Русінавіцкае надзённае: 20 снежня кіраўніцтва раёна сустракалася з жыхарамі Начаўскага сельсавета

Сход па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння – такі прамы канал сувязі з насельніцтвам летась прапанаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. Сёлета сустрэчы, калі вяскоўцы і аграгараджане адрасуюць хвалюючыя іх пытанні прадстаўнікам улады, агучваюць праблемныя тэмы і выказваюць пажаданні па паляпшэнні ўмоў жыцця, прадоўжаны.

20 снежня кіраўніцтва раёна сустракалася з жыхарамі Начаўскага сельсавета. Сустрэча праходзіла ў Русінавіцкім СДК.
На тэрыторыі сельсавета пражываюць амаль 1500 чалавек, з якіх 834 знаходзяцца ў працаздольным узросце. Тут працуюць два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы – ААТ «Нача» і СВК «Ляхавіцкі», фермерская гаспадарка, адна сялянская. Падрабязную сацыяльна-эканамічную характарыстыку даў Начаўскаму сельсавету яго старшыня Вячаслаў Новік, які акрэсліў станоўчыя моманты ў дзейнасці мясцовага органа ўлады, выдзеліў і праблемныя. Сярод іх наяўнасць на тэрыторыі сельсавета старых і пустуючых дамоў. Такіх на сёння 29. Сельвыканкам прымае меры па пошуку гаспадароў, выдае прадпісанні па навядзенні парадку і г. д. За
14 гадоў за кошт знясення старых дамоў, якія ўяўляюць, у тым ліку, і пажаранебяспечную пагрозу, уцягнута ў севазварот больш за 17 гектараў зямлі.
Русінавічы і Гаслаўшчына – населеныя пункты, якія адносяцца да газіфікаваных. У многім гэта стала магчымым дзякуючы дапамозе СВК «Ляхавіцкі». Тыя з мясцовых жыхароў, хто жадаў, арганізавалі кааператыў і падвялі газ у свае дамы. Старшыня сельвыканкама шчыра дзякаваў за актыўную работу па газіфікацыі мясцовай жыхарцы Таццяне Таранда. Прадугледжана газіфікацыя і Начы. Усе гэтыя даброты дазволяць значна палепшыць умовы жыцця вяскоўцаў.


Аляксандра Вітко, які шмат гадоў узначальваў СВК «Ляха-
віцкі», а зараз займае пасаду намесніка старшыні, шчыра хвалюе эканамічны стан прадпрыемства. Паляпшэнне сітуацыі звязвае з будаўніцтвам малочнатаварнай фермы на 1000 галоў.
– Пойдзе малако – будзе лягчэй, – упэўнены Аляксандр Вітко.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз падкрэсліў, што райвыканкам усяляк пры магчымасці падтрымлівае сельгаспрадпрыемствы раёна незалежна ад іх формы ўласнасці. Для ўстойлівага плюса работы шмат. Так, з 24 МТФ раёна толькі на васьмі маюцца даільныя залы. А гэта і якасць малака, і ўмовы працы жывёлаводаў. Каб затрымаць добрых работнікаў у сельскай гаспадарцы, іх трэба забяспечыць дастойнай заработнай платай. Але ж многае залежыць і ад старанняў саміх людзей, а яны ў нас працавітыя і гаспадарлівыя, ёсць у каго вучыцца і на каго раўняцца. Сельская гаспадарка ва ўсе гады была перспектыўным накірункам, такім яна і застанецца, падкрэсліў Мікалай Мароз.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, асаблівую ўвагу звярнуў на навядзенне парадку на зямлі і на тое, што кожны павінен быць у гэтым зацікаўлены. Абавязковым для кожнага гаспадара падворка з’яўляецца заключэнне з камунгасам дагавораў на вываз смецця, таксама патрабуецца дакладнае замацаванне тэрыторыі за ўстановамі, утрыманне ў парадку могілак і г. д. Маецца праб-
лема і аднаўлення стану вуліц пасля падвядзення газу…
Што хвалюе жыхароў Начаўскага сельсавета?
У цэнтры ўвагі – стан дарог. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога расказаў, што за апошнія тры гады некаторыя з дарог сельсавета цалкам змяніліся. Укла-
дзена новае асфальтабетоннае пакрыццё ў Мыслабажы і на дарозе Ляхавічы – Перахрэсце,
пераведзены з гравійнага пакрыцця ў асфальтабетоннае ўчастак Грушаўка – Пашкоўцы, укладзены новы асфальт па вёсцы Рачканы. А гэта 13 кіламетраў дарожнага пакрыцця, кіламетр якога каштуе каля 250 тысяч рублёў.
У аграгараджан нараканні на дарогу на Гаслаўшчыну, стан вуліц Лугавой, Школьнай, Зарэчнай у Русінавічах, на адсутнасць тратуараў, пешаходнага пераходу. Начальнік ДРБУ-200 запэўніў, што пры спрыяльным надвор’і будзе выкананы ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця, а гравійныя дарогі падсыпаны спецыяльнай сумессю. Гэта стане магчымым з адкрыццём у першым квартале пясчана-гравійнага кар’ера недалёка ад аграгарадка Навасёлкі. Паступова будуць вырашацца і іншыя дарожныя пытанні.
Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч на пажаданні прысутных аграгараджан зрабіць флюараграфію па месцы жыхарства паабяцаў, што ў бліжэйшы час перасоўная флюараграфічная ўстаноўка прыедзе ў населены пункт. Павышэнню ўзроўню абслугоўвання насельніцтва бу-
дзе садзейнічаць і новая машына меддапамогі, набытая напачатку года за сродкі раённага бюджэту. Кошт абноўкі склаў 56000 рублёў. Машына будзе курсіраваць
як па гарадскіх, так і па раённых адрасах – да вяскоўцаў, прыпісаных да Альхоўскага, Русінавіцкага і Конькаўскага ФАПаў.
Галоўны ўрач райбальніцы нагадаў пра важнасць вакцы-
нацыі, што, згодна з новымі даследаваннямі, вакцынавацца можна праз два тыдні
пасля таго, як чалавек перанёс каранавірус. Прычым, прышчэпку
рэкамендуецца рабіць і дзецям –
на даны час ад 12 да 17 гадоў.
Жыхар вуліцы Вакзальнай у Русінавічах падзякаваў медыкам хуткай, якія аператыўна прыязджаюць на выклік да яго састарэлай маці і аказваюць кваліфікаваную меддапамогу.
Мясцовая жыхарка звярнулася да намесніка старшыні райвыканкама Святланы Юрлевіч з просьбай пабудаваць дзіцячую пляцоўку ў Русінавічах. Але ў прыватным сектары сацыяльнымі стандартамі гэта не прадугле-
джана. Як найбольш рэальны варыянт вырашэння пытання –
бацькам праявіць ініцыятыву і ўладкаваць для сваіх рабят
бяспечнае гульнёвае месца.
Сярод узнятых на сустрэчы пытанняў, якія патрабуюць вывучэння, – скарочаны графік работы паштовага аддзялення і аддзялення ашчадбанка: калі яны адкрыты – людзі на рабоце: немагчыма зняць грошы, папоўніць баланс на тэлефоне. Банкамата ў населеным пункце няма.
Па словах мясцовых жыхароў, недастатковае асвятленне каля Русінавіцкага ФАПа. А вось на вуліцах Лугавой і Шасэйнай светла – па просьбе аграгараджан там дадаткова павесілі два ліхтары, за што тамашнія жыхары шчыра ўдзячны начальніку раёна электрасетак Віктару Станкевічу. На пытанне, ці можна ўбраць з двара старыя апоры ліній электраперадачы, якія засталіся пасля заме-
ны на новыя, кіраўнік РЭС паабя-
цаў зрабіць гэта ў бліжэйшы час.
Пра гандлёвае і сацыяльнае забеспячэнне, пажарна-аварыйную сітуацыю ў раёне і меры прафілактыкі ўзгаранняў, як засцерагчыся ад кіберзлачынцаў і не стаць ахвярай крадзяжоў, пра дарожную бяспеку расказвалі, давалі адказы на многія пытанні кіраўнікі і прадстаўнікі адпаведных падраздзяленняў, калі патрабавалася, бралі праблему на аловак.

Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса асобна спыніўся на важнай палітычнай падзеі, якая адбудзецца
27 лютага, – рэферэндуме і выказаў упэўненасць,
што жыхары Начаўскага сельсавета сярод тых, хто прыме актыўны ўдзел у ім – гэта абавязак кожнага грамадзяніна.
Асобным блокам сустрэчы – важным і актуальным –
стала размова пра праект Канстытуцыі. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач падрабязна спынілася
на дапаўненнях і змяненнях, унесеных у Асноўны Закон.
У прыватнасці, яна адзначыла, што Канстытуцыя змяняецца згодна з патрабаваннямі часу і ў інтарэсах людзей. Грамадства не стаіць на месцы, развіваецца. Адпаведна, паўстала неабходнасць абнавіць артыкулы, закладзеныя ў важны для дзейнасці дзяржавы дакумент. Самае галоўнае, што ў праекце Асноўнага Закона і далей захоўваецца прынцып сацыяльнай арыентаванасці,
пры якім на першым месцы – чалавек.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.