Ад прадзедаў спакон вякоў…

Звяно: Аляксандр Новік, Андрэй Свінабурка, Мікалай Траян, Мікалай Занько.

Кажуць, што тут усе здабыткі ад зямлі (у Жарабковічах і Падлессі яна ўрадлівая ад прыроды), а я пераканана, што ў большай ступені — ад людзей — працавітых, настойлівых, нястомных, якія жылі і жывуць тут спрадвеку. Калі б пісаў мастак партрэт тутэйшага хлебароба ці каго-небудзь з іншых вяскоўцаў, якія закладвалі аснову гэтай гаспадаркі, то ў іх натруджаных руках абавязкова былі б каласы. У маштабе сённяшняга дня СВК «Жарабковічы» — велізарная хлебная ніва, на якой у гэтае жніво працавала 14 экіпажаў камбайнераў. Належала ўбраць зерневыя на плошчы 2434 гектары. А пачыналі з рапсу: абмалочана 384 гектары. Зерне няспынным патокам сыпалася ў кузавы аўтамабіляў, ледзь паспяваў адвозіць яго 21 вадзіцель. Зернеачышчальна-сушыльныя ўстаноўкі працавалі няспынна, былі задзейнічаны 2 агрэгаты ў Падлессі і 3 — у Жарабковічах. Іх абслугоўвалі 20 машыністаў, плюс аператары, рабочыя — каля сотні чалавек. Яшчэ 8 вадзіцеляў працавалі на ўласных аўтамабілях і былі заняты, галоўным чынам, на адвозцы зерня на хлебапрыёмныя пункты. Прыбавіць сюды інжынерна-тэхнічны персанал, які быў у поўнай баявой на выпадак тэхнічных непаладак, бухгалтарска-эканамічную службу, што вяла падлік і кантралявала якасць работ, повараў — іх абеды былі самымі смачнымі… Дык колькі ж людзей здабывалі новы хлеб? На вытворчых участках «Жарабковічы», «Сваятычы», «Падлессе» працавала больш як 500 вяскоўцаў. У памяці кожнага сёлетняе жніво пакінула свае малюнкі. Старшы камбайнер Сяргей Бурак і яго напарнік Аляксей Жук будуць доўга ўспамінаць, як літаральна праз некалькі дзясяткаў метраў напаўняўся бункер: ураджайнасць на асобных участках была больш за 70 цэнтнераў з гектара. Гэты экіпаж убраў 248 гектараў і намалаціў 1285 умоўных тон збожжа. Амаль упоравень з імі ішлі Алег Матвіенка і Дзмітрый Анціпенка. Вельмі стараліся і сямейныя экіпажы. Наогул, можна называць імёны ўсіх 14 членаў экіпажаў камбайнераў. Вадзіцель Аляксандр Глазуноў запомніў «накручаныя» сотні кіламетраў па гарачым маршруце поле-зерняток.

Экіпаж: Сяргей Бурак і Яўгеній Дварэцкі.

Змахнуўшы пот, «руліў» без перадыху — перавёз у пераліку на ўмоўныя амаль 2447 тон. Побач з ім на «МАЗах» працавалі Аляксандр Сокал, Віктар Кляменя, Аляксандр Холад, Яўгеній Казук і іншыя вадзіцелі, кожны з якіх даставіў з поля на дапрацоўку па 2 тысячы і больш тон збожжа. Спаборнічалі паміж сабой і работнікі сушыльных установак. Змены Віктара Новіка і Аляксандра Пілецкага давялі да патрэбнай кандыцыі зерня больш за ўсіх. Старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько, падсумаваўшы вынікі (пры сярэдняй ураджайнасці 53,8 цэнтнера з гектара намалочана 13406 тон зерня), з пашанай гаворыць пра ўдзельнікаў жніва. Успамінае і абодва экіпажы камбайнераў з Мінскай вобласці, якія працавалі ў гаспадарцы 4 дні і намалацілі 600 тон зерня, і повараў Ганну Барташэвіч, Ірыну Грамак, Святлану Мурочак, Вольгу Бабко, іх памочніц, што развозілі гарачыя абеды на палявыя станы… Кожны павінен адказваць за свой участак жніва. Дробязяў тут не бывае. А ўборачная кампанія працягваецца: падаспелі цукровыя буракі, нарыхтоўваюцца кармы, трэба зжаць 450 гектараў кукурузы на зерне.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель-ас Аляксандр Глазуноў.

Вадзіцель Аляксандр Сокал.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *