Шчэпкі паляцяць у топку. У Ляхавічах завяршаецца будаўніцтва кацельні

Пакуль у нашым раёне падобная тэхналогія на паток не пастаўлена – каб драўняная шчапа выкарыстоўвалася ў якасці паліва. Але ёсць рэальная і ўжо зусім блізкая таму перспектыва: на наступны месяц запланавана завяршэнне будаўніцтва кацельні, прыстасаванай пад спажыванне, у першую чаргу, яе – шчапы.

Прараб Сяргей Сіняк і мантажнік Аляксандр Ганчароў.

Аб’ект, праектная назва якога носіць некалькі больш шырокі і дакладны сэнс, – кацельня на мясцовых відах паліва – гэтым часам узводзіцца асабліва актыўна і ў рамках тэхналогіі інтэнсіўна. Па ацэнцы галоўнага інжынера КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэя Паўлоўскага (а менавіта камунгас з’яўляецца заказчыкам і стане ў будучым эксплуатантам аб’екта), па стане на сярэдзіну гэтага тыдня, будаўнічая гатоўнасць кацельні знаходзілася на ўзроўні прыкладна
80 працэнтаў.
Новая ўвогуле і тэхналагічна новая для Ляхавіч кацельня знаходзіцца побач са старой, так званай квартальнай. І працаваць яны будуць у зменна-сумесным у залежнасці ад тэмпературнага паказчыка надвор’я рэжыме. У дні-выпадкі, калі навакольны фон будзе трымацца вышэй адзнакі ў мінус чатыры-пяць градусаў па шкале Цэльсія, цяпло ў дамах-кватэрах прызвана забяспечыць работа новага аб’екта – кацельні на шчапе. Ва ўсіх іншых сітуацыях пытанне мяркуецца даўрэгуляваць за кошт уключэння ў работу магутнасцяў квартальнай кацельні. А гэта, нагадаем, прыродны газ, а не мясцовае паліва.
Абрысы новай кацельні ўжо ў поўнай ступені выяўныя. Сцены кацельнага памяшкання выкананы з лёгкіх, хутказборных панэляў. Выглядае выгадна-сучасна, асабліва на фоне старых кацельных пабудоў. Такая ж лёгкая і бліскучая канструкцыя дымавой трубы, што ўзносіцца высока ў неба, мае, у першую чаргу, практычнае значэнне. Чым вышэй, тым большая ступень рассейвання дымавых газаў, тым лепшая экалогія. У гэтым плане ўсё і не аднойчы разлічана, праверана і пераправерана навукай і практыкай, не павінна цягнуць за сабой ніякіх пытанняў-хваляванняў.
Магутнасць кацельні, а яна складзе дзесяць мегават, будзе фарміраваць  каскад з трох катлоў. Катлавыя агрэгаты айчыннай вытворчасці. Адным словам, свае, цалкам сучасныя і дастаткова эфектыўныя.
– Каэфіцыент карыснага дзеяння асноўнага тэхналагічнага абсталявання можа дасягаць 90 працэнтаў. Гэта высокая аддача, якая дасягаецца ў тым ліку і за кошт устаноўкі ў тэхналагічнай схеме так званых эканамайзераў – прыстасаванняў, у якіх цяпло дымавых газаў выкарыстоўваецца для папярэдняга падагрэву асноўнага цепланось-
біта, – тлумачыць Андрэй Паўлоўскі.
Завершаны варыянт аб’екта пад назвай «кацельня на МВП» прадугледжвае і камплектацыю яго дадатковым абсталяваннем. Той самай машынай, якая здрабняе драўніну або яе рэшткі ў неабходны для работы катлоў прадукт – шчапу, і машыну для яе загрузкі непасрэдна ў перадтопачную ёмістасць. Гэтае пытанне пакуль вырашана не поўнасцю, знаходзіцца на стадыі ўзгаднення, удакладненняў па характарыстыках і вытворчых магчымасцях.
– На сённяшні дзень у нас ёсць франтальны пагрузчык вытворчасці «Амкадор». Звычайны, з якім усе і кожны не аднойчы сустракаліся. Але са спецыяльным, адаптаваным для работ з лёгкімі матэрыяламі загрузачным каўшом. У тым ліку і драўнянай шчапой, якой для работы нашай будучай кацельні спатрэбіцца не адна тысяча кубічных метраў. У якасці здрабняльнага комплексу, магчыма, таксама будзе абрана машына маркі «Амкадор». Але канчатковага рашэння па ёй яшчэ няма – вызначаемся, – гаворыць галоўны інжынер камунгаса.
У выпадку і з моманту набыцця здрабняльны комплекс можа ўзяць на сябе яшчэ і ролю своеасаблівай «санітарнай» машыны. Комплекс у стане працаваць што з дрэвамі, што з іх рэшткамі, што з кустоўем. На шчапу ідзе самая розная драўніна. У тым ліку, напрыклад, і тое, што застаецца пасля разбору старых непатрэбных будынін. Так і патрэбныя калорыі цяпла, і плюс у чысціні горада і вёсак раёна.
Рэалізацыя праекта пачалася ў мінулым жніўні. На розных этапах і ў рознай ступені ў ім прымаюць удзел ТАА з Мінскай вобласці: «Прамгазабсталяванне», «Энергалегіён» і «БМК ЭнергаБуд» у якасці асноўнага падрадчыка. Пра работу спецыялістаў «ЭнергаБуда» галоўны інжынер Ляхавіцкага камунгаса гаворыць толькі добрае і выдатнае. Маўляў, і якасць, і тэхналагічна-тэхнічная дакладнасць, і нарматыўная хуткасць. Быў прыведзены, напрыклад, такі факт з жыцця будоўлі і яе будаўнікоў: з пачатку работ у жніўні да цяперашняй пары на аб’екце здаралася ўсяго толькі тры выхадныя – на Новы год, Каляды і апошні раз у сакавіку.
Акрамя іншага, на новай кацельні яшчэ належыць выканаць добраўпарадкаванне тэрыторыі. Не выключана, што на даным этапе работ будзе задзейнічана адна з арганізацый нашага раёна.
На ўсіх этапах будаўніцтва аб’екта манітораць адпаведныя наглядныя органы, у тым ліку Баранавіцкі міжрайаддзел Дзяржпрамнагляду.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.