Беларуская талака. Ляхавічане далучыліся да рэспубліканскага суботніка

16 красавіка ляхавічане далучыліся  да рэспубліканскага суботніка. Сродкі, сабраныя падчас яго, будуць накіраваны на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь», а таксама на аднаўленне мясцовага Кургана вечнай Славы.

Мы збераглі лепшае. Напрыклад, сярод савецкіх традыцый – і суботнюю акцыю чысціні. Сабрацца разам, вызначыць фронт работы, папрацаваць ад душы, з настроем і шчырасцю. І вынік зусім іншы. Мінулая субота ў раёне прайшла пад знакам рэспубліканскага суботніка. Калектывы прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны талакой выйшлі ў розных кропках  раёна і горада. Пашчыравалі
на славу!


З суботняй раніцы Ляхавіччына на маршруце чысціні і парадку. Безумоўна, у Год гістарычнай памяці акцэнт – на добраўпарадкаванне месцаў баявой славы. Літаральна на вачах пераўтвараецца наш Курган Славы. Там работы не заканчваюцца і не абмяжоўваюцца тэрмінамі суботніка і месячніка па навядзенні парадку. Сродкі, сабраныя ляхавічанамі падчас рэспубліканскага суботніка, а гэта 20 тысяч рублёў, пойдуць на рэканструкцыю дзяржаўнага
мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Сродкі, сабраныя на раённым суботніку – 80 тысяч рублёў, будуць накіраваны на аднаўленне Кургана вечнай Славы, сімвала нязломнай волі да Перамогі і вечнай памяці нашчадкаў.
Шчыравалі і па розных адрасах райцэнтра. Напрыклад, супрацоўнікі райвыканкама, райсавета дэпутатаў, цэнтра забеспячэння дзейнасці
бюджэтных арганізацый і камунгаса, іншых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый упрыгожылі сквер каля фантана. Цяпер там пакуль яшчэ кволыя, але з перспектывай на прыгажосць прыжываюцца саджанцы каля 100 дрэў і 80 кустоў. Каля фантана таксама ўсё прыбрана і даведзена да ладу.
Свае сямейныя дрэўцы з’явіліся каля ўезду ў наш горад. Акцыю БРСМ падтрымалі актывісты маладзёжнага аб’яднання: працоўны дэсант справіўся з пастаўленай задачай хутка і якасна.
Да суботніх спраў далучыліся ўсе ўстановы адукацыі. Напрыклад, выхаванцы дзіцячага сада № 2 разам з бацькамі, педагогамі прынялі ўдзел у акцыі «Пасадзім дрэва разам!». Працавітасць і любоў да малой радзімы выхоўваюцца з дзяцінства.
Побач азелянялі тэрыторыю калектывы лясгаса і ДРБУ-200. Вакол сваіх будынкаў тэрыторыю прыбіралі супрацоўнікі РАУС, азелянялі – ляхавіцкія медыкі…
Увогуле ў дзень суботніка нашы Ляхавічы прыбавілі каля трохсот новых зялёных «жыхароў» – дрэваў самых розных відаў.
– Такая добрая традыцыя ў нашай сям’і прыжылася даўно. Не першы год так працуем. Сёлета з дачкой Ганнай паўдзельнічалі ў пасадцы дрэў у гарадскім скверы. Сапраўды хочацца, каб наш горад квітнеў, азеляняўся. І прыемна, што многія ляхавічане не раўнадушныя да гэтага. Хочацца, каб у нас з’явіўся свайго роду батанічны сад, дзе ёсць на што паглядзець і чым падзівіцца. Ляхавічы прыгожыя, і нам трэба гэта берагчы. Часам падкрэсліць нашу ўнікальнасць, – адзначае загадчык сектара архітэктуры і будаўніцтва аддзела райвыканкама Алена Князева.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ