Два пытанні: дарогі і вада… І яны вырашальныя. Шэраг запланаваных сустрэч з грамадзянамі пачала змястоўна-выніковая сустрэча ў аграгарадку Тальмінавічы Ляхавіцкага раёна

Амаль поўная зала людзей, зацікаўленых і неабыякавых да лёсу свайго роднага куточка, у зале атмасфера дзелавой напружанасці і спадзяванні на канструктыўную размову… Спадзяванні апраўданы, галоўны адказ на пытанне, ці патрэбны сходы грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, ад жыхароў Ганчароўскага сельсавета прагучаў адназначна. Шэраг запланаваных сустрэч з грамадзянамі пачала змястоўна-выніковая сустрэча ў аграгарадку Тальмінавічы. Па мінулагодняй традыцыі сёлетняя практыка з першай сустрэчы прадэманстравала і апраўдала намер: пачуць грамадзян, з першых вуснаў даведацца пра праблемы, растлумачыць тое, што не зразумела, дапамагчы разабрацца з сітуацыяй ці прапанаваць аптымальны варыянт для таго, каб праблема вырашылася.

Варта адзначыць, што вяскоўцы адразу прыйшлі, як гаворыцца, з кейсам пытанняў, што адрасавалі кіраўнікам і прадстаўнікам службаў. Пытанні вядомыя, многія з агучаных у стадыі вырашэння, патрабавалася толькі дэталізаваць сітуацыю і вызначыцца з тэрмінамі. Як запэўніў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, кожнае агучанае пытанне накіруецца адпаведнай службе. Якасць жыцця грамадзян, вырашэнне іх штодзённых клопатаў, падтрымка і дапамога – прыярытэт дзяржаўнай увагі.
З Ганчароўскім сельсаветам у дэталях і нюансах, моцных і не вельмі баках пазнаёміў старшыня сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч. Дарэчы, у адрас кіраўніка мясцовай адміністрацыі не раз гучалі не толькі прапановы ці пытанні, а шмат падзяк за хуткае рэагаванне і вырашэнне мясцовых праблем. Сярод актуальных – тэма пустуючых і старых дамоў (за дзесяць гадоў было знесена больш за 200). Асаблівы кантроль за землямі, якія ўключаюцца ў севазварот – апрацоўваюцца і даюць прыбытак. Небяспечныя дрэвы – традыцыйная праблема вяскоўцаў. У гэтым плане на тэрыторыі сельсавета вядзецца планамерная работа. Іншая справа, калі такое дрэва знаходзіцца на прыватнай тэрыторыі, тады гэта пытанне не сельвыканкама, а гаспадара.
Калі да трыбуны запрасілі дырэктара ААТ «Жарабковічы» Антона Булатага, у зале адразу адчулася пазітыўная атмасфера. Справа ў тым,  што ў 2019 годзе колішняе КСУП «Тальмінавічы» далучылася да ААТ «Жарабковічы». Такое ўзбуйненне, сёння можна гэта канстатаваць адназначна, істотна паўплывала на жыццё мясцовых грамадзян. Тыя, хто далучыўся да жарабковіцкіх аграрыяў, а сёння гэта каля 70 чалавек, прызнаюцца, што не проста задаволены,
а шчаслівыя быць часткай такой арганізацыі. Заработная плата стабільная і на годным узроўні, вытворчыя паказчыкі тальмінавіцкіх падраздзяленняў гаспадаркі таксама падраслі. Акрамя гэтага, і «сацыялка», як кажуць, падцягнулася. Пад апладысменты прагучала навіна, што хутка аграгарадок папоўніцца гандлёвым аб’ектам – магазін харчовых тавараў гарантуе адкрыць ААТ «Жарабковічы».  Вопыт ёсць, і выніковы.
Да абслугоўвання райспажыўкааперацыяй пытанняў было няшмат. Часткова старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч патлумачыў на месцы, іншыя ўзяў на аловак. Цікавіць жыхароў графік работы мясцовага магазіна, якасць прадукцыі і іншыя жыццёвыя пытанні. Прагучалі заўвагі да работы аўталаўкі, а канкрэтна – яе асартыменту, паколькі на фінальных кропках маршруту ён не надта багаты. Як патлумачыў Васілій Барысавіч, канкрэтны тавар можна заказаць, і ён знойдзе свайго спажыўца. Але ж пракантраляваць сітуацыю варта, адзначыў кіраўнік раёна.
Як падкрэсліла адна з жыхарак Тальмінавіч: «У нас усё, як у іншых. Але ж ёсць дзве канкрэтныя праблемы: вада і дарогі». І сёння яны вырашаюцца, аднак да кіраўнікоў дарожнай і камунальнай службаў былі ўдакладняючыя пытанні.
Пачнём з дарог. Доўгачаканы набалелы сюжэт у дарожнай карце Ляхавіччыны ў рэшце рэшт у 2022-м вырашыцца станоўча. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога адзначыў, што практычна 80 працэнтаў выдаткаваных сродкаў з абласнога бюджэту і дарожнага фонду на рамонт і будаўніцтва дарог у раёне будзе накіравана на Ганчароўскі сельсавет. Лічбы ўнушальныя, як і запланаваны аб’ём работ. Будзе заасфальтавана дарога ад Мядзведзіч да Куршынавіч. Пакуль работы на стадыі распрацоўкі праекта. А з надыходам спрыяльных умоў надвор’я пераўтварэнні чакаюць і іншыя дарогі сельсавета – вуліцы падсыплюць гравійнай сумессю. Між іншым, як адзначыў Ігар Міхайлавіч, чакаецца, што рамонт аднаго кіламетра дарожнага пакрыцця патаннее, паколькі на Ляхавіччыне запрацуе свой пясчаны кар’ер. А яшчэ, асфальтабетоннае пакрыццё з’явіцца і да пад’езду да вёскі Набярэжнай.
Камунальнікі заўсёды атрымліваюць большую долю пытанняў, зразумела: курыруюць больш надзённых праблем. Сярод «лідзіруючых» у Тальмінавічах – якасць вады. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі адзначыў, што праблема ўзнікла ў сувязі з заменай цэнтральных сетак водазабеспячэння, якія свой тэрмін ужо адпрацавалі. І пакуль ідзе працэс перападключэння ўрэзак у цэнтральны водаправод (што прыводзіць да адключэння вады), якасць вады пэўны час будзе жадаць лепшага. Варта адзначыць, што ў Тальмінавічах дзейнічае станцыя абязжалезвання, якая ўсё ж працуе на якасць вады. Прыватныя пытанні наконт добраўпарадкавання пешаходнай зоны камунальнікі абяцалі ў хуткім часе выправіць, узялі на кантроль. Увогуле кожная агучаная праблема, ці гэта няспраўны калодзеж або калонка, слабы напор вады і іншыя, зафіксавана, а, значыць, чакае вырашэння.
Радаснай навіной падзялілася з жыхарамі сельсавета начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Дзіяна Трысцень. Будынкі былой школы і дзіцячага садка ў Тальмінавічах запросяць пастаяльцаў у аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Такая практыка ўжо праявіла сябе з пазітыўнага боку ў Ганчарах. Гэта не толькі сацыяльна значны і неабходны аб’ект, яшчэ і працоўнае месца для
18 чалавек (пакуль плануецца  такая лічба), якія, упэўнена кіраўнік сацслужбы, зоймуць мясцовыя жыхары.
Неабходнасць вакцынацыі закрануў галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч. Дарэчы, тальмінавічане цікавіліся, ці пачалі прышчапляць у Ляхавічах непаўналетніх. Адказ станоўчы, сёння бацькі даюць пісьмовую згоду, і ў медустанове па месцы жыхарства ці вучобы дзеці змогуць прышчапіцца ад каранавіруса. Увогуле, кожны павінен задумацца і зрабіць жыццёва важны выбар на карысць свайго здароўя і тых, хто побач.
Яшчэ адно пытанне, што сёння знаходзіцца таксама ў працэсе рэалізацыі, – рэканструкцыя ліній электраперадачы і трансфарматарнай падстанцыі. Справа ў тым, што прапускная здольнасць ліній электраперадачы не здольна ўвасобіць жаданні жыхароў на абсталяванне электраацяплення і гарачага водазабеспячэння. Пасля абследавання адпаведнымі службамі рознага ўзроўню было прынята рашэнне аб рэканструкцыі замартызаваных участкаў. Сёння ідзе працэс праектавання ліній электраперадачы, растлумачыў сітуацыю начальнік РЭС Віктар Станкевіч.
Праваахоўная сітуцыя на тэрыторыі сельсавета гучала ў справаздачы ўчастковага інспектара Віталія Малевіча, пра бяспеку і надзвычайныя выпадкі, меры прафілактыкі ў быце расказаў намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна  Прыхач у дэталях і нюансах расказала пра праект Канстытуцыі.
Такі вялікі спектр актуальных пытанняў гучаў падчас сходу. Таму наконт правядзення такіх сустрэч меркаваць толькі ў станоўчы
бок.

Цікавіць мясцовых жыхароў грамадска важная палітычная падзея – рэферэндум, таму яны таксама актыўна ўключыліся ў абмеркаванне праекта Асноўнага Закона краіны. Асабліва блізкі для многіх мясцовых жыхароў артыкул, які датычыць захавання гістарычнай памяці  і гістарычнай спадчыны краіны. Кожная беларуская сям’я сёння памятае тых, хто не вярнуўся з вайны. Мы, беларусы, ведаем, якой цаной дасталася Перамога, разумеем,  што значыць жыць у міры, павінны берагчы тое шчасце, што атрымалі ў спадчыну. Сёння для нас непрымальныя тыя заходнія сюжэты, калі гісторыя перапісваецца, калі  ў прыярытэце зусім іншыя каштоўнасці. Нам, нашчадкам пераможцаў, даверана самае каштоўнае – незалежнасць. Таму ў Год гістарычнай памяці так сімвалічна гучыць аднаўленне Кургана Славы, дзе некалі грымелі баі, дзе крывёй напісана гісторыя нашых герояў-вызваліцеляў. А колькі фактаў генацыду ўсплывае і сёння, колькі ляхавіцкіх хутароў і мястэчак было спалена. Таму для ўсіх краін, незалежна ад частак свету, тыя 41–45-я павінны стаць урокам, да чаго прыводзіць вайна. І калі гаварыць пра Канстытуцыю, сённяшнюю і тую, якую ў хуткім часе выберуць беларусы, важна разумець, што гэта наш гарант годнага жыцця. І наша праўда застанецца праўдай,
што чарговы раз замацуецца ў Канстытуцыі.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.