Пра пакупніцкія правы і абавязкі прадаўцоў. Кампетэнтныя адказы па кожным пытанні дае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Ляхавіцкага райвыканкама

15 сакавіка ў календары пазначаны як Дзень спажыўца ў нашай краіне і Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў. У Ляхавіцкім раёне спецыяльна ўпаўнаважаным органам па абароне правоў спажыўцоў з’яўляецца аддзел эканомікі райвыканкама. Спецыялісты аддзела кантралююць выкананне правілаў гандлёвага, бытавога і іншых відаў абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі раёна, кансультуюць, разглядаюць звароты, заявы і скаргі грамадзян па даных пытаннях.
Сёння на старонках «ЛВ» найбольш распаўсюджаныя тэмы ўздымаюць нашы землякі.
А кампетэнтныя адказы па кожным пытанні дае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна РАМАНАВА.

– Наколькі часта жыхары раёна звяртаюцца з праблемай урэгулявання адносін «спажывец – пастаўшчык», «пакупнік – прадавец»?
– На жаль, нягледзячы на прымаемыя разнастайныя меры, правы спажыўцоў, якія рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», сістэматычна парушаюцца. Таму, купляючы любы тавар, памятайце, такая працэдура фіксуецца выдачай дакумента, які пацвярджае куплю: чэк, квітанцыя, дагавор ці білет. Таму не выкідвайце іх. Напрыклад, калі вы купілі ў магазіне ёгурт, а толькі дома заўважылі, што ў яго закончыўся тэрмін прыгоднасці, пры наяўнасці чэка вы заўсёды зможаце патрабаваць замены прадукту.
Разам з тым, адсутнасць у спажыўца дакумента, які пацвяр-джае факт набыцця тавару, не з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні яго патрабаванняў. Фактам пацвярджэння куплі могуць быць паказанні сведкаў, элементы ўпакоўкі з адзнакамі, што тавар куплены менавіта ў гэтага прадаўца. І ўвогуле, набываючы звыклыя тавары, не забывайце ўважліва вывучаць упакоўку і не саромейцеся задаваць пытанні прадаўцу.
Дадаткова паведамлю, што закон распаўсюджваецца на адносіны паміж спажыўцамі і вытворцамі, прадаўцамі, пастаўшчыкамі, рамонтнымі арганізацыямі, якія ўзнікаюць з дагавораў рознічнай куплі-продажу, арэнды, страхавання, перавозкі пасажыра і яго багажу і г. д.

– У адным з магазінаў райцэнтра купляла свежае мяса. Прадавец катэгарычна адмовілася разразаць вялікі кавалак вагой прыблізна кілаграмаў пяць. Аргументавала сваю адмову наступным: маўляў, потым кускамі цяжка прадаць. Параіла купіць раней адрэзаны кавалак. Наколькі правільныя дзеянні прадаўца? Што параіце ў такой сітуацыі пакупніку?
– Калі прадукт прадаецца на вагу, як сырое мяса, каўбаса, кулінарная прадукцыя і іншае, то ўзважыць павінны столькі, колькі неабходна пакупніку ў грамах, кілаграмах. Калі прадавец адмаўляе прадаць пакупніку, напрыклад, патрэбную колькасць мяса ці каўбасы, аргументуючы тым, што не зможа потым рэалізаваць рэшткі, то супрацоўнік магазіна парушае правілы гандлю. Прадавец можа прапанаваць пакупніку іншы кавалак, але не патрабаваць купіць менавіта тую частку. Згодна з нарматыўнымі прадпісаннямі, спажывец мае права на свабодны выбар тавару, а прадавец, у сваю чаргу, не мае права абмяжоўваць спажыўцу свабоду выбару тавару. Трэба было звярнуцца да адміністрацыі магазіна, ці напісаць заўвагу ў Кнігу заўваг і прапаноў.

Купіў дарагі мабільны тэлефон. Спачатку ўсё было добра, а прыкладна праз тыдзень апарат пачаў глючыць, прычым, рэгулярна. Звярнуўся ў магазін, дзе набываў тавар, там прапанавалі толькі адзін варыянт: аддаць тэлефон для высвятлення прычыны збояў. А ўзамен не прапанавалі іншы тэлефон. Я папрасіў замяніць на новы тэлефон, адмовілі. Што рабіць?
– Згодна з артыкулам 20 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», пакупнік, якому прададзены тавар неналежнай якасці, калі яго недахопы не былі агавораны прадаўцом, мае права па сваім выбары патрабаваць: замены недабраякаснага тавару аналагічным належнай якасці, суразмернага змяншэння кошту тавару, неадкладнага бясплатнага ўхілення недахопаў тавару, вяртання пакупніку расходаў па ўхіленні недахопу тавару.
Пры ўзнікненні паміж спажыўцом і прадаўцом спрэчкі аб наяўнасці недахопаў тавару і прычын іх узнікнення прадавец абавязаны правесці экспертызу тавару за ўласны кошт. Аднак, калі экспертыза пакажа, што тэлефонныя пашкоджанні – віна пакупніка, то вы не зможаце прад’явіць прэтэнзіі прадаўцу.

Нядаўна ў аптэцы набыў лякарства, але пераблытаў дазіроўку. Звярнуўся да аптэкара, каб памянялі на прэпарат з патрэбнай мне дазіроўкай. У абмене адмовілі. Чаму?
– Такая адмова законная. Медыцынскія прэпараты адно-сяцца да той катэгорыі тавараў, якія не падлягаюць абмену ці вяртанню. Папярэджанне пра гэта размешчана ў кожнай аптэцы. Дарэчы, тычыцца гэта і прадметаў асабістай гігіены накшталт зубных шчотак, парфумерыі і касметыкі, тавараў, якія вымяраюцца ў метрах (тканіна, тасьма, стужка, правады, шнуры, кабелі, лінолеум, плёнка), бытавой хіміі, ювелірных вырабаў і іншых.

Праз сацыяльную сетку «Аднакласнікі» набыла сукенку, зрабіла папярэднюю аплату банкаўскай карткай. Аднак, прыслалі зусім іншы фасон і не таго памеру. Прадавец адмаўляецца прымаць сукенку назад і вяртаць грошы.
– У гэтым выпадку чалавек наўрад ці верне патрачаныя грошы. І вось чаму. Пры набыцці тавараў у інтэрнэт-магазіне за пакупніком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў». Сацыяльныя сеткі не з’яўляюцца інтэрнэт-магазінам. Набываючы тавар, па сутнасці, у фізічнай асобы, пакупнік уступае ў грамадзянска-прававыя адносіны, спрэчкі па якіх вырашаюцца ў судовым парадку. Пакупніку, які набыў тавар ці атрымаў паслугу праз сацыяльныя сеткі, у выпадку ўзнікнення такой сітуацыі дапамагчы цяжка. Бо складана нават устанавіць асобу, якая прадала тавар. Таму рэкамендую спажыўцам добра падумаць, перш чым звязвацца з такім прадаўцом.
Апошнім часам пачасціліся звароты ад грамадзян, якія робяць пакупкі ў інтэрнэт-магазіне Wildberries. Заказ тавараў з тэрыторыі Беларусі ажыццяўляецца праз сайт www. by. Wildberries.ru, уладальнікам якога з’яўляецца расійскі прадавец. Такім чынам, афармляючы заказ, беларускі спажывец купляе тавар у Расіі. Таму дзеянне беларускіх нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць адносіны паміж пакупніком і прадаўцом, у даным выпадку не распаўсюджваецца. А заказ тавару ажыццяўляецца з улікам патрабаванняў расійскага заканадаўства. Калі ўзнікае канфліктная сітуацыя, неабходна звяртацца да прадаўца – уладальніка гандлёвай пляцоўкі Wildberries ТАА «Вайлдберрыз». Калі ж сітуацыя так і не выра-шаецца, спажывец мае права звярнуцца ў Федэральную службу па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў і дабрабыту чалавека – Расспажыўнагляд у Расійскай Федэрацыі.

Набыла жаночую скураную сумку за 320 рублёў. Дома яна праляжала тры дні. Вырашыла насіць абноўку. Аднак адзін з замкоў ніяк не жадаў зашпільвацца. Паехала ў магазін, прадаставіла чэк, які пацвярджае куплю. Прадавец пацвердзіла брак і вярнула мне грошы, але не 320, а 298 рублёў. Бо на даны момант на гэты від сумак у магазіне скідка.
– Пры вяртанні пакупніку заплачаных за тавар грошай прадавец не мае права ўтрымліваць з іх тую суму, на якую знізіўся кошт тавару. Пакупнік мае поўнае права патрабаваць вяртання менавіта той сумы, якую ён заплаціў, купляючы сумку.
Нагадаю, абгрунтаваныя патрабаванні спажыўца падлягаюць задавальненню прадаўцом неадкладна, максімальны тэрмін –
сем дзён, пры неабходнасці правядзення экспертызы максімальны тэрмін – 14 дзён. І яшчэ важная акалічнасць: за парушэн-не тэрмінаў задавальнення абгрунтаваных патрабаванняў спажыўца прадавец, які дапусціў парушэнне тэрмінаў, павінен заплаціць спажыўцу няўстойку ў памеры аднаго працэнта ад цаны тавару за кожны дзень пратэрміноўкі.

Месяц назад у кватэры ўстанавілі заказаную шафу-купэ, але праз два тыдні пасля ўстаноўкі дзверцы перасталі шчыльна зачыняцца. Патэлефанавалі на фірму, а там сказалі, што гэта можа адбывацца па розных прычынах – ад істотнай загрузкі шафы, напрыклад, вісіць шмат адзення, а таксама ад перападаў тэмпературы ў кватэры і іншых прычын. Сказалі, што могуць ухіліць праблему, але за дадат-ковую плату. Ці правільна з мяне збіраюцца ўзяць грошы?
– Калі дзверы перасталі зачыняцца, гэта ўжо недахоп. Калі ён выяўлены ў межах гарантыйнага тэрміну, то ўхіляць яго павінен выканаўца работ за свой кошт і ўласнымі сіламі. Такім чынам, рамантаваць мэблю павінен той, хто вам устанаўліваў шафу. Прычым, выконваць гэту паслугу бясплатна, бо гарантыя яшчэ дзейнічае.
Вытворцы паслуг часта прыдумваюць адгаворкі, абы толькі пазбегнуць ухілення недахопаў за свой кошт.

Дачка прывезла мне ў падарунак паліто. Але яно не падышло па памеры. Ці можна яго вярнуць назад і атрымаць грошы?
– Спажывец мае права на працягу 14 дзён з моманту набыцця тавару патрабаваць яго замены на аналагічны тавар, калі ён не падышоў па памеры, колеры, фасоне, і калі пры гэтым рэч не была ва ўжыванні, захаваны яе таварны выгляд, ярлыкі, этыкетка. Пры адсутнасці замены спажывец мае поўнае права патрабаваць вяртання заплачанай за тавар сумы.

Купілі ў сеткавым магазіне камп’ютар, не карысталіся ім, нават не ўключалі. Ці можна яго вярнуць назад у магазін?
– Згодна з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў», тэхнічна складаныя нехарчовыя тавары належнай якасці, у тым ліку камп’ютары і ноўтбукі, не належаць не толькі вяртанню, але і абмену.Так што ў вашым выпадку выхад адзін –  карыстацца камп’ютарам.

Купілі боты ў магазіне месяц назад. А цяпер вось абцас стаў хісткі. Куды звяртацца? Няўжо выкідваць абутак?
– Калі гэта заводскі брак, вы маеце права вярнуць абутак. Параю звярнуцца ў магазін і пакінуць пісьмовую прэтэнзію, а таксама патрабуйце Кнігу заўваг і прапаноў, у якой пакіньце заўвагу пра брак тавару. Звычайна дастаткова такіх дзеянняў. Калі гэта не дапаможа, звяртайцеся да нас, каб вырашаць сітуацыю.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта https://director.by

Чарговая гарачая лінія па пытаннях абароны правоў спажыўцоў адбудзецца  15 сакавіка 2022 года з 9.00 да 12.00 па тэлефоне 6-07-62. На вашы пытанні адкажуць спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама.