Працоўная прапанова. У Ляхавічах прайшоў кірмаш вакансій

Кірмаш вакансій для раней асуджаных штомесяц праводзяць крымінальна-выканаўчая інспекцыя РАУС і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама. На чарговую сустрэчу, якая адбылася ў РАУС, запрашэнні атрымалі
20 суіскальнікаў – тыя, хто толькі выйшаў з месцаў пазбаўлення волі, і тыя, хто зараз адбывае пакаранне без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Прапановы, якія паступілі ад работадаўцаў – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і ААТ «Жарабковічы», – уключалі рабочыя прафесіі.
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла таксама агучыла вакансіі на іншых прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны. Так, напрыклад, патрабуюцца жывёлаводы, аператары машыннага даення, вадзіцелі, можна ўладкавацца і на аплачваемыя грамадскія работы ў лясгас.
– Галоўнае, каб у чалавека было жаданне працаваць і мелася адпаведная кваліфікацыя. Асноўная праблема пры працаўладкаванні раней судзімых асоб – іх нізкая матывацыя да працы, а не адсутнасць вакансій, – адзначае старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Таццяна Шкода.
За студзень – сакавік пры садзейнічанні службы занятасці ў раёне працаўладкаваны 74 чалавекі. З пачатку года сем чалавек з катэгорыі сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва атрымалі месца працы, у тым ліку адзін, які выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Яшчэ адзін такі грамадзянін накіраваны на аплачваемыя грамадскія работы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.