В Ляховичским районном узле почтовой связи работают 52 почтальона, которые каждый день приносят в наши дома письма и газеты

Паштальён Валянціна Мансурава.

І хоць усё часцей мы чуем пра тое, што друкаваныя выданні адыходзяць у мінулае, вопытны паштальён Валянціна Мансурава з гэтым не згодна.
Яе працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін. Нягледзячы на надвор’е (а яно не заўсёды спрыяе, бо можа быць і дождж, і снегапад, і моцная спякота), пошта павінна быць дастаўлена своечасова.
З раніцы газеты і лісты ўжо раскладзены, неабходна толькі скампанаваць іх па «хадавіку» (г.зн. па маршруце) і адправіцца на ўчастак. У кожнага паштальёна свая тэрыторыя з арганізацыямі і жылымі дамамі. Валянціна Васільеўна расказвае:
— У мяне каля 420 аб’ектаў, і ўсіх сваіх падпісчыкаў я ведаю ў твар. Вельмі прыемна ад таго, што яны мяне чакаюць: заўсёды сустракаюць са шчырай усмешкай, гатовыя пагаварыць, а я, у сваю чаргу, гатова іх слухаць, бо вельмі часта сустракаю тых, каму не хапае зносін з блізкімі. Паштальёнам ужо 6 гадоў, і магу сказаць, што гэта праца для тых, каму яна сапраўды па душы.
Акрамя газет паштальён дастаўляе часопісы, заказныя пісьмы і бандэролі, пенсіі і грашовыя пераводы, афармляе падпіску на перыядычныя выданні. Усе ведаюць, што галоўным атрыбутам паштальёна з’яўляецца сумка. Вага яе не павінна перавышаць 7 кілаграмаў, але калі-нікалі даводзіцца насіць і пацяжэй.
Прафесія зусім няпростая. За дзень пройдзены шлях складае каля 13-15 кіламетраў, а на плячах сумка з карэспандэнцыяй і надвор’е «нялётнае». А, бывае, што ў двары, куды дастаўляецца карэспандэнцыя, злы сабака. На такі выпадак у сумцы кожнага паштальёна ёсць газавы балончык.
…Усе пісьмы і газеты разнесены, паведамленні і бандэролі дастаўлены, і можна лічыць, што працоўны дзень завяршыўся — на гадзінніку каля трох. А ў час падпісной кампаніі прыходзіцца даўжэй затрымлівацца на ўчастку, бывала, што амаль і да 19 гадзін.
Валянціна Васільеўна прызнаецца:
— На работу заўсёды іду з ахвотай, бо ведаю, што мяне чакаюць. Хочацца кожнаму падарыць часцінку майго добрага настрою.
Маргарыта Кухта,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *