Знак пашаны і гонару

Генрых Траццяк – асоба ў нашым раёне знакамітая. І ўсё дзякуючы сваёй нястомнай працы, ініцыятыўнасці і нераўнадушнаму стаўленню да жыцця і падзей. Землякі яго добра ведаюць як старшыню калгаса імя Ламаносава, пры якім гаспадарка дасягнула найвышэйшага росквіту.
Ёсць у яго такі талент – настройваць людзей на перамогу і разам з імі імкнуцца наперад.
Кандыдат сельскагаспадарчых навук не стамляўся эксперыментаваць і ўкараняць навуковыя адкрыцці дзеля пад’ёму жывёлагадоўлі і земляробства. Як вышэйшая адзнака ўсіх дасягненняў і поспехаў – прысваенне яму ў 1988 годзе звання Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем Залатой Зоркі і ордэна Леніна.
Днямі Генрыху Міхайлавічу ўручана яшчэ адна ўзнагарода – нагрудны знак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Прафсаюзны знак пашаны».
Старшыня Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк і лідар раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура зноў з віншавальнай місіяй завіталі да Генрыха Траццяка. І зноў у Генрыха Міхайлавіча спіс ідэй і агульных с прафсаюзам спраў.
– Вельмі прыемна перадаць паважанаму земляку і чалавеку нястомнай энергіі чарговую ўзнагароду. Ганарымся, што такія людзі працы жывуць у нашым раёне, – падкрэсліваюць Тамара Пракап’юк і Ірына Чура.
Нагрудны знак ФПБ «Прафсаюзны знак  пашаны» ўручаны і Герою Сацыялістычнай Працы Антаніне Прытульчык, якая стала нашай зямлячкай каля паўтара дзесяцігоддзя назад, калі пераехала сюды з Пружаншчыны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.