыі.
З усіх, хто трапіў у нездаровую сітуацыю і, адпаведна, статыстыку, адзін працаўнік знаходзіўся ў нецвярозым стане.
Асноўнымі прычынамі мінулагодніх няшчасных выпадкаў на вытворчасці раёна з’явіліся, па словах дакладчыка, непрадказальныя паводзіны сельскагаспадарчай жывёлы і невыкананне пацярпелымі патрабаванняў інструкцыі па ахове працы.
Той факт, што ні ў адным з прыведзеных выпадкаў віны наймальнікаў (прадпрыемстваў, арганізацый) не адзначаецца, быў падкрэслены асабліва.
– Важным фактарам у стварэнні спрыяльных умоў для работы з’яў-
ляецца праходжанне работнікамі прафілактычных медыцынскіх аглядаў, – адзначыла Дзіяна Трысцень.
Канешне, здаровы працаўнік – гэта толькі якасць і прадукцыйнасць працы яго самога, але ў асобных выпадках яшчэ і адсутнасць рызыкі «ўзнагародзіць» захворваннем кагосьці яшчэ з ліку вытворчага персаналу. Факт, які патрэбна ўлічваць абсалютна кожнаму. Аднак застаюцца пытанні. Па даных Ляхавіцкай ЦРБ, у мінулым годзе абавязковаму перыядычнаму медыцынскаму агляду падлягала 4717 чалавек, а прайшлі яго толькі 2910 – каля 62 працэнтаў. У якасці адной з прычын такога раскладу быў названы працяг гісторыі з эпідэміялагічнай па COVID-19 сітуацыі. Але наколькі ці ў якой ступені такое тлумачэнне з’яўляецца карэктным, можна паразважаць.
Працэс з праходжаннем прафмедаглядаў не поўнасцю правялі
ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і некаторыя іншыя прадпрыемствы і арганізацыі раёна. А між тым, у дакладзе прыведзены момант, што «за мінулы год па выніках перыядычнага медыцынскага агляду не дапушчаны да работы па медыцынскіх паказаннях 40 чалавек, 11 – накіраваны на пазачарговы медагляд». А амаль у паўтара дзясятка работнікаў іменна падчас прафмедаглядаў былі выяўлены прафесійныя захворванні, якія, і як мінімум часова, адлучылі гэтых людзей ад прафесіі. Прыклады, што красамоўна, настойліва і яшчэ раз указваюць на пільную неабходнасць данага мерапрыемства.
Непасрэдна пытанні аховы працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях вядуць профільныя спецыялісты. Імі гаспадарчыя суб’екты Ляхавіччыны ўкамплектаваны ў поўнай адпавед-
насці з нормамі – на 100 працэнтаў. З 25, па стане на пачатак бягучага года, інжынераў па АП некаторыя працягваюць «падцягваць» сваю кваліфікацыйную перападрыхтоўку да нарматыўнай, некалькі іншых, у каго ёсць такая неабходнасць, збіраюцца паступіць на вучобу ў бліжэйшай перспектыве. Увогуле ж, работа па любым з інжынерных накірункаў патрабуе пастаяннага самаўдасканалення – праз вучобу, курсавыя заняткі, практычныя і не толькі семінары.
Работа па ахове працы крытычна шчыльна звязана з працоўнай дысцыплінай, выкананнем работнікамі ўсіх, прадугледжаных заканадаўствам нормаў і правілаў унутранага распарадку. У тым ліку і на прыкладзе мінулага года можна прыйсці да высновы, што не ўсе працаўнікі ўспрымаюць гэта правіла як абсалютную догму. За 2021 год  з прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіцкага раёна былі звольнены больш як чатыры дзясяткі работнікаў. На законных падставах, у тым ліку па прычыне дапушчаных прагулаў, парушэння антыалкагольнага заканадаўства і некаторае іншае. У ААТ «Шлях новы» за год было звольнена 13 чалавек, у ААТ «Нача» і УБП «ПМК-13» – па дзевяць, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» – чатыры, СВК «Ляхавіцкі» – тры, ТБЗ «Ляхавіцкі» – два, ДРБУ-200, Ляхавіцкім райпо і лясгасе  «пад артыкул» трапілі па адным работніку.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз катэгарычна запатрабаваў недапушчэння фармалізму ў выбудоўванні схем і работ па ахове працы. У аснове
і стратэгіі, і тактыкі, і практыкі павінна знаходзіцца прафілактыка. Кіраўнік раёна запатрабаваў аднолькава пільна адсочваць стан арганізацыі АП як на дзяржаўных прадпрыемствах, так і ў прыватных структурах.
– Сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі, гандаль, розныя сэрвісы і рамонты – там таксама людзі. Асабліва прыватныя вытворцы – такім асаблівая
ўвага, – акцэнтаваў кіраўнік раённай вертыкалі.
Сітуацыю з абавязковымі прафілактычнымі медыцынскімі аглядамі абяцана дадаткова разгледзець да красавіка. Што называецца, пад павелічальным шклом і з магчымымі адпаведнымі высновамі.
Па-за рамкамі пасяджэння, але ў працяг пытання скажам, што ў канцы мінулага года прынята новая рэдакцыя інструкцыі аб парадку правядзення штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы на прадпрыемствах і ва ўстановах Ляхавіччыны. Сінхранізаваная з аналагічнай абласной распрацоўкай, ад папярэдняга варыянту яна адрозніваецца тым, што атрымала ключавое дапаўненне. Пачынаючы з 2022 года адным з крытэрыяў ацэнкі ўдзельнікаў агляду-конкурсу стане наяўнасць прафсаюзнай арганізацыі і калектыўнага дагавора з указаннем у ім мерапрыемстваў па ахове працы ці плана іх ажыццяўлення.
І другое: з гэтага года агляд-конкурс будзе праводзіцца ў трох намінацыях: арганізацыі невытворчай сферы; арганізацыі вытворчай сферы са спісачнай колькасцю работнікаў на канец года да 100 чалавек; арганізацыі са спісачнай колькасцю работнікаў на канец года звыш 100 чалавек. Сказаць па-іншаму, ніякай дыферэнцыяцыі, як гэта значылася ў старым варыянце інструкцыі, на арганізацыі дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці цяпер не прадугледжваецца. Пытанні аховы працы для ўсіх аднолькавыя і аднолькава важныя – і для малых прадпрыемстваў, і для монстраў эканомікі.

Іван КАВАЛЕНКА.