Хатынь… Беларусь памятае і не даруе

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны – гэта памяць не толькі пра вялікія перамогі, але і пра жудасныя ахвяры. У тым ліку і сярод мірнага насельніцтва. Жудасны лёс адной вёскі і трагедыя сусветнага маштабу – гэта непамерны боль і памяць для ўсіх пакаленняў пра беларускую Хатынь і амаль 9200 яе вогненных сясцёр, спаленых фашыстамі і іх прыслужнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

І на Брэстчыне ў агні, распаленым нацыстамі, згарэла больш за 800 населеных пунктаў (па даных на пачатак 2022 года),
у Ляхавіцкім раёне – 48. Страшна ўявіць: 628 вёсак карнікі спалілі разам з жыхарамі – каты не пашкадавалі ні немаўлят, ні жанчын, ні старых, ні інвалідаў. У 186 населеных пунктах
так больш ніколі не віравала жыццё.
Зазірнём у гісторыю. Вернемся да старонак, апаленых вайной. 22 сакавіка 1943 года жудасным полымем назаўжды згарэлі вёска Хатынь і яе 149 жыхароў. Напэўна, зараз у Беларусі ўсе ведаюць гэту непамерную трагедыю. І доўгі час лічылася, што Хатынь знішчылі толькі непасрэдна фашысты. Праўда стала высвятляцца ўжо ў мірны час на судовых працэсах ваеннага трыбунала. Пасля разбіральніцтва аказалася, што ў карных аперацыях актыўна ўдзельнічаў і 118-ы спецыяльны паліцэйскі батальён, сфарміраваны летам 1942 года па большай частцы з нацыяналістаў і жыхароў заходніх абласцей Украіны, якія добраахвотна згадзіліся супрацоўнічаць з гітлераўскім рэжымам і прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Германіі. Таксама ўстаноўлена, што гэты паліцэйскі ўкраінскі батальён смерці прымаў непасрэдны ўдзел у больш за дзясятак карных аперацый на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Вось толькі адзін факт: напрыканцы 1986 года ў Мінску адбыўся працэс над Рыгорам Васюрам. Разгледзеўшы справу № 104 аб’ёмам у 14 тамоў, было ўстаноўлена, што нелюдзь Васюра асабіста знішчыў больш за 360 мірных жыхароў. Рашэннем ваеннага трыбунала Беларускай ваеннай акругі ён прызнаны вінаватым і прыгавораны да расстрэлу.
Вось ужо 79 гадоў мінула з той чорнай каляндарнай даты. Але і сёння пранізлівы перазвон званоў над мемарыялам «Хатынь», узве-
дзеным на месцы спаленай вёскі, заўжды раз прымушае ўздрыгнуць, і з кожным новым ударам звана яшчэ больш усведамляеш тыя зверствы, з якімі нашай краіне, нашаму народу давялося сутыкнуцца ў гады вайны. І як напамін, як набат, як заклік: «Людзі, беражыце мір» – хатынскія званы на кожным з абеліскаў. У цэнтры комплексу – бронзавая скульптура «Няскораны чалавек» вышынёй больш за шэсць метраў – сімвал героя.
Прататыпам стаў жыхар Хатыні, сведка той трагедыі, які цудам застаўся жывы, Іосіф Камінскі. Абгарэлы, паранены ён выбраўся з хлява, вынес цела мёртвага сына і нясе яго праз гады, вымаўляючы вечны праклён фашызму.
Вось і «Дрэва жыцця» – яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу. На яго галінках у алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, спаленых акупантамі разам з людзьмі, але адноўленых пасля вайны. Ім наканавана далей пісаць гісторыю.
Вогненнай хмарай пазначаны і адзінаццаты дзень сакавіка таго ж 1943 года і на карце Ляхавіцкага раёна. Тады вёску-партызанку Свяціцу – мужную, баявую, няскораную ворагам – таксама дашчэнту знішчылі гітлераўцы. Разам са Свяціцай карнікі наканавалі лёс быць знішчанымі ў агні яшчэ 47 населеным пунктам Ляхавіччыны. У самыя першыя дні Вялікай Айчыннай гарэлі нашы Завінне, Марынова – фашысты агнём паказвалі свой антычалавечны парадак.
Прайшло ўжо амаль 77 гадоў, як адгрымелі апошнія залпы вайны, Беларусь па-ранейшаму помніць, якой цаной заваявана Перамога, пра герояў і ахвяр вайны, пра тых нелюдзяў, якія знішчалі мірнае насельніцтва. І сёння праз дзесяцігоддзі адкрываюцца ўсё новыя і новыя жудасныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай, разам з імі прозвішчы карнікаў, хто распраўляўся з бездапаможнымі людзьмі. Нядаўна Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на сустрэчы з журналістамі расказаў, што зараз удакладняюцца спісы ўдзельнікаў фашысцкіх карных падраздзяленняў, якія праводзілі генацыд беларускага народа. У Беларусі пройдзе суд над тымі карнікамі, каму ўдалося пазбегнуць заслужанага пакарання. На сёння ў
17 краінах свету жывуць больш за 400 эсэсаўцаў. Акрамя таго, згодна з паведамленнямі Генеральнай пракуратуры, устаноўлены сотні новых месцаў масавага пахавання мірных грамадзян у гады Вялікай Айчыннай вайны. А тым часам, як чарговы ўдар у спіну ад нашых прыбалтыйскіх суседзяў, як здзекі над памяццю загінулых на палях баёў, закатаваных у фашысцкіх засценках, знявечаных у канцэнтрацыйных лагерах, – шэсце «ў памяць пралатышскіх легіянераў СС», якое на мінулым тыдні прайшло ў сталіцы Латвіі – Рызе. Хаця такое ж шэсце антыфашыстаў мэрыя Рыгі забараніла.
Міжвольна праводзіш паралель з тымі падзеямі, што зараз адбываюцца ва Украіне. І разумееш, якая ж гэта страшная і небяспечная зброя –нацызм. Ён не мае нічога агульнага з патрыятызмам, незалежнасцю. Нацызм – гэта нянавісць да іншых народаў, нацыянальнасцей, рэлігій. А цяпер іх паслядоўнікі неанацысты прадаўжаюць чорную справу сваіх папярэднікаў. Нельга апраўдаць азвярэлых юнакоў, якія ў цэнтры Кіева абліваюць зялёнкай сівога ветэрана Вялікай Айчыннай, які перамог фашызм. Што кіруе тымі нелюдзямі, якія апаганілі помнік савецкім воінам-вызваліцелям у Адэсе? Чым жа ўсё гэта адрозніваецца ад нечалавечых паводзін удзельнікаў  так званай украінскай нацыянальнай арміі, якая складалася з недабітых паліцаяў, бандэраўцаў і трымала ў  страху, тэрарызавала мірнае насельніцтва ў першыя пасляваенныя гады ва Украінскай ССР? Дастаткова толькі хоць раз паглядзець дакументальныя кадры, як плача маленькая дзяўчынка над замучанымі «унаўцамі» бацькамі. Тады, у другой палове 40-х гадоў мінулага стагоддзя ўкраінскімі нацыяналістамі кіравалі з-за мяжы прадстаўнікі заходніх спецслужбаў, так званыя эмісары, у тым ліку і амерыканскай разведкі. Вам нічога гэта не нагадвае, калі параўнаць падзеі ў сённяшняй Украіне? І як не ўзгадаць кінастужку «Дзяржаўная граніца», знятую на «Беларусьфільме», дзе ў адной з серый якраз ёсць сюжэты пра барацьбу з бандытызмам на заходніх рубяжах СССР. Тады захоплены бандэраўцамі ў палон і жывым кінуты ў агонь савецкі пагранічнік крыкнуў: «Людзі, адумайцеся. Пакуль не позна…». І так хочацца
верыць, што яшчэ не позна, яшчэ ёсць шанц спыніць гэту бес-
чалавечнасць. Не заслугоўвае ўкраінскі народ такога лёсу, які падрыхтаваў яму Захад.
Як жа не ўзгадаць надзвычай актуальныя ў сённяшніх рэаліях радкі з вядомай савецкай песні: «Няхай заўжды будзе сонца, няхай заўжды будзе неба, няхай заўжды будзе мама, няхай заўжды буду я».

Галіна КАНЬКО.