Мегакомплекс. Па выніках першага квартала года лепшай малочнатаварнай фермай Ляхавіцкага раёна стала МТФ «Комплекс» СВК «Ляхавіцкі»

Дарэчы, гэтая ферма занесена на Галерэю славы раёна па выніках мінулага года.

За тры, як здаецца, асабліва няпростыя для жывёлагадоўлі і жывёлаводаў месяцы размешчаны ў аграгарадку Русінавічы малакавытворчы аб’ект прадэманстраваў зайздросную вытворчую аддачу. Сярэдні за гэты час удой на карову склаў 2319 кілаграмаў малака. Для параўнання адзначым, што зусім нязначна – менш за 30 кілаграмаў – да «русінавіцкай» лічбы недабрала МТФ «Галаўнінцы» ЗАТ «Белпрампрыбор», замкнуў квартальны раённы п’едэстал яшчэ адзін прадстаўнік закрытага акцыянернага таварыства – МТФ «Бенькаўцы».

Да безумоўных, экстразаслуг калектыву неабходна аднесці факт, што ўсё да апошняй тоны атрыманае на комплексе малако адпавядае патрабаванням гатунку экстра.
Напрыклад, у мінулым і ў самым прамым сэнсе асабліва гарачым годзе на ферме валава было атрымана амаль чатыры тысячы тон асноўнай прадукцыі. У параўнанні з папярэднім аналагічным перыядам падняліся на 67 тон.
– Усё ідзе ад чалавека і трымаецца на людзях. Толькі дзякуючы працы калектыву, дзе  кожны – асоба і спецыяліст, атрымліваецца заставацца на сваім узроўні. На ферме штатна занята 18 работнікаў. Жывёлаводы, майстры даення, ветэрынары, механізатары. Кармленне жывёлы ажыццяўляе звяно кормараздатчыкаў у складзе некалькіх механізатараў. Працуюць яны не толькі ў нас, а адказваюць за працэс кармлення жывёлы і на іншых жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадаркі. Ад гэтых работнікаў – іх кваліфікаванасці, дысцыпліны, ашчаднага стаўлення да сваіх абавязкаў – многае залежыць. Прыгатаваць кармасумесь у адпаведнасці з рацыёнам, дакладна па часе даставіць яе на ферму і раскласці па кармавым стале – задача адказная. А даяркі, а жывёлаводы, а ветэрынары з заатэхнікамі? Упэўнены: у жывёлагадоўлі няма простых задач і лёгкіх работ. Ферма – «зброя» калектыўная і агульны вынік дасягаецца намаганнямі ўсіх, хто на ёй працуе, – тлумачыць сваю пазіцыю загадчык МТФ «Комплекс» СВК «Ляхавіцкі» Мікалай Азімка.
Русінавіцкай ферме-комплексу ўжо каля 12 гадоў. У свой час яна з’яўлялася адным з двух у Ляхавіцкім раёне жывёлагадоўчых аб’ектаў новага тыпу – з выкарыстаннем сучасных тэхналогій утрымання-кармлення жывёлы, з камп’ютарызаванай залай для даення кароў тыпу «елачка». Зала разлічана на аднамаментную пастаноўку 24 галоў жывёлы. Круг за кругам, і за пэўны час праз «елачку» праходзіць кожная карова МТФ «Комплекс». На абслугоўванні залы ў змену заняты ўсяго два аператары даення. Не хочацца казаць – машыннага, паколькі нічога агульнага з машынай «зала-камп’ютар» не мае. Гэта сучасны даільны комплекс.
Работа ў русінавіцкіх майстроў – аператараў даення пачынаецца, па агульных мерках, суперрана. Вольга Грыкель, Зоя Сецька, Людміла Новік, а таксама Марыя Жалнярэвіч, Святлана Гаар, Валянціна Чарняўская, якія ў асноўным зараз заняты з каровамі з так званай групы раздою, на рабоце яшчэ да шасці раніцы.
Па такім жа графіку, але па сваім рабочым падрадзе пра-цуюць і жывёлаводы па абслугоўванні дойнага статка. Сярод паўсядзённых клопатаў Генадзія Горбіка, Сяргея Ходара, Віктара Новіка і асобных іншых іх калег значыцца «падбуртоўка» да кармавога стала стужак
травяністай масы, раздача кормаканцэнтратаў, прыбіранне памяшканняў. Дарэчы, названыя работнікі працуюць на «Комплексе» столькі ж, як і ён сам.
Свая і, як здаецца, вельмі важная місія ў Міхаіла Хмарука. На ферме ён за слесара па абслугоўванні даільнай устаноўкі. Замена ўсіх усталява-
ных на «елачцы» расходных матэрыялаў і элементаў, яе лёгкая настройка і такога ж кшталту рамонт значацца ў ліку яго функцыянальных абавязкаў. Як і работа з жывёлай на шляху яе следавання да месца даення.
Галоўным па ветэрынарыі на комплексе з’яўляецца Уладзімір Гараховіч. Той факт, што Уладзімір Іванавіч у свой час займаў пасаду галоўнага ветурача Ляхавіцкага раёна, гаворыць, як мінімум, пра яго высокі прафесіяналізм, грунтоўную практыку і высокую дасведчанасць у нюансавых пытаннях ветэрынарыі. На сваім «полі» абавязкаў засяроджаны ветфельчар Мікалай Жарскі і спецыяліст «два ў адным» Іван Буйко, які і тэхнік-асемянатар, і ветурач-гінеколаг. А яшчэ пры неабходнасці замяняе загадчыка комплексу. Усюды паспявае і з усім спраўляецца. І гэтыя словы не толькі пра Івана – усіх працаўнікоў мегакомплексу.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.