Як на Масленічныя імяніны. У Ляхавіцкім аграрным каледжы развіталіся з зімой

З зімой развіталіся, вясну сустрэлі, аладкамі паласаваліся, хараводы павадзілі, песні паспявалі, у конкурсах паўдзельнічалі. І шмат чаго іншага і цікавага, вясёлага і актыўнага адбывалася ў двары Ляхавіцкага аграрнага каледжа ў мінулы аўторак. Прычым, размах такі, што можа пазайздросціць і раённае свята. А назва ўсяму гэтаму дзейству «Масленіца».

– Гэта мерапрыемства даўно стала традыцыйным і надзвычай папулярным сярод каляджан. А сёлета запрасілі і шаноўных гасцей – удзельнікаў народнага клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна». Стараліся арганізаваць гулянне такім чынам, каб спадабалася ўсім і было захапляльна. І, па водгуках удзельнікаў, усім усё спадабалася, – расказвае намеснік дырэктара ЛАКа Таццяна Траццяк.
Цікавым і смачным атрымаўся конкурс на лепшага майстра-кулінара па выпяканні аладак. І хоць былі вызначаны пераможцы, у тым ліку і калектыўныя, у розных намінацыях, у найбольшым выйгрышы аказаліся тыя, хто пакаштаваў аладкі. Дарэчы, сярод пераможцаў і работнікі каледжа – лабарант Алена Паўлава і выкладчык Ала Філічкіна. Можна было пакаштаваць і смачнай грэцкай кашы з тушонкай.

Зіму праводзілі ўрачыста, аддалі ёй даніну павагі за снег і нават за мароз. А потым гучна клікалі вясну. І вось яна прыгожая, маладая, на кані, запрэжаным у воз, заехала пад апладысменты прысутных у каледжскі двор. Дарэчы, потым на кані маглі пакатацца ўсе жадаючыя. Каб задобрыць Вясну, палілі пудзіла, праслаўлялі яе карагодамі і песнямі. Спаборніцтвы на мацнейшага і спрытнейшага, скамарохі, перацягванне каната, цудоўныя спевы «Сівізны» – свята адназначна атрымалася, пра што сведчыць галоўны індыкатар – добры настрой удзельнікаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.