Шчасце, памножанае на пяць. Указам Прэзідэнта Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджана жыхарка Ляхавіцкага раёна

Выдатная сямёрка – гэта пра маму, тату і пецярых дзяцей. Знаёмцеся: сям’я Палуянаў

Пяшчотныя ручкі вельмі моцна абдымаюць матулю за шыю, на твары дзіцяці бязмежна шчырая ўсмешка. На такую карціну, намаляваную жыццём, можна глядзець бясконца. А калі не адно дзіцё, а пяцёра адчуваюць такі ўсплёск шчымлівых эмоцый – уявіце бязмежнае шчасце маці.

– Дзеці – гэта тое, дзеля чаго мы з мужам жывём, наша радасць. Дачушкі і сынок – любоў, натхненне, яны надаюць сіл і кожную хвіліну дораць станоўчыя эмоцыі. Бачыць іх усмешку, ра-зам радавацца і разам вырашаць узнікшыя праблемы, ствараць утульнасць і дабрабыт – такія прыемныя клопаты, яны для ўсіх нас агульныя, – гаворыць наша зямлячка мнагадзетная маці Кацярына Палуян.
Пра кожнага са сваіх любімак мама можа расказваць бясконца, пра іх захапленні і перамогі, дзіцячыя роспачы і маленькія тайны, школьныя справы і цікавыя гульні. Старэйшая 19-гадовая Ксенія – без пяці хвілін настаўніца замежнай мовы, зараз вучыцца ў Рэчыцкім педагагічным каледжы, дзе, акрамя добрых ведаў па дысцыплінах, паказвае і выдатныя спартыўныя дасягненні, выступае за каледжскую лёгкаатлетычную каманду. Як толькі выдаюцца свабодныя выхадныя, яна спяшаецца дамоў, дзе яе з нецярпеннем чакаюць бацькі, сястрычкі і брацік. Ксенія не толькі першая маміна памочніца, але і сяброўка, ім ёсць пра што, сваё дзявочае, пагаварыць, пасакрэтнічаць.
– Сафіі хутка споўніцца 16 гадоў. Дзяўчынка творчая, таленавітая, вельмі мэтанакіраваная. Закончыла Ляхавіцкую дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна, зараз займаецца ў музычнай студыі ў ГДК, выступае ў разнастайных канцэртных праграмах. А вось дзесяцігадовая Танюша і дзевяцігадовы Мацвей больш сябруюць са спортам, абодва дзюдаісты, прычым, менавіта Таня прывяла брата ў спартыўную школу. Так што на дваіх у іх нямала перамог, – з гонарам расказвае пра дзяцей Кацярына Палуян.
А бясспрэчны цэнтр сусвету ў сям’ Палуянаў – маленькая прыгажуня Ясенія, малышцы хутка споўніцца два годзікі.
– Разумець з першага погляду, адчуваць сэрцам, прымаць кожнага такім, які ён ёсць. Бацькам трэба быць для дзяцей не толькі бацькамі, але і добрымі сябрамі, настаўнікамі, аднадумцамі. Лічу, што цеплыня і пяшчота, якую штодня ўкладваеш у дзяцей, вяртаюцца ў шматразовым памеры, – упэўнена мнагадзетная маці.
Дружная сям’я жыве ў трохпакаёвай кватэры ў вёсцы Вялікая Лотва. Як расказвае Кацярына, раней трымалі вялікую гаспадарку, цяпер засталася толькі свойская птушка. І з усімі дамашнімі справамі дарослыя спраўляюцца з дзіцячай дапамогай. Прычым ніхто нікога не прымушае, дзеці самі з задавальненнем дапамагаюць бацькам, рабіць іх прывучалі з маленства. Нават Ясенія ведае, што пасля гульні трэба прыбіраць цацкі. Старэйшыя – і ўвогуле памочнікі бацькоў: ім любую хатнюю справу можна даверыць, з асаблівай радасцю яны няньчацца з малодшай сястрычкай.
– Самае важнае – любоў, узаемападтрымка, узаемадапамога, павага, шчырасць і добразычлівасць. Калі ведаеш, адчуваеш, што б ні здарылася – ты не застанешся адзін, побач будуць муж, дзеці, бацькі, брат з сям’ёй. З мужам вучым так жыць сваіх дзяцей, па-добраму ставіцца да іншых, паважаць чужое меркаванне, прыслухоўвацца да парад блізкіх людзей, не абражаць нікога, – дзеліцца сакрэтамі выхавання Кацярына Палуян.
Гэта сям’я прытрымліваецца хрысціянскіх праваслаўных традыцый, шануе сямейныя каштоўнасці, у яе нямала завядзёнак. Напрыклад, кожную нядзелю яны разам наведваюць богаслужэнні ў Крыжаўзвіжанскай царкве ў Ляхавічах. А яшчэ абавязкова штогод на Ражджаство і Вялікдзень збіраюцца разам сем’і Кацярыны і яе брата, а таксама іх бацькі.
Кацярына Палуян выканала сваю галоўную жаночую місію — нарадзіла дзяцей. Але яна рэалізавала сябе і прафесійна. Кацярына Рыгораўна – дыпламаваны спецыяліст сельскагаспадарчага профілю – ветурач. Спачатку атрымала дыплом Ляхавіцкага аграрнага каледжа, потым завочна закончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, пэўны час працавала ў СВК «Шлях новы», цяпер ветурачом у філіяле «Кааппрам» Ляхавіцкага райпо. Сцвярджае: будучую прафесію выбрала свядома, хацелася дапамагаць жывёлам. І пра колішні выбар не шкадуе.
На пытанне, ці планавала быць мнагадзетнай маці, Кацярына дае адмоўны адказ. У яе бацькоў двое дзяцей, муж і ўвогуле быў адзіным дзіцем у сваіх, а ў іх сям’і шчасце ў пяціразовым памеры.
– Гэта блаславенне нябёсаў, шчасце, наканаванае лёсам. Чаму я бязмежна рада. Так, складана. Дзякуй бацькам, якія дапамагалі, асабліва з першынцам; мужу, які ва ўсім падтрымлівае, дзецям – яны бязмежная крыніца натхнення. І дзяржава не пакідае сем’і з дзецьмі без падтрымкі. Вось, напрыклад, сямейны капітал – істотная дапамога, якую плануем выкарыстаць для атрымання стаматалагічных паслуг. Таксама атрымлівалі і адрасную сацыяльную дапамогу, – расказвае мнагадзетная маці.
А напрыканцы лютага яшчэ адна радасная навіна зазірнула ў сям’ю Палуянаў. Указам Прэзідэнта Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджана і жыхарка Ляхавіцкага раёна Кацярына Палуян. Выдатная адзнака і прызнанне жанчыне, якая нарадзіла і выхоўвае пецярых дзетак.
Выхоўваць аднаго малыша – вялікая радасць. Калі ў сям’і шмат дзяцей – гэта ўжо вялікая штодзённая праца, бязмежная адказнасць, бо бацькі ў адказе за кожнага з іх, яны выхоўваюць маленькіх грамадзян сваёй роднай Беларусі, будучыню сваёй краіны.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.