Азбука сямейнай згоды. СШ № 1 узнагароджана дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама

У шматпрофільным цэнтры Брэсцкага аблвыканкама ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу сацыяльных праектаў, прымеркаванага да стагоддзя ўтварэння пракуратуры Брэсцкай вобласці. Сярод лепшых гучалі і ўстановы адукацыі Ляхавіччыны, і прозвішчы нашых землякоў.

Дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама ўзнагароджана СШ №1. Аўтар работы – педагог сацыяльны Вікторыя Біза ў супрацоўніцтве з педагогам-псіхолагам Інай Варатынец распрацавала праект «Азбука сямейнага дабрабыту», які стаў лепшым у намінацыі «прафілактыка сямейнай неўладкаванасці».
У намінацыі «прафі-лактыка шкодных звычак і прапаганда здаровага ладу жыцця сярод непаўналетніх» дыпломам  II ступені адзначаны калектывы сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Дараўскага ВПК.
Важкасць пераможных месцаў падкрэсліваецца колькасцю канкурсантаў – 94 работы з усіх рэгіёнаў вобласці.
Чым адметны праект-пераможца СШ № 1? Яго мэта – стварэнне ўмоў, якія садзейнічаюць прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці, сацыяльнага сіроцтва, умацаванне сувязі сям’і і школы.
Стартаваў праект у СШ № 1 напачатку навучальнага 2021/2022 года, план яго рэалізацыі ўключаў шэраг этапаў, кожны з якіх быў напоўнены шматлікімі мерапрыемствамі. Сярод іх дзейнасць «Бацькоўскага ўніверсітэта», фотавыставы дзіцячай творчасці, сямейны конкурс «Малюнкі на асфальце», акцыі «Добрае сэрца», «Пісьмо бацькам», «Цёплы дзень» і г. д., квэст-гульні, а таксама спартыўныя святы і круглыя сталы, сустрэчы з прадстаўнікамі розных службаў, групавыя заняткі «Сямейная майстэрня» і г. д. І ўсё ў цесным узаемадзеянні з бацькамі. Асаблівы інтарэс у дзяцей і іх бацькоў выклікаў фотаконкурс, дзе канкурсанты дзяліліся кадрамі сваіх сямейных талісманаў. У кагосьці гэта была шкатулка, кніга, цацка, а ў кагосьці – сабака.


– На жаль, колькасць неўладкаваных сем’яў у школе не змяншаецца. Вызна-чальным у праекце выступіў сямейна-арыентаваны падыход, які заключаецца ў аказанні дапамогі не толькі дзіцяці, але ўсёй сям’і, у актывізацыі магчымасцяў і рэсурсаў сям’і. Тое, што праект атрымаўся, – заслуга нашых настаўнікаў, якія заўсёды з інтарэсам уключаюцца ў справу, – падкрэслівае Вікторыя Біза.
Яна з тых педагогаў, якія ўмеюць знайсці падыход да дзіцяці, дапамагчы яму ў бязвыхаднай, здаецца, сітуацыі і даць дзейсную параду бацькам па выхаванні сына ці дачкі. І важнай ацэнкай дзейнасці з’яўляецца тое, што навучэнцы давяраюць сацыяльнаму педагогу, і яе меркаванне для іх аўтарытэтнае.
– Ад эфектыўнасці ўзае-мадзеяння школы і сям’і залежыць поспех вучэбна-выхаваўчага працэсу. У многім гэту выніковасць забяспечвае дзейнасць сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы школы, дзверы кабінета якой заўсёды адчынены для бацькоў і дзяцей, – адзначае дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.