Сёння суботнічаем!

Сёння ляхавічане далучыліся да рэспубліканскага суботніка. Такі чысты марафон аб’ядноўвае беларусаў у адну вялікую дружную сям’ю.
Любіць Беларусь! Такая ўстаноўка генетычна перадаецца патрыётам з пакалення ў пакаленне. І мы гэту любоў даказваем на справе. Таму штодня стараемся зрабіць краіну лепшай, прыгажэйшай, самай утульнай на планеце.

Месячнік добраўпарадкавання крочыць па нашай краіне. Кожны дзень у стужках сацыяльных сетак і мэсэнджараў з’яўляюцца фотаздымкі працоўных калектываў, якія наводзяць парадак на сваіх тэрыторыях, на месцах, што маюць асаблівае значэнне ў гісторыі краіны. Ляхавічане папоўнілі сусветную сетку сваімі фотаздымкамі. Як заўжды, чыстыя работы ішлі на тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля «Грушаўка». Фотакамера «ЛВ» зафіксавала працоўны дэсант калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Шчыравалі там і працаўнікі райбальніцы, дзіцячай школы мастацтваў і прадстаўнікі іншых арганізацый, устаноў. Зона адпачынку – у тым ліку пад наглядам каляджан: рабяты не пашкадавалі сіл, каб наш пляж на Ведзьме змяніўся ў лепшы бок. Ляхавіцкія электрасувязісты разам з іншымі на славу папрацавалі ў Рэпіхаўскім парку.


Чысціня і парадак дапаўняюцца акцыямі азелянення. Тыдзень лесу, напрыклад, не прайшоў безудзельна для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. Тры гектары ляснога масіву цяпер усаджана елачкамі. Побач шчыравалі актывісты «Белай Русі» і Чырвонага Крыжа. Актыўнасць ва ўсім – гэта пра сям’ю Біза, якая таксама ў зялёнай справе. Яўгеній і Алена разам са сваімі дачушкамі сталі пераможцамі раённага конкурсу «Лепшая мнагадзетная сям’я-2022». Каля Мядзведзічаў у тыдні лесу паўдзельнічалі і навучэнцы каледжа.


Як заўжды, шматлюдна гэтымі  днямі на Кургане Славы. Супрацоўнікі розных падраздзяленняў райвыканкама, райсавета, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і іншых службаў, арганізацый, прадпрыемстваў наводзілі парадак на Кургане
Славы. Дарэчы, на гэтым памятным месцы традыцыйна папраца-
ваў і «ЛВ». У Год гістарычнай памяці – гэта асабліва важна,
без слоў зразумела…
А сёння ў нас суботнік. Значыць, далучыцца можа кожны. Чысціня пачынаецца з малога: парадак  вакол сябе – парадак паўсюдна. Не складана гэтымі днямі прыбраць сваю тэрыторыю, «падбадзёрыць» кветнікі, вывезці смецце, падфарбаваць, калі трэба, – справа да справы, а ў сугуччы выглядае фантастычна прыгожа. Усё проста: жаданне, магчымасць, любоў да малой радзімы – складнікі чыстай формулы.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.