Мы са школай у сэрцы назаўсёды

Спякотным летнім дзяньком ля ганка школы № 2 сабралася група немаладых ужо людзей. Шумныя воклічы, абдымкі, пацалункі, слёзы радасці — звычайная атмасфера сустрэчы выпускнікоў. Непаўторная, чуллівая, якая ўласціва святу, цеплыня, душэўнасць успамінаў, нібы хваля, накаціліся на ўсіх прысутных.

Жыццё, як рака, — цячэ хуткаплынна, але не дае забываць мінулае. З таго часу, калі мы ў 1971 годзе атрымалі атэстаты і раз’ехаліся ва ўсе канцы краіны, мінула 42 гады. Як даўно гэта было… А душа рвецца ў родны горад Ляхавічы.
Наш 10 «А» клас сустракаецца кожныя 5 гадоў. Аднакласніцы Людміла Чарняўская, Лілія Паўлоўская, Ларыса Страмавус не стамляюцца сустракаць і праводзіць нас. Заўсёды з радасцю, гасцінна далучаецца да гэтага і былы аднакласнік Яўгеній Юрлевіч.
У доўгачаканы летні дзень школа выглядала асабліва святочна ад шчодрых усмешак, слоў і ўспамінаў. Нашаму сэрцу дарагі кожны куточак роднага горада. Радуюць вока адноўленыя і папрыгажэўшыя вуліцы, дамы, тратуары, уражвае мноства кветак. Кіпіць работа — у горадзе рамонт. Адчуваецца клопат пра людзей і тое, што мае землякі любяць свой горад. Гараджанам неабыякавы лёс Ляхавічаў, бо тут давядзецца жыць іх дзецям і ўнукам.
Да чаго ж моцнае школьнае сяброўства! Ні час, ні адлегласць яму не перашкода. Сёлета, як і заўсёды, сабрала нас былы класны кіраўнік Валянціна Емяльянаўна Касцюкова, да якой захоўваем асаблівую павагу, і якая назаўсёды засталася для нас верным сябрам і дарадчыкам. Даўно яна на пенсіі, але па-ранейшаму актывістка, поўная энергіі — можна толькі пазайздросціць. Радуецца за нас, што ўдалося жыццё, што ўсе мы рэалізаваліся ў сваіх прафесіях, адчуваем сябе патрэбнымі і запатрабаванымі людзьмі. Яна навучыла нас радавацца жыццю і кожнаму дню, жыць згодна біблейскай мудрасці: «И воздастся вам по делам вашим». Вось мы і стараемся жыць так, каб рабіць дабро людзям. Былыя вучні жадаюць Валянціне Емяльянаўне цярпення, радасці, здароўя, аптымізму!
На жаль, не змаглі папрысутнічаць на сустрэчы педагогі Людміла Браніславаўна і Васілій Іванавіч Ясевічы, Клаўдзія Сяргееўна Здановіч, Мікалай Аляксандравіч Валністы. Але мы заўсёды памятаем іх урокі — строгія і патрабавальныя, памятаем, як яны далучалі нас да цудоўнага, вучылі роднай мове і дакладным навукам. Памятаем і тых аднакласнікаў і настаўнікаў, каго ўжо няма на свеце.
…Вось і падышла да канца сустрэча, на якой мы атрымалі вялікі зарад бадзёрасці і станоўчыя эмоцыі. Вельмі хочацца дачакацца наступнай — у цудоўным гарадку нашага юнацтва.
Мы вярнуліся сюды мудрымі, як да роднай маці, сюды, дзе пачыналі свой жыццёвы шлях. Нізка кланяемся бацькам і настаўнікам, што вывелі нас у людзі, і любімым Ляхавічам — лепшаму месцу ў свеце.
З павагай,
Ларыса КАПЦЭВІЧ,
выпускніца СШ № 2 1971 г.

Ад рэдакцыі.
Вельмі прыемна чытаць гэтыя радкі, тым больш калі ўдакладніць, што прыйшлі яны з Украіны. Ларыса Капцэвіч застаецца адным з самых добразычлівых і ўважлівых чытачоў раёнкі, якія жывуць за межамі нашай краіны, — яна пастаянна наведвае сайт «ЛВ» і пакідае каментарыі на самыя розныя тэмы. Заўсёды шчыра, ад душы, з любоўю да сваёй маленькай радзімы — Ляхавіч.

One thought on “Мы са школай у сэрцы назаўсёды

  • 13/08/2013 в 22:58
    Permalink

    Дзякуй рэдакцыі за ўвагу, за паразуменне і чулыя адносіны да читача.Я заўсёды ад скарынкі да скарынкі чытаю вашу газету, заўсёды ў курсе ўсіх падзей у районе.Я ганаруся Вамі, землякі! Заўсёды з захапленнем расказваю сваім калегам пра жыццё і дасягнення Ляхаучан. Будзьце ўсе здаровыя і шчаслівыя!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *