Моладзі месца ў парламенце. У Ляхавіцкім раёне прыступіў да работы Маладзёжны парламент новага склікання пры раённым Савеце дэпутатаў

У Ляхавіцкім раёне прыступіў да работы Маладзёжны парламент новага склікання пры раённым Савеце дэпутатаў. У МП шмат планаў і задумак!

Ініцыятыўныя і актыўныя, патрыёты і вынаходнікі, цікаўныя і творчыя, апантаныя ідэямі і неабыякавыя, мэтанакіраваныя, спартыўныя і культурныя – гэта яны, юнакі і дзяўчаты суверэннай Беларусі. Такая моладзь жыве, працуе, вучыцца і на Ляхавіччыне. Ёй пакараюцца самыя высокія вяршыні, па сілах любыя дасягненні, на яе спадзяюцца, ёй давяраюць. А самыя-самыя задаюць тон і ў грамадскім жыцці рэгіёна.

Па-маладзёжнаму актыўна было ў мінулы аўторак у вялікай зале райвыканкама. На сваю першую сесію сабраліся члены Маладзёжнага парламента новага склікання пры раённым Савеце дэпутатаў.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч цёпла вітаў сваіх маладых калег і нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з моладдзю, неаднаразова адзначаў, што час выбраў іх, юнакоў і дзяўчат, і што ў іх руках – будучыня краіны.
– У добры стваральны шлях! Мы верым у вас, упэўнены, што не падведзяце. Зробіце ўсё магчымае, каб наш раён, вобласць, краіна развіваліся і квітнелі, – такі наказ маладым парламентарыям прагучаў ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалая Мароза.
Кіраўнік раёна параіў юнакам і дзяўчатам улічыць памылкі і недапрацоўкі членаў парламента першага склікання і, самае галоўнае, не дапускаць фармалізму ў рабоце, пажадаў быць актыўнымі, праяўляць ініцыятыву, не баяцца памыляцца і не стамляцца вучыцца. Мікалай Мароз падкрэсліў: незалежна ад таго, аграрная сфера ці эканоміка, прадпрымальніцтва ці вытворчасць, адукацыя ці ахова здароўя, культура ці спорт, паўсюдна патрабуюцца маладыя кадры з іх новымі ведамі і талентамі, прапановамі і сучасным бачаннем справы. І ўлада надзвычай зацікаўлена, каб мясцовая моладзь пасля атрымання адукацыі – сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай – вярталася на Ляхавіччыну і заставалася тут жыць і працаваць. Бо менавіта з маладымі звязаны заўтрашні дзень нашага раёна. А яшчэ нагадаў, Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе аднолькава клапоцяцца і пра пажылых грамадзян, якія будавалі суверэнную краіну, і пра моладзь, за якой заўтра рэспублікі.
Пад апладысменты прысутных старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч уручыў мандаты членам Маладзёжнага парламента і для кожнага знайшоў словы падтрымкі і наказу. Моладзь у адказ запэўніла, што прыкладзе ўсе намаганні, каб быць актыўнай і прынесці нямала карысці роднаму краю. Менавіта так адбылося першае афіцыйнае знаёмства юнакоў і дзяўчат. У склад парламента на конкурснай аснове (абавязковая ўмова – юнак ці дзяўчына павінны вучыцца або працаваць на Ляхавіччыне) абраны 12 прад-стаўнікоў рабочай моладзі ад прадпрыемстваў і арганізацый раёна, 11 – ад навучэнцаў школ, чатыры – ад аграрнага каледжа.
Аднагалосна старшынёй раён-нага Маладзёжнага парламента абрана Алена Сцяблова, якая працуе аграномам-насенняводам ААТ «Нача».
Таксама абраны прэзідыум у складзе галоўнага інжынера
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Антона Маслоўскага, галоўнага рэдактара раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» Маргарыты Кухта-Маслоўскай, інспектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзіяны Бурак (дарэчы, яна кандыдат ад Ляхавіцкага раёна ў Маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь), навучэнца Ляхавіцкага аграрнага каледжа Паўла Мацюшэнкі, гімназіста Паўла Завадскага.
На першай сесіі маладыя парламентарыі зацвердзілі план работы, у аснове якога – пытанні занятасці юнакоў і дзяўчат, арга-нізацыя іх вольнага часу.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Алена СЦЯБЛОВА, старшыня Маладзёжнага парламента:
– Удзячна за аказаны давер. Буду старацца яго апраўдаць, разумею, якая гэта адказнасць. Абяцаю прыкласці ўсе намаганні, каб жыццё моладзі Ляхавіч-чыны стала больш цікавым, насычаным на розныя падзеі, мерапрыемствы. Каб як мага больш юнакоў і дзяўчат удзельнічала ў грамадскім і культурным жыцці малой радзімы, каб не было часу сумаваць.
Створым групу ў сацыяльных сетках ці «Тэлеграм»-канале, каб абменьвацца думкамі. Па магчымасці будзем дапамагаць у вырашэнні жыллёвых пытанняў, працаўладкавання. Спадзяёмся на цеснае ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі раённай улады ў вырашэнні надзённых маладзёжных пытанняў.
Я працую ў сельскай гаспадарцы, і мне асабліва блізкая тэма, каб маладыя кадры пасля адпрацоўкі заставаліся і далей працаваць у аграрнай сферы. Лічу, што і сельская, і гарадская моладзь павінна не толькі спадзявацца, што нехта прыйдзе і арганізуе цікавыя мерапрыемствы. Трэба самім клапа-ціцца пра ўласны адпачынак – гэта ў нашых сілах і нашых магчымасцях.

Антон МАСЛОЎСКІ, член прэзідыума Маладзёжнага парламента:
– Як гаворыцца, на сваіх памылках вучацца. Я ўваходзіў у склад пар-ламента мінулага склікання.
І поўнасцю згодны са старшынёй райвыканкама Мікалаем Марозам, які назваў нашу ранейшую работу фармальнай. Думаю, што новы склад будзе больш натхнёным на карысныя і цікавыя справы, стане больш творчым і актыўным. Для гэтага трэба часцей сустракацца, каб дзяліцца ідэямі і задумкамі. Разам любая справа ладзіцца. Выдатна, што ў адной камандзе і працуючая моладзь, і вучнёўская. Асабіста мяне захапіла прапанова кіраўніка раёна як мага часцей арганізоўваць экскурсіі, паездкі па памятных і гістарычных мясцінах – іх шмат у нашай Беларусі.