Ёсць усе перадумовы, каб стаць узорным. Пра што гаварылі на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама?

Альхоўскі сельвыканкам праводзіць пэўны комплекс работ па навядзенні парадку, але, разам з тым, ёсць і праблемныя моманты. На гэтым акцэнтавалі ўвагу прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, землеўпарадкавальнай службы падчас разгляду на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама пытання «Аб навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі Альхоўскага сельсавета».

Супрацоўнікі райЦГіЭ з пачатку года правялі два маніторынгі санітарнага стану тутэйшых тэрыторый. Сярод заўваг і недапрацовак – навядзенне парадку на вясковых могілках: несвоечасова выкашваецца пустазелле і высякаецца кустоўе, кантэйнеры для збору смецця рэгулярна перапоўнены, частка адходаў складзіруецца каля пляцовак. Такога кшталту парушэнні выяўлены на могілках у Петухоўшчыне, Альхоўцах, Вадзяціне, Гасцілавічах, яны ўжо ўхілены КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Маруднымі тэмпамі вырашаюцца пытанні санітарнага ўтрымання тэрыторый шматкватэрнай жылой забудовы (знаходзяцца на балансе камунгаса) ў Альхоўцах, Малым Гарадзішчы, Вялікім Гарадзішчы. Ёсць у санітарнай службы прэтэнзіі і да СУП «Белазем’е», ДРБУ-200.
У прыватнасці, зараслі пустазеллем жывёлагадоўчыя фермы, прыпыначныя пункты ў Вадзяціне, Гукова, кацельня ў Малым Гарадзішчы. Рэгіструюцца факты парушэнняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя. Напрыклад, «Белазем’е» і фермерская гаспадарка «Фартуна» маюць праблемы ў абыходжанні з адходамі. Тычыцца гэта несанкцыянаванага размяшчэння будаўнічых адходаў, абыходжання з металаломам, неарганізаванага збору і захоўвання поліэтылену і іншага. Не прыняты своечасовыя меры па выдаленні залатарніка канадскага, які расце на невы-карыстоўваемых участках садаводчых таварыстваў «Віраж», «Сасна», «Надзея». У неналежным стане знаходзілася кантэйнерная пляцоўка для збору адходаў каля магазіна райпо ў Задвор’і, сметнікі ўзвышаюцца за прыватнымі падвор’ямі па вуліцы Цэнтральнай у Альхоўцах, а таксама ў вёсцы Гасцілавічы.
У залік Альхоўскаму сельвыканкаму можна паставіць работу па зносу пустуючых дамоў – за першае паўгоддзе тут такіх восем. Разам з тым маюць месца выпадкі, калі прынятыя меры па ўхіленні фактаў нерацыянальнага выкарыстання земляў з’яўляюцца недастатковымі. У прыватнасці, у Вадзяціне, Пад’язаўле зямельныя ўчасткі агульнай плошчай 1,75 гектара пасля зносу пустуючых дамоў так і не ўключаны СУТ «Белазем’е» ў севазварот. Дарэчы, гэта прадпрыемства
не ў поўнай меры выкарыстоўвае такога кшталту землі і ў Петухоўшчыне, Гасцілавічах.
Старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак расказаў пра праводзімую на тэрыторыі сельсавета работу па навядзенні і падтрыманні парадку, пра ўзаемадзеянне з рознымі арганізацыямі, якія знаходзяцца на падведамаснай тэрыторыі, а таксама пра работу з насельніцтвам у гэтым накірунку.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз нагадаў пра што-
дзённую работу па навядзенні выключнага парадку каля малочнатаварных фермаў. Кіраўнік раёна выказаў меркаванне, што больш вынікова будзе розным службам – санітарнай, прыродаахоўнай, землеўпарадкавальнай – выязджаць на маніторынгі сумесна з кіраўнікамі правяраемых арганізацый, каб яны непасрэдна на месцы бачылі праблемы і прапаноўвалі шляхі для іх вырашэння. Таксама гаварылася, што варта ад папярэджванняў пераходзіць да прымянення адміністрацыйных мер уздзеяння да тых, хто не жадае наводзіць парадак на замацаваных участках.
Не першы год востра стаіць пытанне самавольна «раскватараваных» міні-агародаў у цэнтры Задвор’я каля льнозавода.
У рэшце рэшт, па словах Вячаслава Кулака, праблема паціху вырашаецца: з восені агароды будуць перанесены ў іншае месца.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч звярнуў увагу на тое, што неабходна часцей абкошваць траву на тэрыторыях агульнага карыс-
тання, у цэнтры ўвагі – барацьба з залатарнікам канадскім, увя-
дзенне ў севазварот земляў пасля зносу пустуючых і старых дамоў.
Мікалай Мароз падкрэсліў, што ёсць усе ўмовы, каб у плане добраўпарадкавання Альхоўскі сельсавет быў прыкладам для пераймання.Тым больш, што на яго тэрыторыі нямала паспяховых арганізацый рознай формы ўласнасці, якія не толькі падтрымліваюць парадак у зоне сваёй адказнасці, але і, па магчымасці далучаюцца да навядзення парадку на агульных тэрыторыях. Трэба толькі кіраўніцтву сельвыканкама сумесна з іншымі службовымі асобамі не быць староннімі назіральнікамі, па-гаспадарску і аб’ектыўна ставіцца да вырашэння пытанняў навядзення парадку на падведамаснай тэрыторыі.
Па-ранейшаму на кантролі раённай улады і ход падрыхтоўкі да сёлетніх раённых «Дажынак», якія ў сярэдзіне жніўня пройдуць у аграгарадку Навасёлкі. Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама
Аляксандр Мацюшэнка адзначыў, што ў асноўным работы вядуцца адпаведна запланаванага. Адно з асноўных пытанняў на даны момант – рамонт фасада Навасёлкаўскага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Старшыня райвыканкама запатрабаваў нарасціць аб’ёмы і хуткасць работ, не адкладваць на потым тое, што можна зрабіць цяпер.

Галіна КАНЬКО.