Выпрабаванні маразамі і снегам раён вытрымаў

Адбылося пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Нагода для экстраннай нарады прадыктавана надвор’ем: маразы мацнеюць, па абяцаннях сіноптыкаў, наперадзе снегапады і завірухі. Зіма сёлета разгулялася не на жарт, прынесла сур’ёзныя выпрабаванні не толькі асноўным службам, але і ўсім работнікам народнай гаспадаркі, жыхарам як камунальных дамоў, так і прыватных. У раёне аб’яўлены рэжым павышанай гатоўнасці, адзіная дзяжурная дыспетчарская служба ў любую мінуту гатова падняць па трывозе пажарных, медыкаў, газавую і энергаслужбы, камунальнікаў, РАУС. Каардынацыя дзеянняў ускладзена на раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях.

З пачатку года ў раёне адбылося 8 пажараў, на якіх 2 чалавекі загінулі і 1 траўміраваны. У мінулыя выхадныя зарэгістравана 3 пажары за адны суткі. У Ляхавічах па вуліцы Кастрычніцкай згарэў жылы дом, загінуў яго гаспадар, выратавальнікі вынеслі з агню жанчыну.

У ноч з нядзелі на панядзелак у Тухавічах загарэўся дом з-за парушэння правілаў  уладкавання і эксплуатацыі печы. Людзі, на шчасце, не пацярпелі.

Небяспечнае становішча захоўваецца на слізкіх дарогах  і для вадзіцеляў транспартных сродкаў, і для пешаходаў. Апошнім, сярод іншых непрыемнасцяў, пагражае абмаражэнне. Асабліва рызыкуюць гэтай парой аматары спіртнога, якія пад уздзеяннем алкаголю трацяць кантроль над сваімі дзеяннямі і самаадчуваннем.

Каб папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, пры выкарыстанні электраэнергіі, агню, карыстанні сістэмай водазабеспячэння патрэбна захоўваць правілы тэхнікі бяспекі і беражліва ставіцца да маёмасці.

Раённае звяно абласной тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый узмацніла аварыйныя і дзяжурна-дыспетчарскія службы, забяспечыла пастаянную гатоўнасць аўтаномных крыніц электразабеспячэння на выпадак аварыі. Зарэзерваваны брыгады хуткай медыцынскай дапамогі і медперсаналу для наведвання хворых на даму. Створаны неабходны запас матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў, гаруча-змазачных матэрыялаў для работы аварыйных брыгад.

Калі ўзніклі праблемы, патрэбна тэрмінова інфармаваць камісію па НС пры райвыканкаме  праз цэнтр аператыўнага кіравання раённага аддзела па НС па тэлефоне 2-02-03(факс) або 101.

Уладзімір РАДЧАНКА, намеснік начальніка РАНС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *