Сонца, паветра і вада. Асвод, выратавальнікі і «ЛВ» праводзяць рэйд па зонах адпачынку

І гэта зусім не бяда. Наадварот, прыемнае і ў дазіраваным выглядзе ўпаўне сабе здаровае баўленне вольнай хвіліны. Аднак такім яно з’яўляецца выключна ў выпадках, калі ўсё адбываецца ў рамках правіл. У дазволеным месцы, нарматыўна вызначаны час сутак, цвярозым стане. Любыя паводзіны ў разрэз з гэтай формулай здольны справакаваць бяду.

Лета, а значыць і адкрыццё купальнага сезона ў гэтым годзе здарыліся дастаткова позна. Пара-тройка па-сапраўднаму спякотна-купальных дзён змяняліся прахалодай і нуднымі дажджамі. Ды так, што зусім не да купання. Тым не менш і, на жаль, што называецца, хапіла. Рэспубліканская з пачатку бягучага года статыстыка ахвяр воднай стыхіі ўжо значна перавысіла сотню выпадкаў. На вадаёмах Брэстчыны патанула каля трох дзясяткаў чалавек. Трагічны выпадак параўнальна нядаўна здарыўся і ў нашым раёне: на вадасховішчы Мінічы загінула ляхавічанка.
Але тая ж статыстыка гаворыць і пра зваротнае – пра тое, што ў Брэсцкай вобласці не адзначана выпадкаў гібелі людзей на вадаёмах, купанне ў якіх афіцыйна дазволена, дзе, апроч іншага неабходнага, наладжана работа выратавальнага паста.
Такой інфармацыяй падзяліўся старшыня раённай арганізацыі Асвода Віктар Прыхач падчас сумеснага з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях рэйду па традыцыйных для жыхароў Ляхавіччыны і не толькі месцах купання.
Колькі такіх месцаў, хутчэй за ўсё, ніхто дакладна і не лічыў. Ды і ці магчыма такое ў сітуацыі, калі прывабіць патэнцыяльнага і не асабліва законапаслухмянага купальшчыка можа любы ўчастак Шчары ці Ведзьмы, Мышанкі, а непрыцягальная ўчора «сажалка мясцовага значэння» ў пэўны дзень можа сабраць аншлаг. Дакладна можна гаварыць толькі пра афіцыйныя месцы адпачынку ля вады. Іх у раёне тры, і ўсе яны добра вядомы: размешчаная ў межах горада зона адпачынку на рацэ Ведзьме, кавалачак Шчары бліз аграгарадка Дарава і пляж на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка».
– Першае, чым адрозніваюцца афіцыйна дазволеныя зоны адпачынку ля вады ад так называемых выпадковых, – сваёй максімальнай бяспекай. Дно іх акваторыі дасканала абследавана вадалазамі. У тым ліку на прадмет рэльефу, наяўнасці небяспечных пабочных рэчаў і іншага. Прыбярэжная паласа, пляжна-пясчаная і прылеглая да яе тэрыторыя рэгулярна правяраюцца і прыбіраюцца ад бітага шкла і іншага вострага. За хімічна-біялагічным станам вады сочыць санітарна-эпідэміялагічная служба раёна. У цёплы сезон адбор і даследаванне проб адбываецца, як правіла, раз на тыдзень. Калі высвятляецца, што па нейкім з паказчыкаў мяжа дапушчальнай канцэнтрацыі перавышана, то прымаюцца дзейсныя меры рэа-гавання. Могуць нават прыняць забаронныя меры. І, канешне ж, у дазволеных месцах адпачынку арганізавана работа выратавальнага паста. Гэта абавязковая ўмова. Зараз, у чэрвені – ліпені пост працуе з 10 да 22 гадзін.
З захадам сонца наступае забарона для купання, – працягвае расказ старшыня раённага Асвода.
У дзень рэйдавай паездкі сонца ззяла ва ўсю сваю чэрвеньскую моц, меў месца неістотны ветрык і надзвычай сур’ёзныя амаль
30 градусаў на тэрмометры. Здавалася б, лепшага купальна-пляжнага
надвор’я і не прыдумаеш. Аднак парадокс – ні аднаго купальшчыка на сваім дастаткова працяглым, з ледзь ці не дзясяткам «піт-стопаў» маршруце мы не заўважылі. На беразе сажалкі ў вёсцы Альхоўцы ўладкаваўся адзінокі рыбак-вудзільшчык. На традыцыйным, па некаторай інфармацыі, месцы адпачынку на беразе ракі Шчары, што паблізу вёскі Залужжа, – ні душы. Адзін у адзін аналагічную карціну мелі магчымасць назіраць і на невялічкай сажалцы на ўскрайку Тухавіч. Як і на прыцягальным на выгляд беразе вузкай Мышанкі. Як патлумачылі начальнік РАНС Юрый Буйкевіч, супрацоўнік аддзела Дзмітрый Новік, «асводавец» Віктар Прыхач, у факце адсутнасці людзей на вадаёмах нічога незвычайнага.
«Пашанцавала» толькі ў Востраве, падчас «інспекцыі» размешчанай непадалёку аднайменнай вялікай наліўной сажалкі. Квартэт юнакоў, прыпаркаваўшы як папала свае двухколавыя сродкі мабільнасці, размясціўся ў спецыяльна абсталяваным месцы ля вады. У яе, па словах, не заходзілі і не збіраюцца. Маўляў, памятаем пра забарону купання ў неафіцыйных месцах. Тым не менш, спецыялісты РАНС і Асвода не палічылі за лішняе правесці з кампаніяй «бяспечны» інструктаж. Нагадаўшы, што бліжэйшая афіцыйна дазволеная для купання «вада» знаходзіцца ў «Чайцы». Куды мы пасля і накіраваліся, дзе ўсё наладжана, як патрэбна арганізавана, купанне дазволена і максімальна бяспечна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.