Недастаткова і нездавальняюча. Такія ацэнкі атрымалі раённыя аператары па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў па выніках работы ў 2021 годзе

Цывілізаванае грамадства павінна цывілізавана і ад смецця пазбаўляцца. Будучае, несумненна, за сартаваннем і перапрацоўкай адходаў. Прычым гэты від дзейнасці дастаткова даходны, паколькі бытавыя адходы прыкладна на тры чвэрці складаюцца з паперы, палімераў, металу, тэкстылю, гумы, шкла і іншага. Усё гэта пры граматнай перапрацоўцы можна выкарыстоўваць у розных сферах вытворчасці, што прадастаўляе магчымасць эканоміць значныя сродкі.
Удасканаленне сістэмы абыходжання з адходамі ва ўсім свеце прызнаецца адной з галоўных праблем у галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Гэтыя словы прагучалі на самым пачатку аднаго з апошніх апаратных пасяджэнняў у старшыні райвыканкама. З іх і ў якасці асноўнага дакладчыка пачала сваё выступленне галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская падчас абмеркавання пытання аб выкананні дзяржаўнага заказу і даведзенага задання па здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў у раёне ў 2021 годзе.
Нагадаем, што рашэннем райвыканкама ўстаноўлены пералік арганізацый, абавязаных ажыццяўляць збор-нарыхтоўку ДМР. Даводзіўся від матэрыяльнага рэсурсу (папера-кардон, шкло, пластык, зношаныя шыны, адпрацаванае машыннае масла, бытавая тэхніка) і ў якой колькасці яго належала сабраць той ці іншай арганізацыі. У якасці тэрытарыяльных аператараў па зборы ДМР у раёне не першы ўжо год выступаюць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і Ляхавіцкае райпо. Іх роля, у тым ліку, і пасрэдніцкая: прыняць сабранае арганізацыямі і адправіць яго на перапрацоўку.
Як адзначыла дакладчык, са сваёй работай па тэме другасных матэрыяльных рэсурсаў камунгас справіўся недастаткова, райпо – нездавальняюча.
Працэнт выканання мінулагодніх паказчыкаў дзяржзаказу склаўся на ўзроўні 83,6 працэнта і атрымаўся на 7,2 пункта ніжэйшым у параўнанні з 2020 годам. А зыходзячы з дынамікі і ацэнка.
Адпаведна з лічбамі дзяржаўнага заказу, раёну летась неабходна было паставіць на перапрацоўку 250 тон макулатуры і 300 тон адходаў шкла (па 125 і 150 тон адпаведна кожнаму з аператараў). Па паперы-кардоне камунгас са сваім дзяржаўным заказам справіўся на 107,5 працэнта, райпо – на 101,4. У агульнай колькасці Ляхавіцкім раёнам у 2021 годзе было сабрана і пастаўлена на перапрацоўку 260,66 тоны макулатуры, што складае 104,3 працэнта ад задання.
А вось па другой пазіцыі дзяржзаказу – адходах шкла – у раённых зборшчыкаў ДМР гадавы баланс склаўся не належным чынам – толькі на 66,3 працэнта ад задання. Замест 150 тон шкла камунгасу атрымалася сабраць 120,7, а райпо – 78,3. Працэнт выканання склаў 80 з паловай і крыху больш за 52 працэнты адпаведна.
– Абодва аператары выканалі паказчыкі дзяржзаказу па макулатуры, але па адходах шкла ні ЖКГ, ні райпо не выканалі даведзеныя заданні, хоць раней запэўнівалі аб стапрацэнтным яго выкананні – падсумавала сумны ўвогуле вынік Наталля Маслоўская.
А што ж арганізацыі-зборшчыкі, якім удзелам адзначылася кожная з іх у важнай экалагічнай і рэсурсазберагальнай праграме? Як прагучала ў ходзе апаратнага пасяджэння, па выніках мінулага года, шэраг прадпрыемстваў не выканаў даведзеныя паказчыкі па зборы ДМР. Сярод іх найбольш «вызначыліся» прыватныя структуры: ЗТАА «БелДан», ТАА «Фермент», «ТМТ», «Мясакамбінат Ляхавічы». Яшчэ – аддзяленне «Белпошты», мясцовы кінатэатр, УП «Ляхавіцкае ПМС», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Шлях новы».
У той жа час былі адзначаны арганізацыі і структуры раёна, працэнт выканання якімі даведзеных заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў перавысіў лічбу 100. Іх вельмі многа. Напрыклад, нягледзячы на сказанае вышэй, «Шлях новы» трапіў і ў статыстыку лепшых па зборы адходаў пластыку. А ТАА «Транс-электракамплект» з заданнем па зборы гэтага віду матэрыяльнага рэсурсу справіўся больш як на 900 працэнтаў. Зразумела, памочнікам там выступіла спецыфіка вытворчасці, але факт заслугоўвае добрага слова. Як і прыклад СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», дзе таго ж пластыку сабралі для перапрацоўкі ці не ў чатыры з паловай разы больш за даведзеную норму. І многія-многія іншыя арганізацыі, прадпрыемствы, установы.
Хоць тэндэнцыя, якая мае адмоўную адзнаку ў параўнанні з 2020 годам, задавальняць ніяк не можа. Як адзначыў у якасці рэзюмэ старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай
Мароз, неабходна садзіцца і думаць, шукаць прычыны – чаму не выканалі. Падсабіць павінны ўсе – прынесці, умоўна кажучы, свой кілаграм ДМР.

Іван КАВАЛЕНКА.