Культурны інтарэс. Як спрацавалі ў 2021 годзе ўстановы культуры і мастацтваў Ляхавіцкага раёна, вызначалі ў мінулую сераду ў ГДК

Як спрацавалі ў 2021 годзе  ўстановы культуры і мастацтваў Ляхавіцкага раёна, вызначалі ў мінулую сераду ў ГДК. Супрацоўнікі сферы абмеркавалі надзённае, ацанілі перспектывы, што атрымалася, і ў якім накірунку рухацца далей.

Тое, што бібліятэка сёння – гэта сучасны медыйны цэнтр, сумнявацца не даводзіцца. Цішыня ў бібліятэцы – гэта не пра сучасную купалаўку і ўсе бібліятэкі ЦБС. Пра гэта ў дэталях і нюансах, маляўнічых сюжэтах расказала намеснік дырэктара Ляхавіцкай ЦБС Наталля Сяргей. Сярод шматбаковай творчай працы бібліятэкараў асаблівае месца займаюць краязнаўчыя праекты. Шчымлівыя – пра вёскі нашага раёна, гістарычна-натхнёныя – пра герояў Вялікай Айчыннай, пра нашы калгасы і шмат іншага. Усё гэта даступна кожнаму. Інтэрнэт-рэсурсы ЦБС працуюць аператыўна і якасна.


Вялікі культурны пласт работы належыць цэнтралізаванай клубнай сістэме. Сёння яна налічвае 19 устаноў культуры (14 сельскіх ДК, два сельскія клубы, Дом рамёстваў, Дом народнай творчасці, аўтаклуб). У раёне налічваецца 161 клубнае фарміра-ванне, без якіх немагчыма ўявіць ні адно свята нашай Ляхавіччыны. Кожны калектыў ці клуб па інтарэсах – галасістае, тэатральнае, творчае, самадзейнае ўпрыгажэнне на любой сцэне. Што і дэманструе шэраг узнагарод у скарбонцы клубнай сістэмы. Дырэктар структуры Юрый Грынь адзначыў, што сёння творчыя фарміраванні раёна – гэта скарбонка талентаў, крыніца культурнай спадчыны, якую варта берагчы і прымнажаць. Сёння стаіць задача захаваць роднае і мадэрнізаваць работу ўстаноў культуры.
Таленавітыя юныя зорачкі адточваюць сваё майстэрства і спасцігаюць творчую навуку ў дзіцячай школе мастацтваў, пра вынікі работы і перспектывы на 2022-і расказала дырэктар установы Марыя Лутавінава. Зайздросны факт: на базе ДШМ сёння працуе больш за 30 навучэнцкіх калектываў, шэсць дарослых. Вучаць свету прыгажосці 38 педагогаў па трох накірунках – харэаграфічным, музычным, мастацкім.
Работа гарадскога Дома культуры – цэнтра гарадскога культурнага жыцця – гучала ў справаздачы  мастацкага кіраўніка ГДК Людмілы Ламака. Шматлікія студыі, гурткі, калектывы, якія яго прадстаў-
ляюць, – гэта і многае іншае стала тэмай выступлення.
Прафсаюзная работа – работа дзеля калектыву. Старшыня прафсаюзнай пярвічкі ЦБС Наталля Багдановіч яскрава прадкрэсліла і прадэманстравала, што сабой уяўляе прафсаюзнае жыццё ЦБС. Пазайздросціць!
Ніна Прыхач як начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама падсумала вынікі, падзякавала за плённую работу і акрэсліла, што сёння ўстановам варта пераходзіць на новы фармат, шукаць новыя метады работы. Паколькі менавіта культурны сектар адказвае за настрой у нашай Ляхавіччыны.
Шэраг узнагарод у гэты дзень знайшоў сваіх адрасатаў. Шчырыя апладысменты і віншаванні!
А музычны настрой падарылі ўдзельнікі народнай арт-групы «ВІНС-акорд».

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.