Рэха вайны і сёння болем гучыць

Птушыныя спевы пад акампанемент шапацення дрэў прыгожа дапаўняюць пейзаж. Гэта мірны чэрвень 2022 года. 78 гадоў мінула з таго часу, як тут адгрымелі апошнія баі Вялікай Айчыннай вайны, але і сёння, праз дзесяцігоддзі, адкрываюцца ўсё новыя трагічныя гісторыі, звязаныя з той вайной. Пра адну з іх нагадвае нядаўна выяўленая і раскапаная магіла на ўскрайку лесу паміж Куршынавічамі і Новымі Будамі. А ў некалькіх метрах ад яе на белай тканіне жудасныя знаходкі – касцявыя астанкі, знойдзеныя падчас расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь па яшчэ адным факце генацыду да беларускага народа. Па папярэдніх звестках тут падчас вайны былі расстраляны мірныя жыхары.

У выніку пошукавых работ, расследавання адкрываецца ўсё больш раней невядомых фактаў і архіўных дакументаў пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Генацыд – гэта і спаленыя вёскі, і расстрэльныя рвы, тысячы закатаваных і забітых людзей – старых, жанчын, дзяцей. Генацыд – гэта канцэнтрацыйныя лагеры і яўрэйскія гета, карныя аперацыі гітлераўцаў і адпраўка беларусаў у якасці рабоў для прымусовых работ у фашысцкую Германію, камеры здзекаў і масавыя расстрэлы, пагромы і аблавы. Так званы «новы парадак», устаноўлены на акупіраванай беларускай тэрыторыі фашыстамі, – нішто іншае, як мэтанакіраваны план генацыду, ліквідацыі савецкага строю і духоўных каштоўнасцей, рабаванне прыродных рэсурсаў. У аснове ідэалогіі акупантаў ляжалі чалавеканенавісная тэорыя пра «расавую перавагу» нямецкай нацыі над іншымі, «гістарычная неабходнасць» пашырэння тэрыторый для жыцця сапраўдных арыйцаў і іх неад’емнае права на сусветнае ўладаранне. Трагедыя Хатыні – усяго адзін з тысячы фактаў, сведчанне палітыкі генацыду супраць нашага народа, якую нацысты ажыццяўлялі на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі з лета 1941 па лета 1944 года.
– 2022-і ў Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Пачынаючы з 2021 года, Генеральная пракуратура рэспублікі расследуе крымінальную справу, накіраваную на ўстанаўленне фактаў генацыду і вызначэнне канкрэтных асоб – непасрэдна фашысцкіх захопнікаў, іх прыслужнікаў, якім удалося пазбегнуць адказнасці за свае злачынствы супраць чалавецтва. Сёння гэта неабходна для таго, каб спыніць любыя спробы перапісаць гістарычную праўду і памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Расследаванне крымінальнай справы пра генацыд – наш інструмент супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму, які зараз падымае галаву, – адзначае пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко.
Вялікая Айчынная прынесла нямала гора і на Ляхавіччыну. Па даручэнні пракурора раёна ў кожным сельсавеце была праведзена вялікая даследча-пошукавая работа, падчас якой апытваліся жыхары раёна пра факты масавых забойстваў фашыстамі мірных жыхароў. І праз кароткі час знайшліся першыя ўспаміны і першыя сумныя гісторыі.
У кожнай – трагізм, гора, боль. Адну з іх расказалі пажылыя сёстры, жыхаркі раёна. Гісторыю яны пачулі ад сваёй маці, якая кожны раз, успамінаючы пра тыя далёкія падзеі, моцна плакала. Яшчэ ў першы год фашысцкай акупацыі ў лес недалёка ад Будаў фашысты прыгналі каля дзесяці дарослых і дзяцей і расстралялі. На жаль, пакуль невядома, адкуль гэтыя фашысцкія ахвяры, за што іх расстралялі, як невядома і іх дакладная колькасць. Па словах Сяргея Дзяжко, зараз праводзіцца праверка інфармацыі, вядуцца следчыя мерапрыемствы, у тым ліку з удзелам супрацоўнікаў Ляхавіцкага раённага аддзела Следчага камітэта.
– Наколькі вядома з расказаў мясцовых людзей, у тутэйшых лясах расстрэльвалі не толькі жыхароў бліжэйшых вёсак нашага раёна, але і Ганцавіцкага раёна. Адно можам сцвярджаць ужо сёння: загінулыя – мірныя жыхары. Магчыма, знойдуцца тыя, хто валодае іншай інфармацыяй пра гэту, адну з мноства сумных гісторый Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
У першы дзень раскопак (пачаліся яны на мінулым тыдні) байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Беларусі наткнуліся на месца, дзе закапаны ахвяры фашызму. Сантыметр за сантыметрам быў адпрацаваны кожны ўчастак, а потым ашчадна, беражліва, каб не пашкодзіць яшчэ больш, кожны «аб’ект» падымаўся на паверхню, ачышчаўся, каб можна было дакладна правесці не толькі агляд, але і экспертныя мерапрыемствы.
– Падчас раскопак знойдзены касцявыя астанкі не толькі дарослых, але і дзяцей, асабістыя прадметы забітых, а таксама гільзы ад боепрыпасаў, якія гітлераўцы выкарыстоўвалі для расстрэлу мірных жыхароў. Па ўсіх атрыманых рэчах будуць прызначаны экспертызы. Пракуратурай раёна прадаўжаецца мэтанакіраваная работа па пошуку ў Ляхавіцкім раёне раней невядомых месцаў расстрэлу мірных жыхароў у гады вайны, правяраецца разнастайная інфармацыя пра няўлічаныя пахаванні, – расказвае пракурор раёна Сяргей Дзяжко.
На гэтую карціну немагчыма спакойна глядзець. Кідаецца ў вочы невялікі дзіцячы гумавы мячык. Значыць, сярод забітых – дзеці. Страшна нават падумаць, што адчувалі маленькі хлопчык ці дзяўчынка, якія, прыціскаючы да сябе цацку, ішлі ў свой апошні шлях. Або як разрывалася сэрца маці (а тое, што сярод расстраляных былі жанчыны, пацвярджаюць выкапаныя жаночыя прылады – грэбні, а таксама фрагменты адзення, абутку), якая разумела: яна больш ніколі не абдыме сваё дзіця, а іх жыцці спыняцца ў адзін дзень.
– Касцявыя астанкі і іншыя рэчы мы знайшлі з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў і металашукальнікаў на адлегласці некалькіх метраў ад указанага месца, – гаворыць намеснік камандзіра ўзвода пошукавай роты 52-га  спецыялізаванага пошукавага батальёна Сяргей Каргановіч. Ён адзначае, што ў першыя месяцы службы было надзвычай цяжка ў маральным плане, але потым прыйшло разуменне таго, што робіш патрэбную справу – вяртаеш людзей з нябыту.
Уважліва, прафесійна, не пакідаючы без увагі ні адну акалічнасць, бо кожная нават самая нязначная дробязь можа аказацца надзвычай важнай, аглядае знойдзенае, раскладвае, сартуе, каб потым скласці ў адзінае і накіраваць на далейшае даследаванне, якое дасць канчатковы адказ – так працуе начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз Баранавіцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Махнач.
– Па папярэдніх даных тут знаходзяцца астанкі не менш як сямі чалавек, з якіх не менш як двое дзяцей. Больш падрабязны адказ пра ўзрост забітых, іх палавую прыналежнасць, час, калі яны былі забіты, можна атрымаць пасля таго, як будзе праведзена экспертыза, –
тлумачыць судмедэксперт.
Усе пошукавыя, а потым і экспертныя работы прадаўжаюцца. Будзе адпрацоўвацца і іншая інфармацыя пра пахаванні забітых у гады вайны.
Усё менш сярод нас жывых сведкаў вайны, таму важна ведаць і расказваць праўду, заснаваную на дакументах, фактах, успамінах.
Што можам зрабіць мы, сённяшнія пакаленні, каб захаваць праўду пра Вялікую Айчынную. Адказ можна змясціць у адным кароткім слове: помніць. Помніць пра тых, хто не вярнуўся з той вайны, не дажыў да слаўнага дня Вялікай Перамогі ў маі  1945 года. Помніць пра слёзы маці, на вачах у якой фашысты забілі маленькіх дзетак, помніць пра спаленых жывымі старых і малых. Помніць пра здзекі і голад, разбураныя гарады і вёскі. Помніць, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.