Зялёнае святло для аўто. Што патрабуецца для атрымання допуску да ўдзелу ў дарожным руху?

Клецк, Нясвіж, Баранавічы, Ляхавічы – населеныя пункты, з якіх аўтаўладальнікі прыязджаюць на дыягнастычную станцыю № 241 для атрымання допуску да ўдзелу ў дарожным руху. Размешчана яна па вуліцы Працоўнай у нашым райцэнтры.

За май тут праведзена 291 кантрольна-дыягнастычная работа (зроблена дыягностыка светлавых прыбораў транспартных сродкаў, праверана працаздольнасць тармазной сістэмы ручніка і г. д.), выдадзена 266 дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, правераны тэхнічны стан 22 транспартных сродкаў для пацвярджэння адпаведнасці тэхнічным нормам ЕКМТ і выдадзена 22 сертыфікаты тэхнічнага кантролю, а таксама 24 міжнародныя сертыфікаты тэхнічнага агляду (МСТА).
На дыягнастычнай станцыі са студзеня па май праведзена 1842 кантрольна-дыягнастычныя работы і выдадзена 1724 дазволы на допуск да ўдзелу ў дарожным руху і 98 МСТА, тры пасведчанні на перавозку небяспечных грузаў, 132 сертыфікаты тэхнічнага кантролю, зроблена 44 праверкі тэхнічнага стану аўто для пацвярджэння адпаведнасці тэхнічным нормам ЕКМТ.
Усе гэтыя паслугі для кліентаў, якія займаюцца міжнароднымі грузаперавозкамі, сталі магчымы з моманту акрэдытацыі станцыі ў якасці інспекцыйнага органа ў нацыянальнай сістэме.
На што аўтаўладальнікам неабходна звярнуць увагу перад праходжаннем тэхагляду? Па-першае, на спраўнасць тармазной сістэмы, элементаў падвескі і рулявога прывода, працаздольнасці знешніх светлавых прыбораў. Трэба праверыць таксама работу гукавога сігналу і шклоачышчальніка. Прычынай неатрымання дазволу на ўдзел у дарожным руху могуць стаць лямпачка ці засцерагальнік, якія перагарэлі.
Дарэчы, для аплаты паслуг банкаўскімі карткамі на дыягнастычнай станцыі маецца плацежны тэрмінал.
Юрый ЦІТКО, начальнік дыягнастычнай станцыі № 241
УП «Белтэхагляд».