Дзякуючы працы – пашана. Віншаванні з юбілеем прымаў Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук

29 чэрвеня віншаванні з 85-гадовым юбілеем прымаў Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук Генрых Траццяк. Да выхаду на заслужаны адпачынак –
старшыня калгаса імя Ламаносава (пасля рэарганізаваўся і ўвайшоў у склад ААТ «Шлях новы»), а ўжо амаль дзесяцігоддзе – уладальнік былой сядзібы Бохвіцаў у Флер’янове.

Калі вымяраць жыццё зробленымі справамі, пасаджанымі дрэвамі ці колькасцю выгадаваных сыноў, то наш зорны зямляк не проста выканаў сваю праграму на ўсе сто, а перавыканаў. На яго рахунку цэлая дуброва, поспехі і дасягненні ў сельскай гаспадарцы, тры сыны, пяцёра ўнукаў.
Зорнаму юбіляру – шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця.
Будзем раўняцца на такіх працавітых і нераўнадушных землякоў, як Генрых Міхайлавіч, адзначыў кіраўнік раёна Мікалай Мароз і ўручыў за шматгадовую добрасумленную працу, актыўную грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і ветэранскі рух Грамату райвыканкама.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч сардэчна падзякаваў юбіляру за той каштоўны вопыт, які ён перадае маладому пакаленню, за выхаванне патрыятызму і любві да гістарычнай спадчыны.
Ад прэзідыума раённага Савета ветэранаў і сябе асабіста цёплыя словы адрасаваў 85-гадоваму Генрыху Траццяку старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч.
Выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў падкрэсліў, што Генрых Траццяк сваёй стваральнай працай напісаў яркую старонку ў гісторыю развіцця агра-
прамысловага комплексу Брэстчыны і паказаў-даказаў, што на нашай зямлі можна збіраць важкі ўраджай і не пасаваць перад цяжкасцямі. Ад абласнога аграпрамысловага саюза – Падзячнае пісьмо і каштоўныя падарункі.
Са знакавай падзеяй віншаваў земляка старшыня раённага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк.
Віншаванні адрасавалі раённае аб’яднанне прафсаюзаў
і прафсаюз работнікаў АПК, старшыня сельвыканкама Аляксандр
Мацюшэнка і кіраўнік ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура перадала герою дня Ганаровыя граматы рэспубліканскага і Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК і іншыя ўзнагароды. Дарэчы, імя Генрыха Траццяка і яго працоўныя маршруты гучалі на I Рэспубліканскім турыстычным злёце аграрыяў, які прайшоў 21–23 чэрвеня ў Мінскай вобласці і прысвячаўся Году гістарычнай памяці. Па ініцыятыве брэсцкай каманды была закладзена капсула часу «Пасланне турыстам 2042 года», дзе змешчаны біяграфічныя даныя нашага земляка і яго наказ шанаваць і любіць Беларусь, быць сапраўднымі патрыётамі, працаваць на карысць Радзімы і дзеля яе працвітання. З ляхавіцкай зямлі –
з Флер’янова – саджанцы дубкоў прапісаліся ў месцы закладкі капсулы.
Адметны момант – у Год гістарычнай памяці ў Доме Саветаў з’явілася Галерэя Пашаны Героям Сацыялістычнай Працы. Ганаровае месца на ёй занялі партрэты Герояў Сацпрацы Генрыха Траццяка, Віктара Малышкі і Вольгі Мацюшка, якія атрымалі званне ў розныя гады. Сімвалічна, што галерэя размешчана на трэцім паверсе, дзе знаходзяцца кабінеты ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.
…А віншаванні з юбілеем гучалі і прыгожымі песнямі ў выкананні вакальнага ансамбля  «Жытніца» Ураджайнінскага СДК, які ярка аздобіў святочную ўрачыстасць. Прыемным сюрпрызам для гасцей стала цікавая экскурсія па сядзібе. А правяла яе верная спадарожніца юбіляра, яго натхняльніца жонка Ларыса Паўлаўна.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.