Дваццатка шчасця. Для каго ў чэрвені на Ляхавіччыне гучаў Марш Мендэльсона?

У чэрвені ў аддзеле загса райвыканкама выдадзены пасведчанні аб нараджэнні 20 дзяцей: 13 дзяўчынак і сямі хлопчыкаў.
Першынец зарэгістраваны ў сямі сем’ях, другое дзіця – у чатырох. Чатыры сям’і атрымалі статус мнагадзетных. У дзвюх сем’ях нарадзілася чацвёртае дзіця, у адной – шостае. У адной сям’і зарэгістравана сёмае дзіця, яшчэ ў адной – дзясятае, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса Вольга Новік.

Чэрвеньскім здаравячком стаў Мірон, які нарадзіўся вагой 4370 грамаў пры росце 54 сантыметры. Дзюймоўкамі месяца прызнаны двайняты Ксенія і Паліна. Рост абедзвюх  47 сантыметраў, а вага, адпаведна, 2350
і 2475 грамаў.
Сярод імёнаў дзяўчынак у першым месяцы лета назіраецца разнастайнасць: Алія, Ева, Вікторыя, Яўгенія, Стэфанія, Сафія, Эмілія і іншыя. Хлопчыкаў назвалі Арцёмам, Багданам, Давідам, Міхаілам, Даніілам і Міронам.
Сярэдні ўзрост бацькі – 32 гады, маці – 29. Сталі бацькамі нашы землякі і ў 40-гадовым узросце, а маці ва ўзросце – 44 гады. Самаму малодому чэрвеньскаму бацьку 26 гадоў, маме 18.
Марш Мендэльсона гучаў для пяці пар маладых. Сярэдні ўзрост жаніха – 39 гадоў, нявесце 35. Сталі мужам і жонкай 65 і 62-гадовыя землякі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.