Свяціца. 79 гадоў пасля

Чорным увайшоў у гісторыю гэтай палескай вёскі адзіннаццаты дзень сакавіка далёкага 1943 года. Менавіта тады фашысты дашчэнту спалілі Свяціцу. І гэта другая (першая была крыху раней – у студзені – лютым) жорсткая спроба карнікаў прывяла да таго, што ад яшчэ нядаўна густанаселенай вёскі засталіся толькі коміны і вуголле…

Большасць колішніх жыхароў паспела ўцячы ў лес. А для некаторых свяцічан 11 сакавіка 1943 года стаў апошнім днём у жыцці – іх забілі гітлераўцы. За што? За тое, што Свяціца і свяцічане не збіраліся скарацца ворагу, не сталі на калені, а як маглі дапамагалі народным мсціўцам, дзяліліся з партызанамі ежай,  адзеннем, нават дабывалі медыкаменты. А хто выжыў, з пакалення ў пакаленне перадавалі страшную гісторыю сваёй маленькай радзімы. Расказвалі не для таго, каб напалохаць, а каб ведалі, помнілі пра ахвяр нацызму і цанілі такі патрэбны, такі  вызначальны мір.
Сёння, у Дзень памяці жыхароў спаленых вёсак, праз 79 гадоў, у цэнтры адбудаванай Свяціцы каля брацкай магілы загінулых партызанаў і прайшоў мітынг-рэквіем «Мы памятаем!». Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Крывошынскага сельвыканкама, школьнікі, педагогі Ліпскай СШ, мясцовыя жыхары.
І сёння, калі вядучыя (сцэнарый мітынгу падрыхтавалі супрацоўнікі Свяціцкага СДК) расказвалі трагічны лёс Свяціцы, людзі не стрымлівалі слёз, слухаючы пра боль і пакуты, якія перанеслі мясцовыя жыхары амаль восем дзесяцігоддзяў назад. Пра тое, што трэба помніць гэту трагедыю, не дапусціць новай вайны і берагчы мір, гаварыў старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон.
Як даніна памяці і пашаны да тых, хто цаной уласнага жыцця вярнуў свабоду свайму народу і незалежнасць краіне, ускладзены вянкі і кветкі  да брацкай магілы.
Сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці,  які праходзіць пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды, 22 сакавіка ва ўсіх школах краіны прайшоў адзіны ўрок «Пра што звоняць
званы Хатыні» Рабяты разам з настаўнікамі ўспомнілі і ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх  загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. А гэтыя страшныя лічбы і ўвогуле немагчыма забыць
дараваць. За гады вайны карнікі на тэрыторыі Беларусі знішчылі 2,5 мільёна чалавек, разбурана 209 гарадоў, спалена 9200 вёсак,
з якіх 628 – разам з людзьмі, нацысты правялі больш за 140 карных аперацый супраць мірнага насельніцтва.

Галіна КАНЬКО.