Савет Міністраў адобрыў праект пастановы ўрада аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней (АЧС) і іншых захворванняў жывёл. Дакумент быў разгледжаны напярэдадні на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна

Нягледзячы на тое, што тэма АЧС з’яўляецца прадметам пастаяннага разгляду на спецыяльным рэспубліканскім штабе, аператыўных нарадах і афіцыйных пасяджэннях урада, на нарадзе аб эпізаатычнай сітуацыі ў свінагадоўлі і мерах барацьбы з вірусным захворваннем свіней, якая прайшла 22 жніўня, Кіраўніком дзяржавы было ўказана на неабходнасць рэалізацыі дадатковага комплексу мер.
Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага, праведзены аналіз работы на месцах сапраўды пацвердзіў адсутнасць адзінага механізму дакладна выпрацаваных дзеянняў, якімі маглі б кіравацца грамадзяне і кіраўнікі рэгіёнаў у існуючай сітуацыі па АЧС. «Таму з улікам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, урадам быў прыняты шэраг рашэнняў. У прыватнасці, сумесна з зацікаўленымі распрацаваны праект комплекснай пастановы Савета Міністраў аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл, — адзначыў Міхаіл Русы. — Гэтым дакументам дакладна вызначаны меры адказнасці і каардынацыя работ па ўсіх узроўнях».
Так, кіраванне і каардынацыя работы на рэспубліканскім узроўні па лакалізацыі наступстваў эпізаатычнай сітуацыі, звязанай з ліквідацыяй АЧС і іншых небяспечных захворванняў жывёл, ускладзены на рэспубліканскі штаб па прыняцці экстраных мер па ліквідацыі АЧС і іншых небяспечных захворванняў жывёл. Яго рашэнні з’яўляюцца абавязковымі для выканання рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Праектам дакумента прадугледжваецца, што забеспячэнне жывёлагадоўчых комплексаў і асабістых падсобных гаспадарак грамадзян цяпер павінна ажыццяўляцца праз арганізацыі камбікормавай прамысловасці і спажыўкааперацыі айчыннымі кармамі, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку ацэнку адпаведнасці. Забараняецца рэалізацыя камбікорму, кармавых сумесей, вотруб’я, кармавых адходаў мукамольнай і крупяной вытворчасці, мінеральных дабавак і прэміксаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай. Таксама забарона распаўсюджваецца на імпарт названай прадукцыі з небяспечных па АЧС краін (рэгіёнаў).
Яшчэ адной нормай праекта пастановы з’яўляецца забарона на ўтрыманне свіней у асабістых падворках грамадзян, што пражываюць у населеных пунктах, у якіх зарэгістравана афрыканская чума свіней (на тэрмін не меншы за 6 месяцаў). Забаронена таксама трымаць свіней у асабістых падворках работнікаў жывёлагадоўчых аб’ектаў. Раней гэта норма была прадугледжана толькі калектыўным дагаворам і не заўсёды выконвалася, цяпер яна ўзнята на больш высокі ўзровень. Акрамя таго, забараняецца ўтрыманне жывёл на жывёлагадоўчых аб’ектах, на якіх не можа быць забяспечана захаванне ветэрынарна-санітарных правіл.
«Таксама ўстаноўлены пералік нарматыўных дакументаў, у якіх выразна акрэслены дзеянні кожнага — ад радавога спецыяліста, ветэрынарнага ўрача да кіраўніка сельскага Савета, раёна, вобласці, краіны — ва ўмовах існуючай сітуацыі, звязанай з афрыканскай чумой свіней», — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра. Акрамя таго, зацверджаны ветэрынарна-санітарныя правілы па прафілактыцы і барацьбе з яшчурам.
Плануецца таксама ўзмацненне адказнасці за невыкананне ветэрынарна-санітарных правіл па барацьбе з АЧС як асобнымі грамадзянамі, так і кіраўнікамі буйных комплексаў. Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што «адыход ад нормаў і правіл не павінны застацца незаўважанымі». Таксама ён звярнуў увагу на неабходнасць правядзення пастаяннай растлумачальнай работы з насельніцтвам, у тым ліку з выкарыстаннем усіх даступных сродкаў масавай інфармацыі, па пытаннях барацьбы з АЧС і іншымі небяспечнымі захворваннямі жывёл. «Акрамя таго, неабходна выпрацаваць парадак інфармавання і сумесных дзеянняў з міжнароднымі арганізацыямі, — лічыць прэм’ер. — Калі здарылася бяда, нашы суседзі, партнёры па Мытным саюзе, краіны Еўрасаюза павінны разумець, што тут няма ніякай двайной гульні, што прымаемыя рашэнні маюць абавязковы характар, і мы нічога не хаваем, таму што разумеем згубнасць гэтай хваробы».
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *