Па маршруце подзвігу. На Ляхавіччыне адбыўся патрыятычны маладзёжны аўтапрабег

«Героі нашага часу» – так на Ляхавіччыне назвалі патрыятычны маладзёжны аўтапрабег, прымеркаваны да Дня абаронцаў Айчыны і Года гістарычнай памяці. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Аўтакалона, упрыгожаная дзяржаўнымі сцягамі, накіравалася  ў Баранавічы – у вайсковую часць 7404.

Тут 25 гадоў назад праходзіў тэрміновую ваенную службу ўраджэнец вёскі Крывошын Сяргей Свянтэцкі. Юнак цаною ўласнага жыцця спыніў уцёкі асуджаных, якіх канваіравалі ў месцы адбывання пакарання. Ваеннаслужачы ўнутраных войскаў Сяргей Свянтэцкі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць» – першым з прадстаўнікоў унутраных войскаў.
Памяць пра подзвіг ураджэнца Ляхавіцкага раёна жыве. І не толькі ў роднай вёсцы і ў школе, дзе вучыўся Сяргей. Яго імя навечна занесена ў спісы асабовага складу часці. Асобная экспазіцыя ў музеі вайсковай часці прысвечана радавому Сяргею Свянтэцкаму, учынак якога стаў узорам мужнасці і адвагі. На тэрыторыі часці ўстаноўлены памятны знак з барэльефам героя. Тут ужо чвэрць стагоддзя адбываецца рытуал уручэння зброі салдатам. 
Менавіта тут і прайшоў мітынг удзельнікаў патрыятычнага аўтапрабегу, якіх вітаў камандзір вайсковай часці палкоўнік Вячаслаў Люшкевіч. Пра патрыятызм і мужнасць, воінскі абавязак, пра герояў нашага часу гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Эмацыянальным і пранікнёным быў расказ старшакласніцы Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча Святланы Бурчыц пра гераічнага аднавяскоўца і пра памяць, якую пра яго захоўваюць на малой радзіме.
Маршрут пашаны завяршыў канцэрт самадзейных артыстаў Ляхавіччыны і прадстаўнікоў часці.
Героі жывуць сярод нас і сёння. Няхай іх гераізм праяўляецца працоўнымі дасягненнямі і важкімі вынікамі, і ні ў якім разе не каштуе жыцця. Наша гістарычная памяць заклікана берагчы мір і спакой у  краіне.

Антон МАСЛОЎСКІ, начальнік участка ААТ «Ляхавіцкі льнозавод»:
– Сімвалічна напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны прыняць удзел у аўтапрабегу пад дзяржаўнымі сцягамі. Было патрыятычна і ўрачыста, вельмі святочна. Такі аўтамаршрут згуртоўвае і яднае. А яшчэ надае ўпэўненасці, што калі мы разам, нам падуладны любыя вяршыні.
Яшчэ са школы шмат чуў пра подзвіг нашага земляка Сяргея Свянтэцкага – сапраўднага героя. Пра гэта неабходна гаварыць з падрастаючым пакаленнем, каб ведалі і шанавалі памяць. У гэтым і ёсць патрыятызм, любоў да Айчыны. А Год гістарычнай памяці – сімвал нашага беларускага адзінства.
Упэўнены, мір і росквіт залежаць ад намаганняў кожнага з нас. І мы павінны разам захаваць нашу гістарычную памяць, традыцыі і каштоўнасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.­