Патрабуюцца меры радыкальныя

На справаздачна-выбарным сходзе ў СВК «Востраў-Агра» старшыня сельгаскааператыва Уладзімір Мароз усё ўзяў у свае рукі: адкрыў сход, выбраў прэзідыум, «даў» сабе слова — і пачаўся маналог «пакрыўджанага» старшыні, якога, па яго словах, прыцясняюць, пазбаўляюць, адхіляюць… І з-за гэтага, нібы, у гаспадарцы нізкая ўраджайнасць, надоі і прывагі, не хапае тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў, не прыжываюцца спецыялісты і радавыя работнікі — карацей, «Востраў-Агра» лёг на лапаткі. Хоць, па словах Уладзіміра Мароза, сітуацыя 2007 года, калі ён прыняў гаспадарку, выглядала намнога горш. Пад яго кіраўніцтвам рэканструявана ферма «Востраў» (за кошт ільготных крэдытаў), а таксама фермы «Рагачы», «Кулікі», дзе, у асноўным, былі выкарыстаны свае рэсурсы.

Ільготныя крэдыты таксама трэба вяртаць. А грошай няма. З кастрычніка мінулага года пратэрмінаваная запазычанасць банку склала ўжо 250 мільёнаў руб- лёў, плюс 236 мільёнаў — працэнты. Далейшае супрацоўніцтва з гэтым сельгаскааператывам банкі спынілі. Няма за што купіць паліва, тэхніка прастойвала тады, калі павінна была працаваць. Пра набыццё канцэнтратаў, угнаенняў, запчастак размова і ўвогуле не ідзе па той самай прычыне. Натуральна, што надоі і прывагі паўзуць уніз.
Уладзімір Мароз на сваё ж пытанне, як жыць далей, адказу ў справаздачы не даў. Праўда, некалькімі сказамі ўсё ж акрэсліў праграму дзеяння: каб пасеяць, трэба добра падрыхтаваць глебу, мець якаснае насенне, захаваць севазварот. Да тэхнікі ставіцца беражліва, паліва эканоміць. Нядаўна на яе, дарэчы, устанавілі навігатары (на гэта грошы знайшліся), і, як запэўнівае старшыня, многае стала празрыстым.
Каб развівалася жывёлагадоўля, неабходны добрыя кармы, наладжаная селекцыйная работа. Будаўнікі павінны падрыхтаваць фермы да зімы, узвесці радзільнае аддзяленне, прафілакторый для цялят. Праўда, якім чынам усё гэта зрабіць, старшыня не расказаў. Чамусьці прамаўчалі галоўныя спецыялісты сельгаскааператыва, ціхенька прасядзелі ў зале і ўсе працаўнікі. Няўжо іх задавальняе тое, што ў калектыве «кульгае» дысцыпліна, што даяркі ходзяць па гноі ў дзіравых ботах, не маюць нармальнага спец-адзення? А зарплата таксама задавальняе? У лепшым выпадку востраўская даярка можа зарабіць за месяц крыху больш як 2 мільёны рублёў…
На гэтым сход працаўнікоў СВК «Востраў-Агра» пачаў закругляцца, перайшлі да выбараў старшыні. Кандыдатура на пасаду была адна — Уладзіміра Мароза. За яго сход і прагаласаваў.
Сітуацыю ў СВК «Востраў-Агра» па просьбе рэдакцыі пракаментавалі спецыялісты райсельгасхарчу.
Аляксей ШЫТАЎ,
галоўны заатэхнік:

— У гаспадарцы адсутнічае планавая і якасная работа па аднаўленні статка. За 7 месяцаў пакрыта на 151 карову менш, чым летась, пад ацёл наступнага года пакрыта на 70 кароў менш. Прычына — адсутнасць пастаяннага тэхніка-асемянатара: працаваць у востраўскіх умовах і за такую зарплату няма жадаючых. З пачатку года на 100 кароў, якія расцяліліся, прыпадае 22 цяляці — самы нізкі паказчык у раёне. Ужо цяпер можна сказаць, што сёлета больш як палова кароў застанецца ялавымі. З-за вялікага невытворчага выбыцця і недаатрымання цялят на 100 галоў матачнага пагалоўя прыпадае 60 цялушак (для эфектыўнага гаспадарання патрэбна як мінімум 100). Старшыня гаспадаркі паабяцаў абмяняць 22 бычкі на цялушак. Але пакуль не будзе наладжана работа на месцы, такія метады сітуацыю не выратуюць.
Уладзімір Мароз аб’явіў, што гаспадарка ўдвая павялічыла здачу мяса. За кошт чаго? Каб выплаціць людзям зарплату ці тэрмінова купіць паліва, запчасткі і г. д., на мясакамбінат адпраўляецца матачнае пагалоўе… Лепш накіравалі б намаганні на тое, каб дабіцца павышэння якасці малака. За 7 месяцаў вышэйшым гатункам яго прададзена ўсяго 403 тоны (59,4 працэнта). Гэта ж колькі павісла ў паветры віртуальных мільёнаў рублёў! Дарэчы, дабіцца лепшых якасных параметраў малака ў іх умовах не так і складана. Трэба правільна і своечасова лячыць кароў, бо, як паказваюць даследаванні, малако «кішыць» саматычнымі клеткамі.
Наступнае пытанне — забеспячэнне статка пашай. На першы погляд, здаецца, работы праводзяцца — падсеў, перазалужэнне. Але догляду ніякага, значыць, і аддача мізэрная. Кармавая база таксама павінна быць на ўзроўні. Сёлета, каб сэканоміць паліва і тэхнічныя рэсурсы, рыхтавалі сена — у 4,5 раза больш планавага задання, затое сенажу ўсяго 18 працэнтаў да патрэбнай колькасці.
Спынены работы па рэканструкцыі двух жывёлагадоўчых памяшканняў. Узнікаюць пытанні і на рэканструяванай востраўскай ферме, куды ўкладзены 1 мільярд 200 мільёнаў крэдытных грошай: палепшаны ўмовы ўтрымання жывёлы, аблегчана праца людзей, а надой на карову за 7 месяцаў склаў 1074 кілаграмы малака — на 793 кілаграмы менш, чым у адпаведны перыяд мінулага года на старой ферме…
Мікалай КАПЛЫНОЎ,
галоўны аграном:

— Востраўскія землі не высокаўрадлівыя. У іншых сельгаспрадпрыемствах раёна распрацаваны цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб павысіць ураджайнасць. У Востраве ж уносіцца мізэр арганікі, яшчэ менш мінеральных тукаў. У гаспадарцы адмаўляюцца сеяць жыта, замянілі на трыцікале. Сёлета ўраджайнасць зерневых склала 30,6 цэнтнера з гектара. Аднак, трыцікале ў план дзяржзаказу не ўлічваецца і дзяржаве СВК прадаў усяго 7 працэнтаў зерня да плана. Перагледзелі ў сельгаскааператыве рэкамендацыі па пасевах грэчкі і проса (адпаведна 50 і 100 гектараў). Сёння да ўборкі ёсць усяго 30 гектараў грэчкі, а дзяржзаказ — прадаць 55 тон грэчкі і 160 тон проса. Дзе іх узяць?
Вельмі нізкая культура земляробства, трэцяя рэпрадукцыя насення жыта, не хапае механізатараў… Праўленню на чале са старшынёй, спецыялістамі трэба прыняць тэрміновыя дзейсныя меры па выхадзе СВК з крызісу.
Ірына СТРАМАВУС,
намеснік начальніка райсельгасхарчу (выступіла на сходзе):

— СВК «Востраў-Агра» не пакрыўджаны ўвагай райвыканкама. Штогод з бюджэтаў усіх узроўняў сюды накіроўваецца фінансавая дапамога. Летась, напрыклад, у пераліку на адзін балагектар было выдзелена 2,6 тысячы рублёў (у сярэднім па раёне — 1,5 тысячы рублёў). Але карысці ад гэтых укладанняў — нуль.
Свежы прыклад. Гаспадарка завяршыла ўборку зерневых каласавых, і камбайны пастаўлены на мехдвор. У гэты час «БелДан» звярнуўся з просьбай дапамагчы ўбраць іх зерневыя. У адказ запатрабавалі непамерную плату… Як кажуць, пад бокам можна было зарабіць рэальныя грошы, а яны іх страцілі. Тэхніку суседняе прадпрыемства папрасіла ў Драгічынскім раёне…
Наконт кадраў. За такую зарплату працаваць энтузіястаў мала: сярэднямесячная зарплата з пачатку года склала 2950000 рублёў.
Па выніках работы за першае паўгоддзе страты ад рэалізацыі прадукцыі склалі ў СВК «Востраў-Агра» 128 мільёнаў рублёў. Толькі з улікам дзяржпадтрымкі гаспадарка атрымала чысты прыбытак… Гэта доказ таго, як бюджэтныя асігнаванні трымаюць гаспадарку на плаву. А ў 2010 годзе зноў-такі бюджэт праплаціў першапачатковыя ўзносы за 9 адзінак тэхнікі, якую СВК атрымаў па лізінгу. Стартавая падтрымка павінна была даць шанц для далейшай паспяховай дзейнасці. Аднак сёння крэдыторская запазычанасць кааператыва складае 11,3 мільярда рублёў, у тым ліку пратэрмінаваныя 635 мільёнаў.
Ці не зразумела, як патрэбны кардынальныя перамены ў арганізацыі працы, неабходнасць разумна і па-гаспадарску распараджацца наяўнымі рэсурсамі?
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *