Слова старасты ўплывовае. У Ляхавіцкім раёне 63 старасты. Яны галоўныя памочнікі сельвыканкамаў у вырашэнні надзённых пытанняў

Сувязное звяно, першая дапамога, кампетэнтныя дарадцы, пасрэднікі ў вырашэнні надзённых пытанняў. І гэта толькі частка вызначэнняў, якія аб’ектыўна характарызуюць работу сельскіх старастаў. Кола тэм, якія яны бяруцца вырашаць,
даволі разнапланавае. Перабоі з электрычнасцю ці з падачай вады, неабходна спілаваць аварыйнае дрэва, пасля дажджу на вуліцы ні прайсці ні праехаць, не працуе тэлефон, няма на чым дабрацца ў горад – з гэтымі і многімі іншымі праблемамі жыхары вёсак, аграгарадкоў звяртаюцца да старастаў.

Мікалай Піліневіч, Валянціна Маслоўская, Дзмітрый Багушэвіч, Валянціна Дыдышка.

Усяго ў Ляхавіцкім раёне 63 старасты. Яны галоўныя памочнікі сельвыканкамаў у вырашэнні надзённых пытанняў: навядзенне парадку ў месцах грамадскага карыстання, выяўленне гаспадароў пустуючых дамоў, кантроль за неўладкаванымі сем’ямі, прафілактычная работа з парушальнікамі грамадскага парадку. Прычым, старасты не толькі сувязное звяно для насельніцтва і заканадаўчай улады на мясцовым узроўні, але і ўплывовая самастойная адзінка, якая здольна вырашаць многія праблемы.
Выключная адказнасць, ініцыятыўнасць, жаданне дапамагчы, шчырасць, прынцыповасць і клопат пра іншых – агульныя рысы для тых, хто займае такую грамадскую пасаду. Штогод у раёне вызначаюць пераможцаў конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Прычым канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў на званне самага актыўнага старасты заўжды надзвычай высокая. Пераможца конкурсу па выніках 2021 года – стараста вёскі Вялікая Лотва Мікалай Піліневіч. І гэта не першае прызнанне яго паспяховай грамадскай работы, неабыякавасці і надзейнасці ў вырашэнні пытанняў забеспячэння жыццядзейнасці землякоў – ён быў ужо ўладальнікам трэцяга месца па выніках 2018 года. Старастаўскі стаж у Мікалая Пятровіча не надта вялікі – пяцігодка. За гэты час па вёсцы пайшоў прыродны газ, у больш зручных месцах уладкаваны прыпынкі рэйсавага аўтобуса, праводзяцца суботнікі па навядзенні парадку на могілках, рэгулярна абкошваюцца тэрыторыі, у населеным пункце амаль не засталося пакінутых хат – і ў гэтым ёсць заслуга тутэйшага старасты.
– Адзін чалавек ніколі не зможа вырашыць праблемы агульнага маштабу. Мне на аднадумцаў пашчасціла.
У Вялікай Лотве нямала жыхароў, якія актыўна бяруцца за вырашэнне пытанняў важных як для асобнага чалавека, так і для ўсіх. Не было ніводнага выпадку, каб пасля звароту ў Навасёлкаўскі сельвыканкам за падтрымкай, дапамогай нам адмовілі ў гэтым. Такое выніковае ўзаемадзеянне станоўча ўплывае, праблемы вырашаюцца. Канешне, прыемна такое прызнанне і званне лепшага старасты. Але ж тут не толькі мая заслуга, а ўсіх маіх аднавяскоўцаў, – гаворыць Мікалай Піліневіч.
Немалаважная акалічнасць, асабліва актуальная для індывідуальных прысядзібных участкаў, – уласны прыклад. Паглядзіце на дом і двор Валянціны Маслоўскай з Падбарочча. Тут заўсёдная чысціня, парадак, відаць, што гаспадыня акуратная і дбайная. Такой жа гаспадарлівасці стараста вёсак Падбарочча, Нівішча, Залужжа, Набярэжнай патрабуе і ад вяскоўцаў.
– Добразычлівая, актыўная, уважлівая, у яе заўжды шмат ідэй. Яна выдатная стараста! Прычым заўжды робіць грамадскія справы асэнсавана, умее знайсці падыход да кожнага чалавека. Валянціна Міхайлаўна заслугоўвае толькі ўдзячнасці за добрасумленнае выкананне грамадскіх абавязкаў. Калі б усе старасты былі такімі неабыякавымі,
было б выдатна. Ганарымся, што Валянціна Маслоўская ўдастоена гонару звацца адной з лепшых старастаў у раёне, у яе другое месца, – адзначае старшыня Ганчароўскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Плескацэвіч.
Добрых спраў, ініцыяваных Валянцінай Маслоўскай, нямала.
– Напрыканцы мінулага года была на прыёме ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Мікалая Мароза па пытанні асфальтавання дарогі. Мікалай Мікалаевіч уважліва выслухаў і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. І колькі ж адчула радасці, калі прачытала ў раёнцы, што на сёлета запланавана асфальтаванне дарогі ад Задвор’я да Набярэжнай. А з дапамогай дэпутата Парламента Людмілы Жалнерчык, на прамую лінію да якой я тэлефанавала па даручэнні землякоў, дарожнікі ўладкавалі навес і адрамантавалі аўтобусны прыпынак
у Падбароччы. Вырашаецца яшчэ адна надзённая праблема – камунгас пачаў будаўніцтва агароджы на могілках у Падбароччы, – гаворыць Валянціна Маслоўская.
У тройцы прызёраў і яшчэ адна стараста – дэпутат Крывошынскага сельскага Савета дэпутатаў Валянціна Дыдышка. Зона яе адказнасці – вёска Заліпенне. Гэта немалы населены пункт, тут 77 домаўладанняў і 137 пастаянных жыхароў. Асаблівы клопат, у тым ліку і з боку Валянціны Дыдышка, пра 50 адзінокапражываючых і траіх адзінокіх грамадзян, бо ім найбольш патрабуецца ўвага.
– Шмат робім у плане добраўпарадкавання ўчасткаў, дзе знаходзяцца пустуючыя дамы. Звязваемся з уладальнікамі дамоў – некаторыя пабудовы зносяцца, іншыя прыводзім у належны стан, чысцім тэрыторыі і г. д. Летам наша вёска ажывае – прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі. Вырашылі на месцы былога сельскага клуба і магазіна ўладкаваць дзіцячую пляцоўку, адпачынак на свежым паветры куды лепш,
чым сядзець за камп’ютарам ці ў тэлефоне. На парадку дня і стан вуліцы Цэнтральнай, – адзначае Валянціна Дыдышка.
Сярод сельскіх Саветаў лепшым прызнаны Конькаўскі.
– У гэтым заслуга ўсіх вяскоўцаў. Адзначу, што землякі
займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, многія з гатоўнасцю адклікаюцца на грамадска карысныя справы, у тым ліку па добраўпарадкаванні. Мы працуем не толькі над тым, каб знесці пустуючыя дамы, але стараемся даць ім другое жыццё. З 2018 года знесена 15 старых дамоў і прададзена дзесяць, прычым тры – з аўкцыёнаў. На продажы зарабілі больш за 26 тысяч рублёў. Дарэчы, вызваленыя ўчасткі таксама прадаём, што прынесла дадаткова каля 249 тысяч рублёў. Асноўныя памочнікі сельвыканкама ў любых добрых пачынаннях – старасты. Тон у рабоце задае стараста Федзюкоў, Галавачоў, Дрэкаў, Зарэчча Вольга Морская, – зазначае старшыня Конькаўскага сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч.

Галіна КАНЬКО.