Дзень пашаны. Шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня воінаў-інтэрнацыяналістаў, прайшоў і на Ляхавіччыне

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Для іх 15 лютага дзень асаблівы, узрушана-памятны, да болю шчымлівы, радасны і сумны адначасова. У гэты дзень у далёкім 1989 годзе апошні савецкі салдат пакінуў разбураны вайной Афганістан. І менавіта 15 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Тыя, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак, сёння збіраюцца разам, каб успомніць, пагаварыць, падзяліцца навінамі і проста памаўчаць у памяць тых, каго сёння няма ў жывых. Наогул, баявое братэрства, у тым ліку афганскае, – непарушнае, таму праз гады яны разам, дапамагаюць, падтрымліваюць і радуюцца поспехам адзін аднаго. Ветэранаў баявых дзеянняў сёння наўрад ці адразу пазнаеш сярод тых, хто жыве побач. Яны працуюць, выхоўваюць дзяцей і ўнукаў, займаюцца грамадскімі справамі. А Афганістан нагадвае ім пра сябе ў трывожных снах.
Воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, ваенкамата, моладзь, школьнікі і сёлета сабраліся, каб успомніць пра слаўных сыноў Айчыны, якія ў чужой краіне дэманстравалі мужнасць, вытрымку, вернасць воінскай прысязе, сяброўскую падтрымку. Былі ўскладзены вянкі і кветкі да памятнага знака ў Ляхавічах, ушанавалі хвілінай маўчання памяць загінулых.
У кінатэатры «Кастрычнік» прайшлі ўрачыстасці да памятнага Дня. Нямала шчырых, цёплых слоў у адрас былых салдатаў сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, падкрэсліў, што ляхавічане ганарацца сваімі землякамі, якія дастойна выканалі заданне Радзімы. Ад імя воінаў- інтэрнацыяналістаў выступіў Уладзімір Жыгадла. Гучалі песні, разам паглядзелі кінастужку
«9 рота».
Усім удзельнікам афганскай вайны, бацькам загінулых, сем’ям памерлых аказана матэрыяльная дапамога з раённага бюджэту.
У гэты ж дзень воіны-інтэрнацыяналісты наведалі магілы
воінаў, загінулых у далёкай краіне, і тых, хто памёр у мірны час.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.